Снег у камеры, лёсаванне за месца на нарах, прусакі

У якіх умовах беларусы адбываюць адміністрацыйныя арышты, што называюць «суткамі», за ўдзел у пратэстах? DW сабрала некалькі гісторый тых, хто выйшаў на волю.

Холад у камерах, жахлівая ежа, туалетная папера на вагу золата, адсутнасць душа — так апісваюць умовы ўтрымання ў ізалятарах беларусы, якія атрымалі адміністрацыйны арышт, так званыя «суткі», за ўдзел у пратэстах. DW сабрала некалькі гісторый.

 

Сяргей Гунь: «Кідалі жэрабя, хто будзе спаць на нарах»

Мінчук Сяргей Гунь распавядае, што чатыры дні правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушэнняў у завулку Акрэсціна ў Мінску (ЦІП) без вады і ежы — у знак пратэсту супраць несправядлівых абвінавачанняў.

Сяргея затрымалі 4 лютага каля дома нібыта за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі. Чаму яго высочвалі сілавікі, Гунь не ведае, але думае, што гэта асабістая помста аднаго з супрацоўнікаў МУС.

На наступны дзень суд адправіў яго справу на дапрацоўку, а самога мужчыну, паводле яго слоў, пакінулі ў ізалятары. У знак пратэсту ён пачаў сухую галадоўку: «Я разумеў, што трэба нешта рабіць. Сумненняў у тым, што пайду да канца, у мяне не было. Я шмат разоў прасіў паперу і асадку, каб напісаць заяву аб тым, што пачаў галадоўку, але мне іх так і не прынеслі». Паводле слоў мужчыны, яму не раз пагражалі, што стануць карміць сілком.

На трэція суткі яго стан значна пагоршыўся, было цяжка размаўляць. Мужчыну агледзела турэмны лекар: падняўся ціск, паказчык цукру ў крыві быў значна ніжэйшы за норму. Пры гэтым апошнюю ноч на Акрэсціна Сяргей Гунь, паводле яго слоў, спаў на падлозе — у камеры на 5 месцаў было 10 чалавек.  Вырашалі, хто будзе спаць на нарах, лёсаваннем — кідалі жэрабя.

Пасля 72-х гадзін з моманту затрымання мужчыну не адпусцілі, а дадалі яшчэ два абвінавачанні: за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і распіццё алкаголю. Па першым прысудзілі штраф у 30 базавых велічынь, а што з другім — Гунь не ведае. Паводле пратаколаў, складзеных раней, складу злачынства ў яго дзеяннях не знайшлі. Мужчыну вызвалілі 8 лютага, за чатыры дні сухой галадоўкі ён схуднеў на 5 кілаграмаў і прызнаецца, што дагэтуль адчувае слабасць і хутка стамляецца.

 

Алег: «У камеры было максімум 5–7 градусаў цяпла»

Яшчэ аднаго суразмоўцу DW, Алега (імя змененае), затрымалі ў лістападзе 2020 года, тады яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але па дарозе з Барысава, дзе праходзіў суд, у Мінск, справа згубілася, мужчыну ніхто не выклікаў адбываць тэрмін да лютага: «Выклікалі сведкам па іншым пытанні, там выявілі, што ў мяне ёсць “суткі”, доўга не ведалі, што са мной рабіць, урэшце вырашылі затрымаць. Адправілі спачатку на Акрэсціна, потым у Жодзіна».

Алег распавядае, што трапіў у ЦІП увечары: «Быў цэлы дзень галодны, хлопцы ў камеры далі пагрызці сухога хлеба. На Акрэсціна ў камеры было максімум 5–7 градусаў цяпла, акно не зачынялася, залятаў унутр снег. Я спрабаваў хадзіць, каб хоць неяк сагрэцца».

Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу ўсіх затрыманых з Акрэсціна перавозілі ў Жодзіна — на выпадак масавых затрыманняў у Мінску. Паводле слоў Алега, «у Жодзіне былі матрацы і пасцельная бялізна, ацяпленне». «З намі ў камеры было двое “непалітычных” вязняў, якія там сядзелі шмат разоў, яны сказалі, што цяпер становішча, нібы знаходзяцца ў аблозе: няма перадач, ежы ў два разы менш, чым звычайна», — распавядае мужчына.

Са сродкаў гігіены ў камеры Алега, паводле яго слоў, было два кавалкі мыла, адзін раз мужчыну звадзілі ў душ, а вось зубную шчотку за час свайго арышту ён так і не атрымаў. Адзіная прагулка доўжылася 15 хвілін. Паводле слоў Алега, на медыцынскую дапамогу ў ізалятары таксама разлічваць не варта: «У мужчыны сталага веку ў нашай камеры быў падвышаны ціск, але, калі ты не паміраеш, на агляд лекара спадзявацца не варта».

 

Мілена: «У камеры было выбітае акно, яго прыкрылі дошкамі»

У Мілены — інсуліназалежная форма дыябету. Нягледзячы на гэта, ёй прысудзілі 14 сутак адміністрацыйнага арышту. Дзяўчыну і некалькі яе сябровак затрымалі ўвечары 10 студзеня з бел-чырвона-белым сцягам. «Калі мяне затрымалі, у мяне не было з сабой ні інсуліну, ні глюкометра. Я гэта казала амапаўцам, у РУУС, у судзе, тлумачыла, што ў мяне можа быць кома. Потым, праўда, сябры перадалі лекі — гэта адзінае, што прымалі на Акрэсціна. Медыкаменты не дазваляюць браць унутр камеры, ты пастаянна павінен стукаць у дзверы і прасіць, каб табе далі зрабіць укол», — распавядае дзяўчына.

Таксама Мілена з жахам узгадвае адну з камер у ЦІПе, дзе ёй давялося пабываць: «Там было выбітае акно, яго проста прыкрылі дошкамі, дзяўчаты спрабавалі заткнуць шчыліны коўдрай, але было холадна. Я не змагла заснуць — і ўсю ноч проста прасядзела за сталом, плакала і малілася, думала, што застануся ў гэтай катавальні на ўвесь тэрмін. У камеры была дзяўчына, у якой ад холаду абвастрыўся нейрадэрміт, на руках былі амаль расколіны». На Акрэсціна Мілена змяніла некалькі камер, рэшту тэрміну правяла ў Жодзіне: «У Жодзіне нас асабліва не тузалі, але ў канцы тэрміну сталі ставіцца горш, у тым ліку перасталі вадзіць у душ».

 

Ірына: «З турмы мы прывезлі каранавірус»

Ірына (імя змененае па просьбе суразмоўцы) таксама паспела за час арышту пабываць і на Акрэсціна, і ў Жодзіне. Жанчына і яе муж у ізалятары сустрэлі Новы год і Каляды. «Нас затрымалі падчас суседскага маршу 27 снежня. Гэта была нядзеля, на Акрэсціна, куды адправілі пасля РУУС, нас ніхто не паіў і не карміў. З раніцы ў панядзелак далі тры лыжкі кашы, харчаванне там жудаснае. Не магу сказаць, што ў камеры было вельмі холадна, але дзве ночы я спала, не здымаючы куртку», — распавядае жанчына.

Ірыне і яе мужу далі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту: «На наступны дзень пасля суда сказалі хутка збіраць рэчы. Мы ў паніцы пачалі збірацца, адмотвалі туалетную паперу, таму што там яна на вагу золата. Муж казаў, што ім паперу не давалі некалькі дзён».

Астатні тэрмін жанчына правяла ў Жодзіне, там жа быў і яе муж. «Гарачай вады ў камеры не было, святло не выключаюць ні днём, ні ноччу. Што да ежы, у Жодзіне яе даюць даволі шмат, але есці гэта практычна немагчыма, — апісвае турэмны побыт Ірына. — Каб звадзілі ў душ, ахоўнікаў трэба было прасіць з раніцы да вечара, не выводзілі на шпацыр тыдзень. З турмы мы прывезлі каранавірус, у мужа было двухбаковае запаленне, у мяне запаленне ў больш лёгкай форме. Замкнёная прастора, убогасць, прусакі — ты не толькі ў інфармацыйнай, але і ў эмацыйнай ізаляцыі».

Пераклад НЧ


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: