Смяротныя гульні школьнікаў

Наўздагон трагедыі ў Стоўбцах, дзе старшакласнік зарэзаў настаўніцу і вучня, стала вядома яшчэ пра дзве смерці школьнікаў — праз небяспечныя гульні, у якія яны бавяцца. Што гэта за смяротныя гульні і як запабегчы таму, каб ахвяраў не стала болей?


Загады з віртуальнага свету

Пісьменніца і вядомы ў краіне педагог, настаўніца гімназіі ў Смалявічах, Ганна Севярынец у сваім Фэйсбуку паведаміла: «У мяне сёння пяты «бэ» прыйшоў пытацца пра гульню «Момо». А я толькі ўчора прачытала суворы артыкул пра тое, што дарослыя разводзяць паніку і суіцыдаў з-за гэтай гульні ў нас няма. А пазаўчора па нашых настаўніцкіх каналах прайшла інфа (не стану сцвярджаць, што яна не фэйк, але распавядалі людзі пры пасадах), што пяцікласніца ў Мінску выйшла ў вакно менавіта з-за гэтай гульні».

А мой знаёмы распавёў пра тое, што некалькі тыдняў таму павесіўся хлопец з аднаго сталічнага ліцэю, дзе вучыцца ягоная дачка. Але гэта было не самагубства, а няшчасны выпадак у выніку гульні «Сабачы кайф».

«Момо» — гэта адна са шматлікіх гульняў, калі яе ўдзельнікі атрымліваюць ад так званых куратараў тэкставыя пасланні праз месэнджар (у дадзеным выпадку праз What's App) і выконваюць розныя экстрэмальныя заданні з пагрозай псіхіцы і жыццю. Псіхолагі даюць такія рэкамендацыі: разумны кантроль над паводзінамі дзяцей, асабліва ў віртуальным свеце, і своечасовае вырашэнне такіх праблемаў, як дрэнныя адносіны з бацькамі, цкаванне з боку аднакласнікаў, няўменне казаць «не» ціску кагосьці з кампаніі.

Не выключана, што і стаўбцоўскі падлетак-забойца нейкім чынам мог апынуцца такім гульцом. Нездарма ж ён пачысціў перад разнёй усе свае дэвайсы. Следчыя кажуць, што ім удалося аднавіць гэтае змесціва, але пакуль нічога не паведамляюць.

Ахвяры «сабачага кайфу»

«Сабачы кайф» — гэта адна з жаргонных назваў гульні з асфіксіяй (здушэннем) на постсавецкай прасторы, асабліва распаўсюджаная сярод падлеткаў. Папулярнасць тлумачыцца тым, што гэта проста, даступна і бясплатна. Сутнасць — праз наўмыснае перакрыццё кіслароду да мозгу выклікаецца кораткачасовая беспрытомнасць і стан эйфарыі. Аднак атрыманне галюцынацыяў на некалькі імгненняў небяспечнае тым, што наступствамі могуць стаць траўма глуздоў да інваліднасці або смерць.

Гуляюцца ў «Сабачы кайф» звычайна ўдвох: адзін падлетак душыць другога. Адна з задачаў спарынгіста — злавіць таго, хто губляе прытомнасць і падае, і пры патрэбе аказаць яму дапамогу. Варыяцыяў, як гэта адбываецца шмат. Напрыклад, кайфоўшчык сядае на кукішкі і каля 40 секундаў хутка і часта дыхае (як сабака), потым рэзка падымаецца, а ў гэтым момант «памочнік» пачынае сціскаць яго шыю рукамі ці, напрыклад, шалікам да страты прытомнасці.

Смерці здараюцца, калі падлетак гуляе ў самаўдушэнне з дапамогай вяроўкі, таго самага шаліка ці шворкі ў адзіноце. Так можна папросту павесіцца. У выніку часта такія выпадкі і трактуюцца як суіцыд, хоць пра ахвяраў усе распавядаюць як пра жыццярадасных асобаў.

Парада бацькам простая: пільнаваць, што дзеці скардзяцца на моцны галаўны боль і дэзарыентацыю, абмяркоўваюць такую гульню, заўважаць сляды на шыях, шалікі і рамяні, прывязаныя да ручак дзвярэй, мэблі, батарэяў, з’яўленне сабачых павадкоў, калі сабаку не трымаеце.

У прынцыпе, на сайтах амаль усіх школаў ёсць раздзелы з парадамі педагогаў, псіхолагаў і праваахоўнікаў наконт падобных гульняў. Калі вы ўжо ўсё адно сёрфіце штодня ў інтэрнэце, то не палянуйцеся пачытаць.

Што ж датычыцца Міністэрства адукацыі, то яму нарэшце варта наладзіць як след працу школьных педагогаў-псіхолагаў: каб яна не абмяжоўвалася правядзененм зрэдчасу агульных анкетаванняў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!