Спецрасследаванне: каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі. Частка ІІІ

Трэцяя частка расследавання цалкам прысвечаная інфармацыі пра выяўленых «беркутаўцаў» у шэрагах мінскага АМАПа — сілавога падраздзялення, якое ўжо афіцыйна знаходзіцца ў статусе аб’екта санкцый ЗША. Супраць кіраўніцтва атрадаў АМАПа задзейнічаныя і санкцыі Еўрасаюза, Канады і Вялікабрытаніі.

Значную дапамогу ў межах гэтай часткі расследавання здзейсніла само Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, якое надало неабходную факталагічную інфармацыю. Гэтыя звесткі пацвердзілі ў тым ліку і вынікі ўсіх папярэдніх расследаванняў.

Маштабная ўцечка інфармацыі з МУС РБ

У 2018 годзе адбылася ці не найбольш маштабная ўцечка даных асабовага складу сталічнага структурнага падраздзялення МУС РБ. Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама апублікавала на сваім сайце імёны і прозвішчы падначаленых супрацоўнікаў, якія стаяць у чарзе на жытло па месцы сваёй службы. У спісах фігуравалі ажно 2149 (!) чалавек.

Апроч супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў у спісах меліся даныя на прадстаўнікоў праваахоўных органаў з усіх дзевяці сталічных раённых падраздзяленняў УС, а таксама мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце. Для нашага расследавання самае важнае — тое, што ў апублікаванай інфармацыі маюцца звесткі пра 345 (!) байцоў мінскага атрада міліцыі асаблівага прызначэння. З улікам нізкага ўзроўню адтоку кадраў (да 2020 года) і пераводу нязначнай колькасці байцоў у іншыя падраздзяленні абсалютная большасць з іх служыла ў гэтым атрадзе да самага нядаўняга часу.

Скрыншот старонкі сайта ГУУС Мінскага гарвыканкама з данымі байцоў АМАПа

Скрыншот старонкі сайта ГУУС Мінскага гарвыканкама з данымі байцоў АМАПа


Гэтая інфармацыя размяшчалася на сайце ГУУС Мінскага гарвыканкама з некаторай актуалізацыяй ажно да сакавіка 2019 года. Усе гэтыя спісы былі старанна заархіваваныя і цяпер даступныя для ўсеагульнага вывучэння.

Варта зазначыць, што апублікаваныя мінскім ГУУС звесткі пра супрацоўнікаў АМАПа цалкам пацвярджаюць сапраўднасць даных, прадстаўленых ініцыятывай BYPOL наконт асабовага складу сталічнага атрада гэтага падраздзялення.

У згаданым спісе супрацоўнікаў мінскага АМАПа з пазначэннем іх пазіцый у чарзе на жытло фігуруе значная колькасць выяўленых у Беларусі байцоў «Беркута» — восем чалавек.

Восем экс-байцоў «Беркута» ў чарзе на жытло супрацоўнікаў АМАПа ГУУС Мінскага гарвыканкама

Восем экс-байцоў «Беркута» ў чарзе на жытло супрацоўнікаў АМАПа ГУУС Мінскага гарвыканкама

Амаль у самым канцы спіса з пазіцыяй №333 быў мікалаеўскі «беркутавец» Сяргей Панасенка. Яго крыху апярэдзіў таварыш па службе Мікалай Стагарняк, які меў пазіцыю №329, і дастаткова далёка адарваўся ад іх наперад іх калега з Адэсы Сяргей Кімінчыжы, які займаў 291 месца. Пра іх мы ўжо пісалі ў другой частцы расследавання.

Цікава, што астатнія пяцёра колішніх «беркутаўцаў» пастаўленыя ў чаргу разам і ўмоўна аб’яднаныя ў адну групу з пазіцыямі, адпаведна, ад 255 да 259. Першае месца ў гэтай групе займала супрацоўніца роты міліцыі асаблівага прызначэння (РМАП) «Беркут» Галоўнага ўпраўлення МУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці Яўгенія Лысак.

Імя Яўгеніі Лысак таксама выяўленае сярод кантактаў фігурантаў папярэдніх расследаванняў, якія разам з ёй зараз служаць у мінскім сталічным АМАПе.

Ад дзіцячага стаматолага ў Мікалаеве да фельчара мінскага АМАПа

Лысак Яўгенія Мікалаеўна (па-ўкраінску — Лисак Євгенія Миколаївна) нарадзілася 08.09.1984 годзе ў Рызе, Латвійская ССР. Пражывала ва ўкраінскім Мікалаеве. У 2002 годзе скончыла Мікалаеўскую медыцынскую вучэльню (цяпер Мікалаеўскі базавы медыцынскі каледж).

Да пераходу на службу ў РМАП «Беркут» ГУ МУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці працавала ў агульнаадукацыйнай школе сацыяльнай рэабілітацыі і ў гарадской дзіцячай стаматалагічнай паліклініцы Мікалаева.

Апазнаная на супольным фотаздымку байцоў мікалаеўскага «Беркута», зробленага падчас нарады гэтага падраздзялення, меркавана, у 2011 годзе.

Яўгенія Лысак пазначаная кругам. Фота news.pn

Яўгенія Лысак пазначаная кругам. Фота news.pn

У адрозненне ад большасці яе таварышаў па службе з мікалаеўскага падраздзялення «Беркут» — сённяшніх мінскіх ампапаўцаў, — Лысак не стала прыхоўваць горад, дзе яна жыве з 2014 года. У яе выяўленым акаўнце сацсеткі «Аднакласнікі» яна пазначыла ў якасці месца свайго цяперашняга пражывання менавіта сталіцу Беларусі.

Паводле даных ініцыятывы BYPOL, Яўгенія Лысак з’яўляецца фельчарам 2-й аператыўнай роты АМАПа ГУУС Мінскага гарвыканкаму, мае званне старшага прапаршчыка міліцыі.

Падчас расследавання было выяўленае групавое фота байцоў гэтай роты, у якім з доляй верагоднасці зафіксаваная Яўгенія Лысак.

Байцы 2-й аператыўнай роты АМАПа ГУУС Мінскага гарвыканкама. Фота БГАВ ОУС і УВ

Байцы 2-й аператыўнай роты АМАПа ГУУС Мінскага гарвыканкама. Фота БГАВ ОУС і УВ

Адразу за Яўгеніяй Лысак у спісе супрацоўнікаў мінскага АМАПа у чарзе на жытло з пазіцыяй №256 знаходзіўся яе таварыш па службе, мікалаеўскі «беркутавец» Мікалай Чарэпін.

Чарэпін Мікалай Мікалаевіч

Чарэпін Мікалай Мікалаевіч (па-ўкраінску — Черепін Микола Миколайович) нарадзіўся 11.08.1988 года ў Мікалаеве, УССР. Навучаўся ў Мікалаеўскім політэхнічным каледжы. Пасля праходжання тэрміновай вайсковай службы стаў байцом РМАП «Беркут» ГУ МУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. У складзе свайго падраздзялення, меркавана, напрыканцы лістапада 2013 года быў накіраваны ў Кіеў на падмацаванне. Пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці разам са сваімі іншымі таварышамі па службе з’ехаў у Беларусь. Атрымаў грамадзянства Беларусі, а таксама працу ў шэрагах мінскага АМАПа.

Праяўляе празмерную асцярожнасць у сацыяльных сетках, на гэты момант выяўлены толькі адзін яго акаўнт у расійскай сацсетцы «Мой мир@Mail.ru».

Мікалай Чарэпін апазнаны ў відэа дзяржаўнага тэлеканала «СТВ», у якім раней ужо быў зафіксаваны фігурант папярэдняга расследавання капітан міліцыі Дзмітры Анцупаў. У сюжэце, апублікаваным на відэахостынгу YouTube, распавядаецца пра здачу іспыту на права нашэння чорнага берэта байцамі мінскага АМАПа. Кваліфікацыйныя выпрабаванні праходзілі 20 лістапада 2019 года пад Мінскам, а таксама ў месцы дыслакацыі сталічнага АМАПа на вуліцы Герояў 120-й дывізіі, 42.

У відэа можна пабачыць, як падчас апошняга этапу іспытаў аператар здымае дынамічную сцэну спарынгу байцоў АМАПа і вядзе тэлекамеру сінхронна з іх перасоўваннямі на імправізаваным рынгу. Аб’ектыў камеры фіксуе таксама іншых амапаўцаў, якія назіраюць за боем. Мікалай Чарэпін трапляе ў кадр літаральна на некалькі секунд (хронаметраж 1:27-1:31), якіх, аднак, было цалкам дастаткова для яго апазнання.

Кадр з відэасюжэта «СТВ», Мікалай Чарэпін пазначаны кругам

Кадр з відэасюжэта «СТВ», Мікалай Чарэпін пазначаны кругам

Ніжэй падаем параўнаўчы аналіз выкадроўкі відэасюжэта «СТВ» з фотаздымкамі Мікалая Чарэпіна з акаўнтаў сацсетак яго сваякоў, у выніку якога была здзейсненая яго ідэнтыфікацыя.

Паводле даных ініцыятывы BYPOL, Мікалай Чарэпін з’яўляецца камандзірам аддзялення 9-га ўзвода 3-й аператыўнай роты ГУУС АМАПа Мінскага гарвыканама, мае званне прапаршчыка міліцыі.

Цікава, што ў час відэафіксацыі Чарэпіна тэлеканалам «СТВ» яшчэ па стане на 20 лістапада 2019 года ён меў званне старшыны міліцыі.

Падчас расследавання вызначана, што ўлетку 2014 года сям’я Мікалая Чарэпіна скарысталася паслугамі транспартна-экспедытарскіх кампаній для дастаўкі мэблі з Мікалаева ў Мінск. Згодна з пададзенай на сайце перавозчыка інфармацыяй, пагрузка грузу аб’ёмам да 2 тон была здзейсненая ў грузавы бус 17 жніўня 2014 года (1, 2).

Гэта дадатковае сведчанне знаходжання сям’і Чарэпіна ў Мінску ўлетку 2014 года.

Вызначана, што праз паўгода, у лютым 2015-га, яго сям’я шукала тых, хто мог ім надаць сталую рэгістрацыю ў Мінскім раёне альбо вобласці, а таксама падавала абвесткі пра пошукі арэнднай кватэры ў мінскім мікрараёне Уручча, у якім, нагадаем, знаходзіцца база сталічнага АМАПа.

Рэмінісцэнцыя культу сілы

Са жніўня 2020 года рэжым самааддана спрабуе адрадзіць культ сілы і аднавіць ролю правадыра, якім вызначалася савецкае таталітарнае мінулае. Аднак для гэтага дыктатура ў Беларусі не валодае ані ўнутранымі сіламі і сродкамі, ані ключавым рэсурсам — згодай маўклівай большасці, — але як спараджэнне савецкай рэпрэсіўнай сістэмы імкнецца хаця б да знешняга з ёю падабенства. Пры гэтым гарантам захавання ўлады рэжыму Лукашэнкі выступае Расійская Федэрацыя, якая надае яму жыццёва неабходную сістэмную падтрымку.

У гэтых рэаліях стаўка на сілавы блок і дэманстрацыя гэтага набываюць стратэгічнае значэнне. Менавіта таму Лукашэнка ў атачэнні сілавікоў асабіста выходзіць на цэнтральны мінскі праспект са зброяй. Менавіта таму за дзень да Новага года, 30 снежня 2020-га, наведвае базу мінскага АМАПа, дзе раздае дзяржаўныя ўзнагароды.

Менавіта таму 27 студзеня 2021 года байцоў АМАПа разам з іх сем’ямі запрасілі ў Палац Незалежнасці. Запрасілі не ўсіх, але толькі абраных. Агулам на апублікаваных фотаздымках з Палаца Незалежнасці зафіксаваныя абліччы больш за 30 мінскіх амапаўцаў, а таксама чальцоў іх сем’яў.

Сярод гэтых амапаўцаў выяўлены і Мікалай Чарэпін. Ён апазнаны на адным з фота з гэтага візіту, апублікаваных прэс-службай ГУУС Мінскага гарвыканкама.

На фота прэс-службы патрапілі і папярэднія фігуранты нашых расследаванняў — Сяргей Кімінчыжы і, з вялікай доляй верагоднасці, Сяргей Панасенка.

На адным з супольных здымкаў з рэзідэнцыі Лукашэнкі Кімінчыжы зафіксаваны, з вялікай доляй верагоднасці, з яшчэ адным колішнім «беркутаўцам» — Сяргеем Панасенкам. Якасць фота і аптычныя аберацыі ў ім не дазваляюць на ўсе сто працэнтаў сцвярджаць, што гэта Сяргей Панасенка, аднак ёсць пэўныя прыкметы, якія дазваляюць гаварыць, што на фота, хутчэй за ўсё, Панасенка.

Праз запрашэнне ў сваю галоўную рэзідэнцыю рэжым Лукашэнкі выказаў своеасаблівае прызнанне і пашану байцам мінскага АМАПа, сярод якіх былі і колішнія «беркутаўцы» — удзельнікі супрацьстаяння на Майдане. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу дэманстрацыйная публікацыя прэс-службай сталічнага ГУУС фотаздымкаў з адкрытымі абліччамі як амапаўцаў, так і чальцоў іх сем’яў, у той час, як на дзяржаўным узроўні рэалізуецца палітыка наўмыснага ўскладнення ідэнтыфікацыі іх асоб у СМІ, а таксама падчас судовых працэсаў.

Наступныя пазіцыі ў спісе мінскіх амапаўцаў у чарзе на жытло займаюць фігуранты нашых папярэдніх расследаванняў — Сяргей Гаўрыляк і Анатоль Прымак — пазіцыі №№ 257 і 258 адпаведна. Замыкае групу з пяці байцоў мікалаеўскага «Беркута» з пазіцыяй №259 іх таварыш па службе — Ігар Запалух.

Запалух Ігар Юр’евіч

Запалух Ігар Юр’евіч (па-ўкраінску — Запалух Ігор Юрійович) нарадзіўся 17.04.1984 года ў вёсцы Куцуруб Ачакаўскага раёна Мікалаеўскай вобласці, УССР. Пасля праходжання тэрміновай вайсковай службы быў прыняты ў РМАП «Беркут» ГУ МУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці. У складзе свайго падраздзялення, меркавана, напрыканцы лістапада 2013 года быў перакінуты на падмацаванне ў Кіеў. Разам з іншымі таварышамі па службе з’ехаў з Украіны ў Беларусь пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці. Супрацоўнік АМАПа ГУУС Мінскага гарвыканкама.

Ігар Запалух ідэнтыфікаваны на супольным фотаздымку байцоў мікалаеўскага «Беркута», зробленым у ліпені 2009 года. На гэтым фота таксама зафіксаваны фігурант папярэдняга расследавання Дзмітрый Анцупаў.

На пярэднім плане перад БТР стаяць у цэнтры — Дзмітрый Анцупаў (другі леваруч) і Ігар Запалух (трэці леваруч)

Як і Мікалай Чарэпін, Ігар Запалух захоўвае інфармацыйную гігіену і не публікуе ў сацсетках уласныя фотаздымкі. Аднак дзякуючы яго сваякам у дачыненні да яго была сабраная ўся неабходная інфармацыя.
Родныя Ігара Запалуха маюць досыць шмат супольных фотаздымкаў, зробленых у беларускай сталіцы. Гэта ўласціва большасці гасцей Мінска, якія захапляюцца яго архітэктурнымі славутасцямі і маляўнічымі краявідамі. А ў адным з акаўнтаў сацсетак быў выяўлены фотаздымак, зроблены яго сваякамі поруч ці не з галоўным сімвалам і атрыбутам рэпрэсіўнага сілавога падраздзялення, у якім служыць Запалух.
Фотаздымак на памяць родных Ігара Запалуха ля аўтазака побач з Нацыянальным цэнтрам выстаў «БелЭкспа»

Фотаздымак на памяць родных Ігара Запалуха ля аўтазака побач з Нацыянальным цэнтрам выстаў «БелЭкспа»

Падчас правядзення расследавання выяўлена, што Ігар Запалух з’яўляецца таксама паляўнічым. У акаўнтах яго сяброў і сваякоў былі выяўленыя супольныя фотаздымкі разам з ім і іншымі паляўнічымі, якія дэманструюць здабытыя падчас палявання трафеі. Фота зробленыя яшчэ да яго ўцёкаў у Беларусь, меркавана, у Мікалаеўскай вобласці.
Ігар Запалух у цэнтры

Ігар Запалух у цэнтры


Ігар Запалух — другі леваруч

Ігар Запалух — другі леваруч

У выніку выведкі адкрытых крыніц інфармацыі вызначана, што Ігар Запалух з’яўляўся ўдзельнікам спаборніцтваў і чэмпіянатаў МУС Украіны па прыкладной стральбе і па мнагабор’і сярод снайпераў. Так, у складзе каманды Галоўнага ўпраўлення мікалаеўскай міліцыі з 26 па 29 красавіка 2010 года ён удзельнічаў у чэмпіянаце МУС Украіны па прафесійна-прыкладных відах спорту, які праходзіў на базе Запарожскага юрыдычнага інстытута і палігона навучальнага цэнтра в/ч 3033. Удзельнікі спаборнічалі ў прыкладной стральбе з пісталета Макарава (ПМ) і аўтамата АК.
Каманда па прыкладной стральбе мікалаеўскай міліцыі, Ігар Запалух — крайні праваруч

Каманда па прыкладной стральбе мікалаеўскай міліцыі, Ігар Запалух — крайні праваруч

З 14 па 17 жніўня 2012 года Запалух удзельнічаў у чэмпіянаце МУС Украіны па шматбор’і сярод снайпераў, які праходзіў у Данецку і на палігоне в/ч 3037 у г. Ясынувата (як і Данецк, знаходзіцца пад кантролем расійскіх войск). У спаборніцтвах прымалі ўдзел каманды абласных падраздзяленняў украінскай міліцыі.
Ігар Запалух (праваруч) разам з чальцамі каманды мікалаеўскай міліцыі, Данецк, жнівень 2012 г.

Ігар Запалух (праваруч) разам з чальцамі каманды мікалаеўскай міліцыі, Данецк, жнівень 2012 г.

Праграмай чэмпіяната было прадугледжана выкананне стралковых практыкаванняў з пісталета ПМ, снайперскіх вінтовак калібру 5,6 мм і 7,62 мм, а таксама дуэльнай стральбы.

На стрэльбішчы в/ч 3037, Ігар Запалух на пярэднім плане ў цэнтры, г. Данецк, жнівень 2012 г.

На стрэльбішчы в/ч 3037, Ігар Запалух на пярэднім плане ў цэнтры, г. Данецк, жнівень 2012 г.

Ужо на тэрыторыі Беларусі Ігар Запалух быў ідэнтыфікаваны на супольным фотаздымку байцоў сілавых падраздзяленняў, зробленым пасля правядзення ведамаснага спаборніцтва.

Ігар Запалух пазначаны кругам. Фота: БГАВ ОУС і УВ

Ігар Запалух пазначаны кругам. Фота: БГАВ ОУС і УВ

Паводле інфармацыі ініцыятывы BYPOL, Ігар Запалух з’яўляецца намеснікам камандзіра звяна ўзвода аператыўна-баявога прызначэння (22-і ўзвод, АБП) АМАПа ГУУС Мінскага гарвыканкама, мае званне старшага лейтэнанта міліцыі. Паводле штатнага складу, ён павінен спалучаць пасаду намесніка камандзіра звяна з выкананнем абавязкаў стралка-снайпера.

Узвод АБП — самае маладое падраздзяленне, якое ў структуры мінскага АМАПа узнікла толькі ў красавіку 2018 года. Узвод з’яўляецца асобным і не ўваходзіць у аніводную з аператыўных рот. Адна з яго галоўных функцый — наданне ў выпадку неабходнасці падтрымкі падчас правядзення сілавых аперацый дзяржаўнымі ведамствамі.

Адбор у гэты ўзвод здзяйсняецца з найбольш падрыхтаваных і правераных байцоў атрада. Паводле арганізацыйна-штатнай структуры, ён складаецца з 4 звёнаў па 7 байцоў у кожным. Кожная з гэтых тактычных адзінак мае ў сваім складзе камандзіра звяна, яго намесніка-снайпера, як было ўжо зазначана вышэй, а таксама кулямётчыка, адмыслоўца ў мінна-выбуховай справе, двух адмыслоўцаў-вышыннікаў з альпінісцкай падрыхтоўкай і міліцыянта-кіроўцу.

Ігар Запалух на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. З улікам спецыфікі выканання пастаўленых задач, байцам узвода аператыўна-баявога прызначэння АМАПа дазваляецца мець нестатутны выгляд

Ігар Запалух на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. З улікам спецыфікі выканання пастаўленых задач, байцам узвода аператыўна-баявога прызначэння АМАПа дазваляецца мець нестатутны выгляд


Паводле даных (пра)расійскага прапагандысцкага рэсурса strana.ua, Ігар Запалух не толькі прымаў удзел у супрацьстаянні з абаронцамі Майдана, але нават зазнаў лёгкае раненне. Згодна з апублікаванай інфармацыяй, ён быў паранены 18 лютага 2014 года, у дзень, калі пачаўся штурм Майдана, — вырашальны і самы трагічны этап Рэвалюцыі Годнасці, сёмую гадавіну якой Украіна адзначае ў гэтыя дні.


Паводле пазначанага часу і месца, Ігар Запалух быў паранены ў гэты дзень а 14.00 на вуліцы Грушэўскага непадалёк Марыінскага парку. Тады адбываліся брутальныя сутычкі паміж сіламі міліцыі, узброенымі «цітушкамі» з аднаго боку і абаронцамі Майдану з іншага.

Адзін з самых вядомых фотаздымкаў таго драматычнага дня. Збітыя байцамі «Беркута» кіеўскія навукоўцы, бацька і сын Мікола і Ігар Кузняцовы. Фота Reuters

Адзін з самых вядомых фотаздымкаў таго драматычнага дня. Збітыя байцамі «Беркута» кіеўскія навукоўцы, бацька і сын Мікола і Ігар Кузняцовы. Фота Reuters


Праз злачынныя дзеянні рэжыму Януковіча ў той дзень загінулі не менш за 20 пратэстоўцаў, звыш 500 зазналі раненні рознай ступені цяжкасці.

Следчыя органы Украіны маюць выключнае права і поўную кампетэнцыю на правядзенне расследавання наконт раскрыцця дзейнасці Ігара Запалуха як снайпера і прафесіянала па практычнай стральбе ў складзе падраздзяленняў «Беркута» падчас Рэвалюцыі Годнасці. Не выключана, што следчыя могуць праводзіць гэтае расследаванне і ў кантэксце вывучэння дзеянняў так званай «чорнай роты», байцоў якой падазраюць у масавых расстрэлах людзей у Кіеве ў лютым 2014 года.

Пры гэтым варта асабліва зазначыць, што выяўлены акаўнт Ігара Запалуха ў сацсетцы «Аднакласнікі» папросту перанасычаны допісамі з суполак «Антымайдана», усхваленнем мілітарысцкай велічы Расіі і сепаратысцкіх паблікаў, створаных у рэчышчы вядзення гібрыднай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Некаторыя суполкі, на якія падпісаны акаўнт сацсеткі «Аднакласнікі» Ігара Запалуха

Некаторыя суполкі, на якія падпісаны акаўнт сацсеткі «Аднакласнікі» Ігара Запалуха


Цікавая асаблівасць: дзед Ігара, Зіновій Запалух, увосень 1990 года здзейсніў у Ачакаве патрыятычную акцыю. Ён дэманстратыўна выйшаў у цэнтр горада з нацыянальным сіне-жоўтым сцягам Украіны. За гэта яго і яго паплечніка тады жорстка збілі прадстаўнікі Камуністычнай партыі, якія разарвалі і спалілі ўкраінскі сцяг.

Аднак ані патрыятызм дзеда, ані прысяга пад гэтым сцягам на вернасць украінскаму народу не зашкодзілі Ігару Запалуху служыць рэжыму, які з’яўляецца найбліжэйшым сатэлітам дзяржавы-агрэсара, што топча гэты сцяг на акупаванай ёю тэрыторыі Украіны.

Далейшае ж разгортванне так званай «Саюзнай дзяржавы» пагражае ў перспектыве і непасрэдным задзейнічаннем ваеннага патэнцыялу Беларусі ў гібрыднай вайне РФ супраць Украіны. Учарашнія «беркутаўцы» могуць пайсці са зброяй у руках супраць сваіх жа суайчыннікаў, жыццё, правы і свабоды якіх яны прысягалі мужна ахоўваць, не шкадуючы ўласных сіл.

Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі выяўленыя ўжо дзесяць экс-байцоў «Беркута». Маюцца дакументальныя сведчанні пра службу дзевяці з іх у атрадах АМАПа МУС РБ, аднак і гэтыя лічбы не канчатковыя. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: