Спачуванні Алесю Макаву

Грамадская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» выказвае спачуванні свайму актывісту Алесю Макаву з прычыны напаткаўшага яго гора — смерці бацькі Уладзіміра Міхайлавіча Наквасава, які сышоў у лепшы свет на 82-м годзе жыцця.  

Спадар Уладзімір нарадзіўся 28 красавіка 1936 году ў сям’і карэнных мінчукоў, дзе бацька працаваў дырэктарам Мінскай абутковай фабрыкі, а маці была хатняй гаспадыняй. На пачатку германа-савецкай вайны пры эвакуацыі фабрыкі на ўсход бацька трапіў у акружэнне пад Смалявічамі і загінуў, а маці сама выхоўвала траіх дзяцей. Уладзімір ледзьве не загінуў у акупаваным Мінску, паколькі нацысты прынялі чарнявага хлопчыка за габрэя і хацелі яго расстраляць. І выратавала хлопчыка толькі прысутнасць маці, якая троху размаўляла па-нямецку, кінулася на калені і змагла абараніць свайго сына.

Уладзімір Міхайлавіч шмат гадоў працаваў рабочым на вытворчым аб’яднанні «Белшына» ў Бабруйску, выхаваў двух сыноў, унучку і двух праўнукаў.  

У гэты цяжкі для спадара Алеся час яго сябры смуткуюць разам з ім і ягонымі сваякамі, выказаваюць ім сваю падтрымку і адданасць чыну, што з’яднаў нас — справе юрыдычнай абароны Курапатаў, даследаванню гісторыі Нацыянальнага некропалю і ўшанаванню памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму дзеля вольнай і квітнеючай Бацькаўшчыны.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!