Сніфінг — новая небяспека для беларускіх дзяцей

У сваім фэйсбуку афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова адзначыла, што падчас следчай практыкі перыядычна сустракаеццца адносна новая з’ява пад назвай «сніфінг». Тлумачым, што гэта такое.
ria-glas.ru

ria-glas.ru

Пад прыгожым англійскім словам хаваецца банальная падлеткавая таксікаманія. Калі раней падлеткі нюхалі клей, то цяпер яго замянілі іншыя, але такія ж даступныя рэчывы. Сніфінгам называюць удыханне аэразолей ці газу ад запальніц.

У Беларусі гэтае «хобі» распаўсюджанае пакуль не надта шырока. У Расіі ж са сніфінгам змагаюцца даўно.

Менавіта сніфінгам ці то займаліся, ці то збіраліся заняцца падлеткі ў Наваполацку. Скончылася ўсё бядой, адзін з іх выпаў з акна і загінуў.

Эфект ад удыхання газу адносна кароткі. Газ выцясняе з мозгу кісларод, чым выклікае кароткі перыяд эйфарыі. Вось толькі шкода здароўю наносіцца сур’ёзная. Прычым сніфінгам могуць займацца і дзеці, якія не п’юць і не кураць, бо выглядае гэта як больш бяспечная забаўка. Дый купіць газ для запальніц значна прасцей, чым цыгарэты ці алкаголь.

Нярэдка вынікам сніфінгу становіцца смерць. У Расіі вядома пра цэлы шэраг трагічных гісторый.

Выратаваць пацярпелых ад сніфінгу цяжэй. Пах газу хутка знікае, і дактары не могуць дыягнаставаць, што дзіця, якое ляжыць без прытомнасці, менавіта надыхалася газам.

Таму бацькі і дактары раяць звяртаць увагу на стан і паводзіны сваіх дзяцей.

Асабліва звярніце ўвагу, калі ў дзіцяці перыядычна заўважныя наступныя прыкметы:

— верхняя частка цела і галава гарачыя (ад прыліву крыві), твар ацякае;
— раздражненне слізістых верхніх дыхальных шляхоў (нос — чырвоны);
— вакол вуснаў, асабліва ў кутках рота, адзначаецца аблямоўка раздражнення скуры;
— ахрыпласць голасу;
— слабасць, млоснасць і ваніты;
— грубае расстройства паводзін: агрэсія, падман.

nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!