Спецрасследаванне: каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі. Частка ІІ

Працягваем раскрываць новую інфармацыю пра экс-байцоў расфармаванага ўкраінскага спецпадраздзялення «Беркут» на службе ў абароне дыктатуры ў Расіі і Беларусі.

У другой частцы геаграфія расследавання значна пашыраецца. Мы падаем звесткі, датычныя выяўлення экс-байцоў спецпадраздзялення «Беркут» не толькі ў Мінску, але і ў іншым рэгіёне Беларусі. Упершыню ў межах расследавання надаем інфармацыю пра адшуканне у шэрагах мінскага АМАПу колішняга «беркутаўца» з адэскага батальёну гэтага падраздзялення.


Не толькі Мінск

У выніку вывучэння акаўнтаў сацсетак фігуранта першай часткі гэтага расследавання Дзмітрыя Анцупава на тэрыторыі Беларусі выяўлены ягоны таварыш па службе, баец мікалаеўскага спецпадраздзялення «Беркут» Уладзімір Дзідык. У спісе сяброў свайго акаўнту «OK» Анцупаў пазначыў Дзідыка менавіта ў якасці свайго калегі.

Дзідык Уладзімір Уладзіміравіч (укр. – Дідик Володимир Володимирович) Нарадзіўся ў 1988 годзе ў вёсцы Антоніўка Наваадэскага раёна Мікалаеўскай вобласці, УССР. Скончыў Мікалаеўскі політэхнічны тэхнікум. Пасля прахаджэння тэрміновай вайсковай службы быў прыняты ў роту міліцыі асаблівага прызначэння (РМАП) «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці з'ехаў у Беларусь. Меркавана служыць у АМАП УУС Гомельскага аблвыканкама.

Ідэнтыфікаваны і апазнаны ў супольных фотаздымках са сваімі таварышамі па службе з мікалаеўскага «Беркута».

Уладзімір Дзідык пазначаны колам. Леваруч і праваруч яго — фігуранты папярэдняга расследавання, мінскія амапаўцы — Сяргей Панасенка і Мікалай Стагарняк

Уладзімір Дзідык пазначаны колам. Леваруч і праваруч яго — фігуранты папярэдняга расследавання, мінскія амапаўцы — Сяргей Панасенка і Мікалай Стагарняк


Паводле зафіксаваных у фота пагонаў, Уладзімір Дзідык на момант стварэння гэтага фота меў званне сяржанта міліцыі.

У адрозненне ад большасці збеглых у Беларусь экс-байцоў мікалаеўскага «Беркута» Дзідык жыве не ў сталічным рэгіёне, а ў Гомелі.

Падчас выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі імя Уладзіміра Дзідыка было выяўлена ў агульным спісе грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Паводле рашэння адміністрацыі гэтага раёна, 06.06.2017 года ён быў афіцыйна пастаўлены ў агульную чаргу. З дапамогаю анлайн-сэрвісу Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта вызначана, што станам на ліпень 2020 года Уладзімір Дзідык займаў у чарзе на жытло пазіцыю № 14370.

Умовамі пастаноўкі ў чаргу на жытло прадугледжаная штогадовая верыфікацыя — пацвярджэнне статусу ў мясцовым раённым органе ўлады паводле месца рэгістрацыі. Адміністрацыя аднаго з раёнаў Гомеля змясціла для выкарыстання ў адкрытым доступе нават поўны адрас месца жыхарства Дзідыка ў адным з інтэрнатаў горада. Увосень 2020 года Дзідык быў зняты з агульнай чаргі. 

Увосень 2020 года Дзідык быў зняты з агульнай чаргі. 


З колішнімі ўкраінскімі беркутаўцамі верагодна можа быць звязаная гісторыя, якая адбылася ў Гомелі з украінскім мігрантам Яўгенам Кірычэнкам, які ў 2014 годзе праз пагрозу наступу расійскіх падраздзяленняў вывез сваю сям’ю з Данецкай вобласці на жыхарства ў Беларусь.

Яўген Кірычэнка / Фота з акаўнту ў FB

Яўген Кірычэнка / Фота з акаўнту ў FB


Увечары 11 жніўня 2020 года ў цэнтры Гомеля Кірычэнка быў затрыманы нібыта як «удзельнік пратэстаў» адным з байцоў гомельскага АМАПу і змешчаны ў службовы мікрааўтобус «Газель». Пасля таго, як ён паведаміў, што з’яўляецца ўкраінцам, яго перавялі ў аўтазак, у якім знаходзіліся 8-10 чалавек у чорнай форме і без знакаў адрозненняў.

11 жніўня 2020 года ў Гомелі адбываліся масавыя затрыманні не толькі пратэстоўцаў, але і выпадковых людзей / Кадр з відэа gomel.today

11 жніўня 2020 года ў Гомелі адбываліся масавыя затрыманні не толькі пратэстоўцаў, але і выпадковых людзей / Кадр з відэа gomel.today


Паводле словаў Кірычэнкі, яго абражалі і дапытвалі, колькі яму заплацілі і хто яго каардынатар. Кірычэнку павалілі на падлогу і пачалі жорстка збіваць. Адзін з амапаўцаў запытаў: «Так может, это ты, падла, жёг меня на Майдане?» Пасля здзекаў яго зноў перавялі ў «Газель» і завезлі ў РАУС Цэнтральнага раёну Гомеля, дзе катаванні працягнуліся. Паводле судовага рашэння, Кірычэнку яшчэ некалькі дзён пасля гэтага ўтрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Падчас спецаперацыі МУС РБ па задушэнні акцый пратэсту ў Гомелі, 11.08.2020 г. / Кадр з відэа gomel.today

Падчас спецаперацыі МУС РБ па задушэнні акцый пратэсту ў Гомелі, 11.08.2020 г. / Кадр з відэа gomel.today


Нягледзячы на абскарджванне пастановы суда, праходжанне судмедэкспертызы, ініцыяванай СК па факце збіцця супрацоўнікамі міліцыі, Кірычэнку выклікалі ва ўпраўленне па грамадзянству і міграцыі. Адтуль ён зноў патрапіў у ІЧУ. Пасля 14 дзён утрымання яго дэпартавалі з Беларусі з забаронай на ўезд цягам наступных трох гадоў.

Жорсткае збіццё затрыманых у аўтазаках / кадр з відэа tut.by

Жорсткае збіццё затрыманых у аўтазаках / кадр з відэа tut.by


Кірычэнка запэўніў, што не бачыў абліччаў байцоў АМАПа ў аўтазаку, бо на іх былі балаклавы, а на некаторых шаломы. Апроч гэтага, яму не дазвалялі глядзець у іх бок, таму ён не можа апазнаць гэтага амапаўца.

Калі чытачы маюць дадатковую інфармацыю, просьба паведаміць яе рэдакцыі альбо аўтару расследавання. Ананімнасць гарантуецца.

«Ах, Одесса, жемчужина у моря»

У шэрагах мінскага АМАПа выяўлены яшчэ адзін баец расфармаванага ўкраінскага спецпадраздзялення «Беркут» Сяргей Кімінчыжы. Вызначана, што ён з’яўляецца экс-байцом асобнага батальёна міліцыі асаблівага прызначэння (БМАП) гэтага падраздзялення, якое дыслакавалася ў Адэсе. Гэта першы выпадак выяўлення сярод супрацоўнікаў беларускай міліцыі адэскага «беркутаўца».

Кімінчыжы Сяргей Пятровіч (укр. – Кімінчижи Сергій Петрович)


Нарадзіўся 04.08.1983 года ў вёсцы Васіліўка Балградскага раёна Адэскай вобласці, УССР. Пражываў у вёсцы Выгода Біляіўскага раёну той жа вобласці. Пасля дэмабілізацыі з арміі быў прыняты на службу ў БМАП «Беркут» пры Галоўным упраўленні МУС Украіны ў Адэскай вобласці. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці ўцёк у Беларусь. Рэжым Лукашэнкі надаў яму грамадзянства і службу ў шэрагах АМАП ГУУС Мінскага гарвыканкаму.

У выніку паглыбленай выведкі адкрытых крыніцаў інфармацыі (OSINT) Сяргей Кімінчыжы выяўлены сярод байцоў «Беркуту», якія ўдзельнічалі ў выязным «Дні адкрытых дзвярэй» для гадаванцаў адэскага дзіцячага аздараўленчага лагера імя Юрыя Гагарына Узброеных сілаў Украіны.

Сяргей Кімінчыжы (у цэнтры леваруч) падчас паказальнага выступу байцоў адэскага «Беркута» / odessitua.com

Сяргей Кімінчыжы (у цэнтры леваруч) падчас паказальнага выступу байцоў адэскага «Беркута» / odessitua.com


Мерапрыемства было арганізавана напачатку жніўня 2013 года аддзелам крымінальнай міліцыі па справах дзяцей Галоўнага ўпраўлення МУС Украіны ў Адэскай вобласці. Апроч «беркутаўцаў» былі запрошаныя і супрацоўнікі Кіналагічнага цэнтру гэтага ўпраўлення. Кімінчыжы зафіксаваны не толькі падчас паказальнага выступу байцоў свайго падраздзялення з дэманстрацыяй асноўных прыёмаў рукапашнага бою, але таксама падчас паказу адзінак узбраення і спецыяльных сродкаў, што меліся на ўзбраенні «Беркута».

Сяргей Кімінчыжы дэманструе помпавую рушніцу 12-га калібра «Форт-500». З гэтай штатнай зброі «беркутаўцаў» былі забітыя шматлікія ўдзельнікі Рэвалюцыі Годнасці, у тым ліку Міхась Жызнеўскі / Фота: odessitua.com


Вядома, што падчас падзеяў Рэвалюцыі Годнасці 19 лютага 2014 года байцы адэскага «Беркута» прарваліся праз ачапленне, выстаўленае адэскімі грамадскімі актывістамі ля месца дыслакацыі гэтага спецпадраздзялення, і выехалі ў Кіеў на двух аўтобусах. Ужо 21 лютага дэпутат Анатоль Грыцэнка суправаджаў падраздзяленні «Беркута», у тым ліку з Адэскай вобласці, падчас іх выезду з Кіева. Адэскія «беркутаўцы» непасрэдна ўдзельнічалі ў падзеях 20 лютага 2014 года ў Кіеве, адзін з іх нават быў паранены на вуліцы Інстытуцкай.

Байцы спецпадраздзяленняў вядуць агонь на паражэнне па пратэстоўцах у Кіеве, 20.02.2014 г. / RFE/RL

Байцы спецпадраздзяленняў вядуць агонь на паражэнне па пратэстоўцах у Кіеве, 20.02.2014 г. / RFE/RL


Са службай Сяргея Кімінчыжы ў мінскім АМАПе звязаныя адразу некалькі інцыдэнтаў па затрыманнях і судовым пераследзе беларускіх грамадскіх актывістаў.

3 красавіка 2018 года ў Мінску быў затрыманы вядомы беларускі анархіст Вячаслаў Касінераў. Днём раней ён удзельнічаў у пікеце з патрабаваннямі дэкрыміналізацыі лёгкіх наркотыкаў у малых дозах і ўхвалення адпаведных зменаў у адзін з самых рэпрэсіўных крымінальных артыкулаў Беларусі №328 «Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў».

Вячаслаў Касінераў / Фота з акаўнту ў FB

Як засведчыла жонка Вячаслава Касінерава Марына Насенка, затрыманне адбылося проста на вуліцы. Яго здзейснілі супрацоўнік Маскоўскага РУУС Мінска і два байцы АМАПу, якія былі ў цывільнай вопратцы. Адзін з іх тады не прадставіўся, а іншы, паводле дакументаў, меў прозвішча Кімінчыжы. Група захопу пасадзіла Касінерава ў мікрааўтобус, які з самага ранку быў пад вокнамі яго кватэры. На наступны дзень, 4 красавіка, Касінераў быў пакараны адміністрацыйным штрафам паводле не менш рэпрэсіўнага артыкулу 23.34 КаАП РБ.

Другі інцыдэнт звязаны з разглядам адміністрацыйнай справы 10 студзеня 2020 года ў судзе Савецкага раёна Мінска ў дачыненні да Сяргея Папкова — намесніка старшыні КХП-БНФ і БНФ «Адраджэньне». Падчас судовага пасяджэння Сяргей Кімінчыжы і іншы сведак-амапавец, Віктар Мартынчык, надалі паказанні, згодна з якімі Папкоў нібыта выкрыкваў лозунгі і парушаў грамадскі парадак 21 снежня 2019 года на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У той дзень адбывалася адна з шэрагу акцый у падтрымку незалежнасці Беларусі.

Мінск, Кастрычніцкая плошча, 21 снежня 2019 года

Мінск, Кастрычніцкая плошча, 21 снежня 2019 года


Нягледзячы на тое, што Папкоў цалкам давёў суду, што ён не рабіў дзеянняў, у якіх яго абвінавачвалі, судовы вердыкт быў ухвалены на грунце сведчанняў амапаўцаў, у тым ліку Сяргея Кімінчыжы. У выніку Папкова засудзілі да 20 базавых велічыняў (540 рублёў) адміністрацыйнага штрафу.

У матэрыялах адміністрацыйнай справы маецца пратакол апытання Сяргея Кімінчыжы:


Гэты дакумент не толькі цалкам пацвярджае вызначаныя падчас расследавання яго поўнае імя, дату і месца нараджэння ў Адэскай вобласці, але і факталагічна сведчыць пра яго службу ў мінскім АМАПе.

Наступны, вельмі гучны інцыдэнт з удзелам Сяргея Кімінчыжы, датычны яго ўдзелу ў затрыманні «дыджэяў пераменаў» — Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага. Падчас судовага працэсу над імі Кімінчыжы зноў фігуруе ў якасці сведкі і дае паказанні.

Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыла Галанаў, Мінск, Кіеўскі сквер, 6 жніўня 2020 года / Надзея Бужан, nn.by

Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыла Галанаў, Мінск, Кіеўскі сквер, 6 жніўня 2020 года / Надзея Бужан, nn.by


6 жніўня 2020 года мінскія ўлады вырашылі правесці ў Кіеўскім скверы, адной з дазволеных пляцовак для агітацыі, Дзень адкрытых дзвярэй установы дадатковай адукацыі «Калейдаскоп мастацтва». У той жа дзень у парку Дружбы народаў павінна была адбыцца папярэдне анансаваная сустрэча з выбарнікамі Святланы Ціханоўскай. Аднак праз наўмыснае правядзенне там уладамі яшчэ аднаго культурна-масавага мерапрыемства, Святлана Ціханоўская заклікала ўсіх прыходзіць менавіта ў Кіеўскі сквер. У ім сабраліся тысячы праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Гукааператары Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі, якія адказвалі за музычную праграму дзяржаўнага мерапрыемства, уключылі на знак падтрымкі пратэстоўцаў песню «Перемен» гурта «Кино». У гэты ж дзень пазней яны былі затрыманыя.

Кімінчыжы засведчыў, што ён асабіста і яшчэ адзін амапавец, Руслан Кавальчук, здзяйснялі пошук, пераследаванне і затрыманне Галанава і Сакалоўскага, якія пры гэтым, паводле яго словаў, праявілі непадпарадкаванне. Згодна са сведчаннямі Кімінчыжы і Кавальчука, падчас затрымання яны былі ў цывільным, а затрыманых змясцілі ў аўтамабіль Volkswagen Transporter і даставілі потым у Цэнтральны РУУС Мінска.

Байцы АМАПа Сяргей Кімінчыжы (леваруч) і Руслан Кавальчук (праваруч) затрымліваюць «дыджэяў пераменаў», 06.08.2020 года, Мінск / кадр з відэа тэлеграм-канала Нехта

Байцы АМАПа Сяргей Кімінчыжы (леваруч) і Руслан Кавальчук (праваруч) затрымліваюць «дыджэяў пераменаў», 06.08.2020 года, Мінск / кадр з відэа тэлеграм-канала Нехта


На падставе гэтых ды іншых сведчанняў, Галанава і Сакалоўскага за нібыта здзейсненае імі дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі пакаралі ў сукупнасці 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.
У пастанове справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне №6-2342/2343/2020 у дачыненні да Кірыла Галанава маецца не толькі дадатковае дакументальнае пацвярджэнне службы экс-байца «Беркуту» Сяргея Кімінчыжы ў мінскім АМАПе, але і пададзеныя яго пасада і нават званне.


Як вынікае з дакументу, Сяргей Кімінчыжы з’яўляецца камандзірам групы АМАП ГУУС Мінскага гарвыканкама, мае званне капітана міліцыі.

Што ж стала асноўным матывам Кімінчыжы для раптоўных уцёкаў з Украіны ў Беларусь?

Святло на гэта можа дапамагчы праліць яго ўласны акаўнт у сацсетцы «VK», які проста перанасычаны інфармацыйным прадуктам расійскай прапаганды. Тут і актыўныя рэпосты не толькі «Антимайдана», але і сепаратысцкіх паблікаў, створаных у межах гібрыднай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны: «Комитет Освобождения Одессы — Антимайдан», «Народная Дружина Одессы (Антимайдан) НД», «Вежливые люди, Армия, Россия».


Напрыканцы чэрвеня 2014 года Сяргей Кімінчыжы зрабіў рэпост з заклікам да супрацоўнікаў МУС і вайскоўцаў Нацыянальнай Гвардыі Украіны не ўдзельнічаць у баявых дзеяннях у Данбасе, то-бок, па-сутнасці, не здзяйсняць супраціў расійскай ваеннай агрэсіі.

Праводзіць расследаванне дзейнасці Сяргея Кімінчыжы як прадстаўніка каманднага складу адэскага падраздзялення «Беркут» падчас падзеяў вясны 2014 года ў Адэсе маюць кампетэнцыю следчыя органы Украіны. Да таго ж, яны могуць аб’яднаць гэтае расследаванне са справай яго непасрэднага начальніка — Дзмітрыя Фучэджы.

Увесну 2014 года Дзмітрый Фучэджы з’яўляўся намеснікам начальніка адэскай абласной міліцыі і ачольваў міліцыю грамадскай бяспекі. Ён быў адхілены з сваёй пасады праз падазрэнне ў супрацы з баевікамі «Антимайдана», якія справакавалі крывавыя падзеі 2 траўня ў Адэсе, у выніку якіх загінулі 48 чалавек. Хаваючыся ад следства Фучэджы ўцёк на падкантрольную Расіі тэрыторыю так званай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. Быў абвешчаны ў вышук МУС Украіны. Расійская Федэрацыя надала Фучэджы грамадзянства і адмовіла ў экстрадыцыі па запатрабаванні ўкраінскага боку.

Палкоўнік Дзмітрый Фучэджы (краіні праваруч) на чале калоны ўзброеных баевікоў «Антимайдана», 2 траўня 2014 года, Адэса

Палкоўнік Дзмітрый Фучэджы (краіні праваруч) на чале калоны ўзброеных баевікоў «Антимайдана», 2 траўня 2014 года, Адэса


Менавіта падтрымка (пра)расійсіх сілаў і пачатак іх разгрому ва Украіне маглі стаць таксама і для Кімінчыжы асноўнай прычынай раптоўнага пакідання сваіх родных ды блізкіх, знішчэння сваёй шматгадовай кар’еры ў сілавых структурах Украіны і ўцёкаў у чужую для яго Беларусь.

Калабарацыя байцоў «Беркута» падчас актыўнай фазы гібрыднай расійскай агрэсіі супраць Украіны мела масавы характар. Асабліва выразна гэта праявілася на тэрыторыі Крыма і Данбаса.

Часова акупаваны Крым

Сярод кантактаў у стужцы многіх сяброў мікалаеўскіх «беркутаўцаў» маецца акаўнт іх таварыша па службе Аляксандра Біткова. Фігурант папярэдняга расследавання Сяргей Гаўрыляк нават пазначыў яго ў якасці свайго калегі. Менавіта ў выніку сведчанняў Біткова, які зараз хаваецца на тэрыторыі акупаванага Крыма, вынікае, што мікалаеўскі «Беркут» прымаў вельмі актыўны ўдзел у наўпроставых боесутыкненнях з абаронцамі Майдана, у спробах яго гвалтоўнага штурму і задушэння Рэвалюцыі. Гэтыя сведчанні вельмі каштоўныя, бо таксама тлумачаць асноўную матывацыю ўцёкаў «беркутаўцаў».

Біткоў Аляксандар Сяргеевіч (укр. – Бітков Олександр Сергійович)


Нарадзіўся 09.12.1985 года ў вёсцы Міхайліўка Ніжнегірскага раёну Крымскай вобласці, УССР. Пражываў ў вёсцы Мірнэ Вітаўскага (да 2016 года – Жаўтнэвага) раёну, непадалёк ад Мікалаева. Пасля прахаджэння тэрміновай вайсковай службы быў прыняты у РМАП «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці.

Яго акаўнт сацсеткі «VK» проста стракаціць допісамі, датычнымі тэматыкі практычнай стральбы. Не выключана, што ў мікалаеўскім падраздзяленні ён меў пасаду стралка-снайпера.

У лістападзе 2013 года Біткоў у складзе мікалаеўскай роты «Беркута» быў перакінуты ў Кіеў. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці ўцёк на тэрыторыю часова акупаванага Крыма.


Да нядаўняга часу Біткоў перабываў менавіта ў гэтым акупаваным Расіяй горадзе. Меркавана служыць у АМАП «Беркут» Галоўнага ўпраўлення Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі («Росгвардия») МУС РФ па так званай Рэспубліцы Крым.

Увесну 2014 году Біткоў удзельнічаў у якасці героя некалькіх тэлевізійных перадач расійскай прапаганды — чарговых прадуктаў інфармацыйнай вайны РФ супраць Украіны.

Адна з іх — аўтарская праграма «Русский вопрос» Канстанціна Затуліна, кіраўніка Інстытута краін СНД і аднаго з архітэктараў так званай «Русской весны», спецаперацыі расійскай гібрыднай вайны супраць Украіны ў 2014 годзе. Паводле сведчанняў Біткова, мікалаеўскае падраздзяленне «Беркута» ўдзельнічала практычна ва ўсіх сутыкненнях на Майдане. Ён падрабязна распавядае нават пра сваё раненне нібыта ад агнястрэльнай зброі, хаця ў медычных дыягназах, паводле яго жа слоў, ён зазнаў траўму ад удару палкай ці каменю.

Адметна, што Біткоў ў перадачы Затуліна дае зразумець матывацыю сваіх уцёкаў у Крым, якімі сталі нібыта магчымасць яго пераследу і страх расправы за ўчыненае сілавікамі на Майдане. Апроч гэтага ён засведчыў і пра атрыманую матэрыяльную дапамогу ад фонду Затуліна «Мы – все «Беркут», дзейнасць якога скіраваная на падтрымку калабарантаў з сілавых структураў Украіны і баевікоў так званай «крымскай самаабароны».


Кадр з сюжэту «Русского Вопроса» пра дзейнасць фонду «Мы — все «Беркут»

Кадр з сюжэту «Русского Вопроса» пра дзейнасць фонду «Мы — все «Беркут»



Апроч Затуліна ў стварэнні гэтага фонду ўдзельнічалі асабісты сябар Пуціна, байкер Аляксандр Залдастанаў («Хірург»), старшыня і сталы чалец чарнасоценнага «Изборского клуба» Аляксандр Праханаў і журналіст Міхаіл Леонцьеў, прадстаўнікі акупацыйнай улады Крыма Уладзімір Канстанцінаў і Аляксей Чалы, а таксама колішні нардэп ад «Партии Регионов», памагаты расійскіх акупантаў Алег Цароў. Фармальна заснавальнікам фонду выступіў Інстытут краінаў СНД, а ягоным выканаўчым дырэктарам стаўся Сяргей Ткачук – прэс-сакратар памочніка У.Пуціна Сяргея Глазьева.

Менавіта Затулін, Глазьеў і Ткачук фігуруюць у перахопленых і апублікаваных Генеральнай пракуратурай Украіны перамовах па каардынацыі дзейнасці (пра)расійскіх баевікоў на тэрыторыі Украіны ў межах правядзення спецапэрацыі “Русская весна”.

Аляксандр Біткоў быў запрошаны для ўдзелу і ў прапагандысцкім ток-шоў «Прямой эфир» на дзяржаўным тэлеканале «Россия 1», дзе ён засведчыў пра захоп яго падраздзяленнем Жаўтнэвага палацу падчас жорсткіх сутыкненняў і штурму кіеўскага Майдану 18 лютага 2014 года.



З гэтых прызнанняў вынікае, што мікалаеўскае падраздзяленне было адным з самых актыўных у структуры «Беркута», які прыцягваўся для крывавага задушэння народных пратэстаў. Спробай пазбегчы адказнасці за свае дзеянні на Майдане можна цалкам патлумачыць і масавыя ўцёкі мікалаеўскіх «беркутаўцаў» ў Беларусь, Расію і акупаваны Крым.

Вызначана, што на тэрыторыю Крыму пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці апроч Біткова выехаў яшчэ адзін мікалаеўскі «беркутавец» — Аляксандр Папоў.

Папоў Аляксандр Мікалаевіч (укр. – Попов Олександр Миколайович)


Нарадзіўся 29.05.1989 года у г. Ачакаў Мікалаеўскай вобласці, УССР. З 2007 па 2009 гады праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў 79-й асобнай аэрамабільнай брыгадзе (в/ч А0224, псд — г. Мікалаеў). Пасля дэмабілізацыі з войска прыняты на службу ў РМАП «Беркут» пры УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. У лістападзе 2013 года ў складзе свайго падраздзялення перакінуты на ўзмацненне ў Кіеў. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці з’ехаў ва акупаваны Крым. Да нядаўняга часу перабываў разам з сям’ёю ў Севастопалі.

Апазнаны ў супольным фотаздымку зводнага падраздзялення мікалаеўскага «Беркута», зробленага на вуліцы Грушэўскага ля Кабінету Міністраў Украіны падчас падзей Рэвалюцыі Годнасці.

Аляксандр Папоў пазначаны колам

Аляксандр Папоў пазначаны колам


На тэрыторыю Крыма ўцяклі і іншыя байцы мікалаеўскага «Беркута». Дзякуючы фігуранту папярэдняга расследавання Сяргею Гаўрыляку вызначана, што адным з гэтых уцекачоў з’яўляецца Аляксандр Вяроўкін.

Вяроўкін Аляксандр Уладзіміравіч (укр. – Вєрьовкін Олександр Володимирович)


Нарадзіўся 09.08.1990 года ў вёсцы Яўгэніўка Снігурыўскага раёну Мікалаўскай вобласці, УССР. Экс-баец мікалаеўскай роты спецпадраздзялення «Беркут». Апазнаны разам з Аляксандрам Бітковым у групавым фотаздымку «беркутаўцаў» у пункце сталай дыслакацыі мікалаеўскага падраздзялення.

Лічбамі пазначаныя: 1 – Аляксандр Вяроўкін; 2 – Аляксандр Біткоў; 3,4,5 – экс-байцы «Беркута» ў Беларусі — Сяргей Панасенка, Уладзімер Дзідык і Мікалай Стагарняк / InformNapalm

Лічбамі пазначаныя: 1 – Аляксандр Вяроўкін; 2 – Аляксандр Біткоў; 3,4,5 – экс-байцы «Беркута» ў Беларусі — Сяргей Панасенка, Уладзімер Дзідык і Мікалай Стагарняк / InformNapalm


Паводле сведчанняў Сяргея Гаўрыляка, таварыша па службе Аляксандра Вяроўкіна, апошні перабывае на тэрыторыі акупаванага Крыма. Паводле пазначанага ім месца бягучага знаходжання і спісу падпісак на паблікі, месца яго меркаванага знаходжання — Севастопаль.

Пасля таго, як Крым быў акупаваны, Расія перафармавала калабаранцкія падраздзяленні «Беркута» ў Крыме і уключыла іх у склад расійскага АМАПу, а затым «Росгвардии».

На тэрыторыі Беларусі выяўленыя ўжо сем экс-байцоў «Беркута», дакументальна пацверджаная служба шасці з іх ў атрадах АМАП МУС РБ. Гэтая лічба не толькі не канчатковая, але ў далейшым значна павялічыцца. У наступнай частцы мы пададзім крытычную інфармацыю, раскрыць якую дапамагло само Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: