Спартыўныя МАЗы адправіліся на «Дакар» у Саудаўскую Аравію

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" прыме ўдзел у ралі-рэйдзе "Дакар-2020", які гэтым разам пройдзе па тэрыторыі Саудаўскай Аравіі. Упершыню ў сусветна вядомым марафоне возьме ўдзел капотны МАЗ, разам з ім паедуць яшчэ дзве «баявыя машыны». Сёння аўтамабілі выехалі з Мінска, распавялі ў прэс-службе ААТ "МАЗ".
"Дакар" перамяшчаецца з Паўднёвай Амерыкі на Аравійскі паўвостраў. Гоншчыкам трэба будзе пераадолець амаль 8 тыс. км па тэрыторыі, з іх больш за палову прыйдзецца на спецучасткі. Па дарозе будуць сустракацца пясчаныя трасы і ўчасткі з дзюнамі, чакаюцца і небяспечныя камяністыя адрэзкі. Для большасці каманд новы маршрут стане вялікім сюрпрызам, але ад гэтага гонка стане больш напружанай і захапляльнай.

Беларусь выставіла на ралі-рэйд адразу тры экіпажы. Сярод іх — капотны МАЗ, які на працягу года стаў самым хуткім на гонцы ў Марока і добра паказаў сябе на "Шаўковым шляху", калі лідзіраваў вялікую частку ралі. Перад "Дакарам" аўтамабіль дапрацавалі, павялічылі надзейнасць канструкцый. Абодва іншых пілоты будуць кіраваць бескапотнымі грузавікамі, якія таксама ўдасканалілі. На адным з іх цяпер стаіць аўтаматычная каробка перадач.

Склады экіпажаў злёгку змяніліся. Лідар каманды Сяргей Вязовіч паедзе на капотным МАЗе разам са штурманам Паўлам Гараніным і механікам Антонам Запарошчанкам. Пілот Аляксандр Васілеўскі адправіцца ў дарогу са штурманам Дзмітрыем Віхрэнкам і механікам Віталём Мурылёвым. Яшчэ адзін экіпаж павядзе "на аўтамаце" Аляксей Вішнеўскі, якому складуць кампанію штурман Максім Новікаў і механік Андрэй Невяровіч.


Беларуская каманда плануе змагацца за першыя месцы ў класе грузавікоў. Апошнія гонкі паказалі, што спартыўныя МАЗы могуць выступаць сур'ёзнымі супернікамі. Удзел у гонцы такой складанасці — гэта яшчэ і магчымасць праверыць на трываласць канструкцыі і агрэгаты аўтамабіляў. Тым больш што спартыўныя МАЗы на 85% складаюцца з серыйных камплектуючых. Многія базавыя вузлы, у тым ліку кабіны і масты, выраблены ў Беларусі. Усе інжынерныя задумкі пасля «баявых» выпрабаванняў знаходзяць адлюстраванне ў канвеернай вытворчасці. Такім чынам, "Дакар" — гэта дадатковы тэст на надзейнасць аўтатэхнікі МАЗ.


Канкурэнцыю камандзе "МАЗ-СПОРТаўта" складуць лепшыя гоншчыкі планеты. Адзін толькі КамАЗ прывязе на ралі чатыры экіпажы. На жаль, з-за праблем з хрыбетнікам гонку прапусціць тытулаваны пілот Жэрар дэ Рой.


Ралі-рэйд "Дакар-2020" пачнецца 5 студзеня ў Джыдзе, а завершыцца 17 студзеня ў Кідзіі. Гоншчыкам трэба будзе пераадолець 7,8 тыс. км, у тым ліку 5 тыс. км спецучасткаў. У марафоне возьмуць удзел звыш 350 экіпажаў з усяго свету, з іх каля 50 будуць змагацца за п'едэстал у класе грузавікоў. Як чакаецца, асноўнымі перашкодамі на шляху стануць пяскі і дзюны.

Паводле прэс-рэлізу


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: