Спецдакладчык ААН: Ціск на беларускіх праваабаронцаў узмацняецца

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар заявіла аб сваёй занепакоенасці, выкліканай узмацненнем ціску на праваабаронцаў у Беларусі. Аб гэтым паведамляецца на сайце ААН.
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар. Фота OHCHR

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар. Фота OHCHR

«Ператрусы ў офісах, арышты праваабаронцаў і перашкода працы адвакатаў сталі агульнай практыкай, — сказала Лолар. — Мне нават паведамлялі, што некаторыя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за супрацоўніцтва з ААН і падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню падчас утрымання пад вартай».  

Лолар згадала Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, супрацоўнікаў офіса па правах людзей з інваліднасцю, якія супрацоўнічалі з офісам ААН па правах чалавека.

«Яны пазбаўленыя волі ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю. Драздоўскі, дырэктар арганізацыі і інвалід-вазочнік, быў вымушаны перанесці знясільваючы сямігадзінны допыт, а юрысконсульта Граблеўскага прымусілі распрануцца дагала падчас допыту.

Гэтыя выпадкі паказваюць, што сітуацыя, якая пачалася падчас прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, працягваецца і пагаршаецца», — адзначыла Лолар.

Эксперт ААН распавяла пра тое, што Марыі Рабковай, каардынатарцы валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра «Вясна», дзе вялася праца па дакументаванні катаванняў, маніторынгу сітуацыі па захаванні свабоды сходаў і іншых правоў чалавека, пасля яе арышту ў верасні мінулага года прад'яўленыя новыя абвінавачанні.

Чацвёра супрацоўнікаў Прэс-клуба Беларусь, якія ўдзельнічалі ў працы па дакументаванні выпадкаў рэпрэсій у дачыненні да журналістаў, таксама былі затрыманыя па абвінавачнні ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў». Пяты супрацоўнік дэпартаваны ў Расійскую Федэрацыю.

«Большасці затрыманых прад'яўляюць абвінавачанні ў эканамічных злачынствах», — сказала Лолар, дадаўшы, што ў яе выклікае сур'ёзныя асцярогі пытанне справядлівасці судаводства.

Эксперт ААН таксама адзначыла, што многіх праваабаронцаў нядаўна вымусілі падпісаць пагадненні аб неразгалошванні інфармацыі:

«Пагадненні аб невыдаванні інфармацыі дэ-факта ўзводзяць абмен інфармацыяй аб сітуацыі з правамі чалавека ў разрад супрацьзаконных. Прастора для ажыццяўлення праваабаронцамі іх дзейнасці ў Беларусі становіцца немагчыма вузкай».

Лолар заклікала да зняцця ўсіх абмежаванняў правоў грамадзянскай супольнасці.

«Калі праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ і адвакатаў прымушаюць маўчаць, меркаваныя парушэнні правоў застаюцца бескантрольнымі і нерасследаванымі», — заявіла яна.

Па гэтым пытанні эксперт застаецца ў кантакце з органамі ўлады.

Заклік Мэры Лолар падтрымалі Анаіс Марэн, спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Джэрард Куін, спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб правах інвалідаў; Дыега Гарсія-Сайян, спецыяльны дакладчык па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў; Нільс Мельцэр, спецыяльны дакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання.


ПЦ Вясна 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: