Спорт па нядзелях. Хакей узначаліць «не хакеіст», беларусы ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў

Чарговы тыдзень на сыходзе, таму самы час адцягнуць увагу на спорт. Ад панядзелка да нядзелі тут традыцыйна віравала жыццё — на футбольных палях, хакейных пляцоўках, у кіраўнічых кабінетах ды ў глыбокіх кулуарах. «НЧ» зноў вылучае галоўнае і адразу робіць прызнанне: сённяшняя справаздача будзе мець яскравы прысмак футболу. Не дзіва — восень для самай папулярнай гульні ў свеце спрадвеку найбольш гарачая пара. То, як кажуць, пагналі.

Кіеў. Ілля Шкурын дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў

Вы, канечне ж, памятаеце гэтага хлопца — футбаліста Іллю Шкурына, які летась публічна даў зарок не выступаць за зборную Беларусі, пакуль у краіне не надыдуць перамены.

Ён і не выступае, хаця добры форвард — гэта як раз тая опцыя, якой так бракуе сённяшняй нацыянальнай камандзе. Зборная скрозь прайграе, на пачатку верасня пацярпела тры запар паразы і цяпер рызыкуе скончыць кваліфікацыю чэмпіянату свету на апошнім месцы ў сваёй адборачнай групе.

Шкурыну да ўсяго гэтага справы няма. Ён зараз акурат адаптуецца да новага месца. Летам Ілля пакінуў маскоўскі ЦСКА, дзе — скажам шчыра — у людзі не выйшаў. Аднак попыт на фактурнага беларуса застаўся ўстойлівым, і ён у выніку абраў працягам кар’еры кіеўскае «Дынама». Тут таксама не будзе лёгка, бо плавалі — ведаем. Далёка не кожнаму беларускаму гульцу адкрываўся футбольны Крэшчацік. Валянцін Бялькевіч і Аляксандр Хацкевіч тут сталі легендамі, а вось Сяргея Карніленку, Уладзіміра Макоўскага, Андрэя Варанкова і Нікіту Корзуна ўкраінская сталіца ў розны час адбракавала.

У Іллі Шкурына першыя крокі атрымліваюцца досыць асцярожнымі, але іх варта ўспрымаць са стрыманым аптымізмам. Дастаткова таго, што беларус, які доўгі час не меў пастаяннай гульнявой практыкі, карыстаецца даверам галоўнага трэнера Мірчы Лучэску. 76-гадовы румынскі спецыяліст па мянушцы Містэр выпускае беларуса на поле, і той імкнецца трымаць марку. У чэмпіянаце Украіны нават паспеў ужо аддаць галявую перадачу.

Але галоўнае ў іншым — у аўторак Ілля дэбютаваў на самым элітным узроўні. У групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў — самага прэстыжнага клубнага турніру Еўропы. І не проста дэбютаваў, а выйшаў у стартавым складзе хатняга матча з партугальскай «Бенфікай». Гола беларус не забіў, але ж не забіў увогуле ніхто — гульня скончылася ўнічыю 0:0. Шкурын правёў на полі 59 хвілін і выглядаў няблага. Будзем спадзявацца, далей будзе лепш — і па кіеўскім бруку ўраджэнец Віцебска яшчэ прагуляецца хадой паспяховага легіянера.

Севілья. Суддзя Аляксей Кульбакоў прызначыў чатыры пенальці за 41 хвіліну

Але найбольшы розгалас у першым туры Лігі чэмпіёнаў выклікаў, вядома, іншы беларус. Не гулец — арбітр. Аляксей Кульбакоў — найлепшы айчынны рэферы апошніх дзесяцігоддзяў.

На высокім міжнародным узроўні 41-гадовы Аляксей працуе даўно, што не мусіць здзіўляць. Кар’еру футбольнага суддзі гамяльчанін распачаў, калі яму было трохі больш за дваццаць гадоў. У 25 ён ужо быў аўтарытэтнай фігурай у нацыянальным чэмпіянаце, яму давяралі самыя прэстыжныя матчы. Натуральна, што і міжнародны статус не прымусіў сябе чакаць.

Ад той пары Кульбакоў прайшоў вялізны шлях — ад ніжэйшых еўракубкавых раўндаў і гульняў юнакоў ды юніёраў да паядынкаў групавых стадый Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы і знакавых двубояў нацыянальных зборных. Не будзе перабольшаннем сказаць, што яго ведаюць у твар сусветныя футбольныя зоркі кшталту Серхіа Рамаса альбо Лукі Модрыча.

А цяпер беларуса яшчэ будуць памятаць і заўзятары іспанскай Севіллі. Што нарабіў там інтэлігентны беларускі рэферы? Ды нічога супрацьпраўнага — проста паслядоўна фіксаваў парушэнні правіл і прызначаў прадугледжаныя гэтымі правіламі вердыкты. Ну, і атрымалася, што яшчэ ў першым тайме Аляксей паставіў у розныя вароты ажно чатыры пенальці — вельмі рэдкі выпадак для футбола. «Севілля» выканала толькі адзін 11-мятровы — і не схібіла. Яе суперніку — аўстрыйскаму «Зальцбургу» — шчасце прываліла тройчы, але толькі адна спроба аказалася выніковай. Так каманды і згулялі — нічыя 1:1, а пасля доўга-доўга абмяркоўвалі рашучасць арбітра з Беларусі.

А той жа серыйным прызначэнне пенальці не абмежаваўся. Каб футбалістам мала не падалося, паказаў яшчэ 11 жоўтых картак і адну чырвоную.

Мінск. Баскаў стаў сенатарам, хто ўзначаліць беларускі хакей?

Тыдзень таму, фіналізуючы сямідзёнку, мы зафіксавалі зыход адыёзнага Дзмітрыя Баскава з пасады старшыні Федэрацыі хакея Беларусі — і інтрыгу вакол пытання, хто ж узначаліць ФХБ у наступную чаргу.

Што ж, інтрыга часткова вырашылася. Постаць будучага кіраўніка беларускага хакея акрэсліў Аляксандр Лукашэнка — і ўжо зараз зразумела, што выбарчая канферэнцыя федэрацыі гэтую кандыдатуру зацвердзіць у імгненне вока.

«Вельмі дасведчаны, разумны чалавек, які прайшоў ужо палітычную загартоўку», — адзначыў Лукашэнка. І яшчэ больш адкрыў карты, дадаўшы: «Ён вялікі спартсмен, але не хакеіст. Тым не менш ён добры ўпраўленец».

Ад той пары спартыўная прэса і заўзятары гадаюць: што ж гэта за вялікі спартсмен, але не хакеіст? Скажыце, як яго завуць — амаль як у той песні.

У выніку грамадскае меркаванне перамыла косці наступным «кандыдатам»: былому весляру Аляксандру Багдановічу, былым гандбалістам Андрэю Барбашынскаму і Сяргею Рутэнку, былому біятланісту Сяргею Новікаву, былому адзінаборцу Уладзіміру Япрынцаву, былому лёгкаатлету Андрэю Міхневічу, былому футбалісту Людасу Румбуцісу…

Кожны з іх агучаным крытэрам адпавядаюць, але ж фаварытам «гонкі» варта прызнаць усё ж Багдановіча (на здымку). Спартсмен ён сапраўды вялікі — алімпійскі чэмпіён. Палітычную загартоўку атрымаў — быў цэлым дэпутатам у парламенце. Ну і сістэме служыць самааддана — такога праўладнага ў беларускім спорце яшчэ пашукай.

Застаецца толькі высветліць драбніцу: ці зможа паспяхова кіраваць хакеем былы вясляр (футбаліст, гандбаліст і гэтак далей). То бок чалавек, які наўрад ці дасканала ведае правілы гульні і добра, калі адрознівае сінюю лінію ад чырвонай.

Магчыма, і зможа — прыкладна ў той ступені, у якой паспяховым сенатарам стане хакейны адстаўнік Дзмітрый Баскаў.

Барысаў. БАТЭ перамог «Шахцёр» і ўзначаліў табліцу чэмпіянату

Знакавая падзея ў Вышэйшай лізе адбылася ўчора. У галоўным матчы другога круга БАТЭ перасіліў салігорскі «Шахцёр». Гульня, шчыра кажучы, была даволі лайновая — у тым сэнсе, што небяспечных момантаў ля варот у дастатковай колькасці не назіралася. І справа паволі рухалася да выніковых 0:0, аднак напрыканцы (91-я хвіліна!) на поле знайшоўся творчы ўзбек Шахбоз Умараў, удар якога і прынёс перамогу Барысаву.

Ну і вось: БАТЭ набраў тры ачкі і апярэдзіў салігорцаў у турнірнай табліцы. Так, у «Шахцёра» ёсць тры матчы ў запасе, аднак гэтыя матчы яшчэ трэба выйграць. А з гэтым у дзейнага чэмпіёна вялікія праблемы.

Мяркуйце самі: у апошніх пяці сустрэчах  чэмпіянату гарнякі перамаглі толькі двойчы — пры адной нічыёй і двух паразах. І былі ж яшчэ і вылеты з Кубка Беларусі і еўракубкаў. І ёсць жа яшчэ ўстойлівае адчуванне, што каманда патрапіла ў нейкі ментальны крызіс. Таму, здаецца, маюць рацыю тыя, хто кажа, маўляў, чэмпіёнскае пытанне ў гэтым сезоне пакуль зусім не вырашанае.

А кіраўніцтва «Шахцёра», мабыць, моцна чухае патыліцу — і дакарае само сябе наконт хуткаспелага ліпеньскага прызначэння галоўным трэнерам Сяргея Гурэнкі. Не пайшла ў таго справа — як кажуць, ад слова «зусім». Нахіліўся салігорскі карабель, глядзі, чаго добрага, зачарпне вады і пойдзе на дно. І, быццам разумеючы тое, сённяшні камандор гарнякоў вось так лупіць у тынкоўку «Барысаў-Арэны», вяртаючыся пасля паразы ў раздзявальню.

І, уласна, як бы тут не здарылася ў клубе чарговая трэнерская адстаўка пасярод сезону. Чым-чым, а гэтым мастацтвам у «Шахцёры» авалодалі добра.

Брэст. Футбалісты «Руха» тры месяцы не атрымлівалі заробкі

Увогуле, гэта такая сабе тэма — як звесткі пра чарговы збанкрутаваны калгас. Бо ў Беларусі цяжэй знайсці клуб, дзе гульцам цягам многіх гадоў плацяць грошы акуратна і рэгулярна. Можа, такіх клубаў і няма — за выключэннем хіба што вышэйзгаданых БАТЭ і «Шахцёра». А фінансавымі праблемамі беларускі футбол не напалохаеш. Яны былі, ёсць і будуць — колькі была і будзе сучасная Беларусь з яе дырэктыўна размеркавальнымі механізмамі харчавання прафесійнага спорту.

Аднак жа «Рух» — асобны выпадак. Даволі красамоўны, калі там пачаліся перабоі з фінансаваннем. Бо гэтая футбольная гаспадарка ў нас — прыватная, а ўладарыць на ёй набліжаны да ўладаў прадпрымальнік Аляксандр Зайцаў (на здымку). Той самы, на якога не так даўно лёг цяжкі цень міжнародных санкцый.

Зрэшты, калі справа ў санкцыях, то яшчэ паўбяды. Тут можна неяк выкруціцца. Але ж ёсць меркаванне (мажліва, надуманае), што Зайцаў у прынцыпе трохі ахаладзеў да футбола. Дый памалу скарачае бюджэтаванне свайго няпрофільнага спартыўнага актыву. Вось вымушана прыбраў, скажам, трэнера Кірыла Альшэўскага — а на яго месца так нікога статуснага і не прызначыў. Камандай кіруе не надта вопытны Вячаслаў Грыгараў. І ў летнім трансферным перапынку «Рух» не асабліва шчыраваў на ніве дазаявак, хаця шанцы на медаль у брэстаўчан рэальныя.

То сапраўды: а чаго ў беларускім футболе Зайцаў ужо не бачыў? Чэмпіёнам з брэсцкім «Дынама» быў, славу здабыў, аншлагі на стадыёнах збіраў, у еўракубках гуляў… Нават Дзіега Марадону на берагі Буга прывозіў. Ну, можа, і перахварэў гэтым захапленнем, хто ведае. Час пакажа. А пакуль «Рух» працягвае змагацца ў чэмпіянаце.

Фота reuters, getty images, onliner.by, pressball.by.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: