Спартсменаў навучаць радзіму любіць

Новыя правілы: ведаць гімн, выкарыстоўваць толькі дзяржаўную сімволіку, інтэрв’ю з дазволу працадаўцы. Беларускаму спорту рыхтуюць ідэалагічныя цуглі, якія наўрад ці натхняць атлетаў на добрыя вынікі.

Фота BSSF

У беларускім спорце працягваецца закручванне гаек. Пасля шэрагу звальненняў і разнастайнага ціску ў высокіх кабінетах Мінспорту вынайшлі яшчэ адзін метад уздзеяння на грамадзянскі актыўных прадстаўнікоў галіны. Цяпер — бюракратычны, у выглядзе дадатковага пагаднення да дзеючых кантрактаў. Адпаведны загад за подпісам міністра Сяргея Кавальчука прасачыўся ў прэсу і, натуральна, выклікаў магутны фідбэк.

Гэта зразумела: ніколі раней такога ў нашым спорце не было. Але неўзабаве будзе — нешта кшталту тэста на добранадзейнасць, які мусяць праходзіць беларускія атлеты, перш чым ісці спаборнічаць і здабываць славу ўлюбёнай бацькаўшчыне.

Згодна новай пастанове, у хуткай будучыні спартсмены павінны накруціць на вус наступнае. Па-першае, ім патрэбна «ведаць тэкст і музычную рэдакцыю Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, паважліва ставіцца да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь». Па-другое, яны абавязаныя «выкарыстоўваць у час правядзення спартыўных спаборніцтваў толькі дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, сімволіку спартыўнага спаборніцтва, зацверджаную арганізатарамі спаборніцтва і (альбо) сімволіку, прадугледжаную рэгламентам гэтага спаборніцтва». І, па-трэцяе, ім неабходна «не дапускаць публікацый і выступленняў у сродках масавай інфармацыі без узгаднення з наймальнікам».

Скрын TUT.BY

Ад гэтага месца і далей паспрабуем зразумець, што гэта было і што з гэтага выйдзе.

З першым, зрэшты, усё больш-менш ясна. Падчас сёлетніх палітычных падзей некаторыя спартсмены зусім адбіліся ад рук. Замест таго, каб трэніравацца і дзякаваць дзяржаве за трапяткі клопат і створаныя ўмовы, яны дазваляюць сабе крытыкаваць квітнеючую нашу рэчаіснасць. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў ім не даспадобы. Яны пратэстуюць супраць гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў. Запісваюць відэаролікі з адпаведнымі заклікамі. Падчас футбольных матчаў могуць выйсці на поле з белымі стужкамі, а пасля забітага гола — нават беспакарана прадэманстраваць у тэлекамеры здрадніцкі жэст «віктары».

І як апафеоз антыдзяржаўнага блюзнерства — той самы знакаміты адкрыты ліст з патрабаваннем новай выбарчай кампаніі. Дарэчы, ліст жыве ў сеціве і працягвае збіраць подпісы. Іх там ужо амаль 600. Нягледзячы на ўсе актыўнасці ўпаўнаважаных органаў, якія спрабуюць збіць пратэставыя жарсці спартсменаў. Нягледзячы на запалохванні, пагрозы і іншы ціск, сведчанні пра якія лёгка знайсці ў інтэрнэце.

Ну і што ў такім выпадку рабіць профільнаму Міністэрству? Правільна: змагацца з іншадумствам далей. Не атрымалася давесці да падначаленых, што вулічная актыўнасць інспіравана з Захаду, што ў дэманстрацыях удзельнічаюць спрэс праплачаныя наркаманы і прастытуткі, а збеглая Святлана Ціханоўская — агент польскай разведкі? Што ж, тады ўкаранім новы падыход — на ўзроўні кантрактных абавязкаў. Каб у выпадку чаго мець яшчэ адзін рычаг уплыву на незадаволеных.

Такія прыкладна матывы ў галоўным спартыўным ведамстве краіны, але ці будуць яны працаваць? Давайце пройдземся па пунктах.

Веданне гімна. Як быццам, нічога дрэннага ў тым няма. Атлеты ўсіх краін свету спяваюць свае гімны і перад футбольнымі ці хакейнымі матчамі, і стоячы на п’едэстале з медалём на шыі. Гэта добра, бо робіць спорт чымсьці большым за спаборніцтвы на хуткасць і спрытнасць. Гэта сапраўды натхняе, але — калі ідзе ад душы, без аніякага прымусу. Без прапісанага ў кантракце абавязку ведаць «тэкст і музычную рэдакцыю».

Вельмі цікава, як будзе ажыццяўляцца кантроль за выкананнем гэтага пункту? Дэкламаваць тэкст гімна перад адмысловай камісіяй спартсмены будуць так жа рэгулярна, як і праходзіць допінг-кантроль? А «легіянеры» як жа? Тыя, якімі нашпігаваныя нашыя зборныя, бо сваіх кваліфікаваных хлопцаў і дзяўчат мы так і не выгадавалі. Напрыклад, хакеісты Нік Бэйлен і Джэф Плат, прыязжаючы гуляць за Беларусь, пачнуць сдаваць тэст на веданне гімна? А калі хтосьці, дэкламуючы, памыліцца? Забудзе трэці радок другога куплета? Яго тады не ўключаць у склад каманды і адправяць давучваць, каб ад зубоў адскоквала?..

Выкарыстоўваць падчас спаборніцтваў толькі дзяржаўныя сімвалы. Тут нібыта ўсё проста. Барані бог табе засвяціцца на бегавой дарожцы ці на лыжні з чымсьці бел-чырвона-белым. Атрымаеш па шапцы, згодна з дадаткам да працоўнага кантракта, і ніякі адвакат не дапаможа.

Аднак мы даўно жывём пры цяперашняй уладзе. Спартсмены і так гэтую рысу не пераходзяць, цудоўна ведаючы, якім бумерангам гэтыя дыверсійныя дзеянні могуць вярнуцца. Яны і сёння, у часы масавага грамадзянскага абуджэння, на самых нават максімалках з’яўляюцца ў тэлекамерах хіба што з белымі стужкамі ці з рукатворнымі жэстамі штаба Ціханоўскай перадвыбарчых тыдняў.

Цікава, ці варта гэтыя бяскрыўдныя перформансы залічваць за дэманстрацыю забароненай сімволікі? Сэрцайка, сканструяванае на пальцах, — яго паказваюць у прамым тэлеэфіры нават футбалісты «Барселоны». Белы бранзалет на запясці — у баскетбалістаў, напрыклад, ён можа быць звычайным напульснікам, рэкамендаваным доктарам. Ці распаўсюджваецца новы міністэрскі загад на такія выпадкі? І ўвогуле, ці не паспяшалася Беларуская федэрацыя футбола, замовіўшы для нацыянальная зборнай гульнявую форму ў белай і чырвонай каляровай гаме?

І трэці пункт ідэалагічных інавацый для спартсменаў — наконт выказванняў толькі з дазволу працадаўцы. Бадай, гэта самая дзівосная распрацоўка сярод усіх астатніх. І самая лёгкая для разумення.

Нашым атлетам элементарна хочуць забараніць гаварыць тое, пра што яны думаюць. Адсунем убок канстытуцыйнае права на свабоду слова — з базавымі каштоўнасцямі ў краіне і так усё зразумела. Засяродзімся на ўсведамленні таго, што цяпер любое інтэрв’ю ці каментар журналістам — толькі пасля санкцыі начальства. З адпаведнымі, відавочна, устаноўкамі, пра што казаць можна, а пра што — толькі паспрабуй.

Але падобна на тое, што і сацсеткі ад гэтага часу будуць падуладныя новым правілам гульні. Бо ледзьве нешта напіша ў Instagram умоўная Арына Сабаленка, Аляксандра Раманоўская ці Кацярына Сныціна, тое адразу з’яўляецца ў стужках навін СМІ. Сярод спартсменаў і спартсменак шмат такіх, хто посціць свае рэфлексіі рэгулярна і часта. У іх тысячы падпісчыкаў і фрэндаў — і тут слова вядомага чалавека дакладна не верабей. І што, хочучы выказацца на сваёй старонцы пра дзіўнае надвор’е ў гэтым верасні, трэба абавязкова атрымаць на гэта дазвол кіраўніцтва?

Зрэшты, хопіць фармуляваць рытарычныя пытанні і шукаць здаровы сэнс у цёмным пакоі, дзе няма аніякага чорнага ката. І так зразумела, для чаго вынайдзены гэтыя новыя юрыдычныя новаўтварэнні. Калі коратка, то ніхто не будзе іх выконваць скрупулёзна. Падаецца, гэта не нормы права, бо з правамі ў краіне праблемы. Гэта проста мэсэдж — з намёкам на адвольнае правапрымяненне.

Хочаш нешта сказаць у інтэрв’ю? Ды гавары, якія пытанні. Хочаш запосціць у Facebook прыгожы пейзаж? Посці колькі заўгодна і нават дазволу не пытай, не адцягвай сур’ёзных людзей ад плённай працы на карысць дзяржавы. Крыху сцёрліся ў памяці словы гімна — не бяда, з кім не бывае. Наўрад ці самі спартыўныя чыноўнікі беспамылкова працытуюць яго тэкст.

Мэсэдж мае вельмі просты і даходлівы сэнс — не лезьце ў палітыку, хлопцы і дзяўчаты. Ваша справа — як раней — трэніравацца, здабываць для краіны медалі і паменш думаць пра тое, што адбываецца навокал. І тады — будзе вам шчасце. А як не — вось вам яшчэ адзін механізм, з дапамогай якога можна навучыць любові да радзімы.

Цяпер згаданыя дадаткі да кантрактаў спартсмены мусяць падпісаць, і гэтая прапанова падаецца такой, ад якой немагчыма адмовіцца. Як яно будзе на справе, хто ведае. Але што можна сцвярджаць дакладна, наўрад ці новыя правілы дададуць беларускім атлетам імпэту ў прафесійнай дзейнасці. Заўтра яны, вядома, паедуць на чэмпіянаты свету і Еўропы, на Алімпійскія гульні. Паедуць з амбіцыйнымі намерамі і абяцанымі прэміяльнымі.

Праўда, як даўно заўважана, для сапраўднага спартыўнага подзвігу неабходны асаблівы настрой, крылы за плячыма і адданасць на мяжы самаахвяравання. А крылы нашым атлетам працягваць адчувальна падразаць. 






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: