Спачатку штраф за сцяг на балконе, потым — ператрус і падазрэнні «ў экстрэмізме»

Кампутары абяцалі вярнуць пасля праверкі «на экстрэмізм», але дагэтуль не вярнулі.  «Зараз пакорпаюцца ў кампутарах і што заўгодна могуць там выкапаць…» — непакоіцца наваполацкі актывіст

У жыхара Наваполацка Уладзіміра Аношчанкі 29-га сакавіка правялі ператрус і забралі ўсе кампутары. Як патлумачылі гаспадару, праверку яго абсталявання праводзяць у межах крымінальнай справы, распачатай за «пагрозу здзяйснення акта тэрарызму».

Справу распачалі яшчэ ў снежні мінулага года, калі паблізу ад чыгуначнай станцыі Адамава ў Полацкім раёне нібыта быў знойдзены «прадмет з прыкметамі самаробнага выбуховага прыстасавання».

Аргтэхніку абяцалі вярнуць пасля праверкі «на экстрэмізм», але дагэтуль не вярнулі, кажа спадар Аношчанка:

— Пахадзілі па кватэры, імітуючы, што шукаюць бомбу. На самой справе забралі мой кампутар і кампутар сына, які з кампутарам працуе. Сказалі: «Мы праверым на экстрэмізм і вернем». І чамусьці нічога не адбываецца. Зараз пакорпаюцца ў кампутарах і што заўгодна могуць там выкапаць…

Паводле Уладзіміра Аношчанкі, пра “прадмет з прыкметамі выбуховага прыстасавання” цяпер распытваюць шмат каго з мясцовых актывістаў, выклікаючы іх на допыты ў следчы камітэт або пракуратуру.

Ператрусы праводзяць пераважна ў тых, хто быў заўважаны на мірных пратэстах і пакараны за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Уладзіміра Аношчанку таксама штрафавалі на 25 базавых велічынь «за аднаасобны пікет» — за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на ўласным балконе. Гаспадар сцяга спрабаваў аспрэчыць пакаранне ў Віцебскім абласным судзе, але яго скаргу пакінулі без задавальнення.

«Беларускае Радыё Рацыя»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: