Вострыкава расстралялі, лёс яшчэ аднаго асуджанага на смерць невядомы

Стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава.

Аднак практыка сведчыць, што вельмі рэдка смяротнікаў, у якіх не засталося магчымасцяў абскардзіць прысуд ці атрымаць памілаванне ад прэзідэнта, расстрэльваюць па адным.

Паводле інфармацыі сайта spring96.org, жанчына атрымала адпаведнае паведамленне з Гомельскага абласнога суда.

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда мяркуе, што Вострыкава маглі расстраляць ў перыяд паміж 13 і 29 красавіка, бо апошні ліст з СІЗА №1 Мінска, дзе ён утрымліваўся, датаваны менавіта 13 красавіка, абласны ж суд атрымаў паведамленне аб прывядзенні прыгавора ў выкананне 29 красавіка. Акрамя таго, маці дазволілі ўбачыцца з асуджаным у СІЗА 5 красавіка — гэта была іх апошняя сустрэча.

34-гадовы Сяргей Вострыкаў быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання ў маі 2016 года па абвінавачванні ў жорсткім забойстве дзвюх жанчын, згвалтаванні і выкраданні. У кастрычніку 2016 года Вярхоўны суд пакінуў смяротны прыгавор без змянення. Справа слухалася ў закрытым рэжыме.

Не прыводзіць прыгавор у выкананне заклікала беларускія ўлады праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя".

Расстрэл Вострыкава — першы смяротны прыгавор, прыведзены ў выкананне сёлета. Зараз праваабаронцы спрабуюць высветліць лёс яшчэ аднаго асуджанага да смяротнага пакарання — 39-гадовага жыхара Мазыра Кірыла Казачка, які быў прызнаны вінаватым у забойстве дваіх уласных дзяцей. Казачок адмовіўся ад абскарджання прыгавора ў Вярхоўным судзе, напісаўшы адпаведную заяву, у сувязі з чым справа была знятая з апеляцыйнага разгляду.

Праваабаронцы спрабуюць удакладніць інфармацыю пра лёс Кірылы Казачка, які адмовіўся ад абскарджання прысуду ў Вярхоўным судзе. Існуючая практыка сведчыць аб тым, што вельмі рэдка смяротнікаў, у якіх не засталося магчымасцяў абскардзіць прысуд ці атрымаць памілаванне ад прэзідэнта, расстрэльваюць па адным, адзначае spring96.org.

Яшчэ адзін прыгавораны да пакарання смерцю — 32-гадовы жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя — абскардзіў прыгавор у Вярхоўным судзе. Ён прызнаны вінаватым па артыкуле 139 Крымінальнага кодэкса за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасцю.

Увесці мараторый на смяротнае пакаранне Беларусь неаднаразова заклікалі Еўрасаюз, Савет Еўропы і праваабарончыя арганізацыі.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі пакараныя смерцю больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання за гэты час быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

БелаПАН, spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: