Справа гонару і святы абавязак

Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацый збіраюцца прыняць масавы ўдзел у цырымоніі перапахавання Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў, што збіраецца асабіста паехаць у Вільню, каб прысутнічаць на ўсіх мемарыяльных мерапрыемствах 22 – 23 лістапада.

 – Перапахаванне парэшткаў паўстанцаў і ў тым ліку Кастуся Каліноўскага – гэта гістарычная, найвялікшая падзея для Беларусі, для беларускага народа. На жаль, улады Беларусі да гэтага адносяцца не зусім так, як трэба. Таму прадстаўнікі беларускага народа там прымуць удзел. Я думаю, што там будуць тысячы і тысячы беларусаў. І гэтай падзеі будзе дадзена належная ацэнка і ўсім беларускім народам.

РР: Лукашэнка сказаў, што Каліноўскі – гэта неадназначная постаць.

Рыгор Кастусёў: Для Лукашэнкі – Каліноўскі пагроза ягонаму “аўтарытэту”. Зразумела, што ён не паедзе. Бо яму прыйшлося б прымаць удзел у мерапрыемствах, схіліць галаву перад гэтымі людзьмі, якія дамагаліся незалежнасці нашага краю, даць належную станоўчую ацэнку гэтым людзям. А цяперашняя ўлада няздольная гэта зрабіць, бо яна – небеларуская. Яна – пракрамлёўская, прамаскоўская і антыбеларуская.

Сустрашыня БХД Вольга Кавалькова: Гэта вельмі важная падзея ў нашай сумеснай гісторыі з Літвой. І як мага больш людзей з Беларусі мусяць прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве. Патрэбна медыйнасць і публічнасць гэтай справы, каб інфармацыя пра яе распаўсюджвалася і ў незалежных СМІ, і ў дзяржаўных. Каб беларусы масава далучыліся да перапахавання герояў нашай краіны.

Старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў: Калісьці была ў нас самая вышэйшая ўзнагарода – Ордэн Кастуся Каліноўскага, які Лукашэнка адмяніў. Я мяркую, што адмена гэтага і непрызнанне Каліноўскага ў Беларусі не дазволіла і перапахаваць Каліноўскага тут, і на самым высокім роўні прадстаўляць дэлегацыю. Таму што фактычна Каліноўскі – адзін з пачынальнікаў беларускага палітычнага праекту, народнік.

Старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч: Сябры Руху “За Свабоду” плануюць прыняць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах па перапахаванні паўстанцаў у Вільні. Тое, пра што даўно марылі і чакалі, каб з’явілася месца, куды можна прыехаць і пакланіцца тым, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць Беларусі, з’явіцца на мапе.

Па меркаванні Юрася Губарэвіча, гэтая падзея паспрыяе збліжэнню Беларусі і Літвы, бо разуменне супольнай гісторыі і супольнай спадчыны заўсёды дапамагае развіваць добрасуседскія адносіны.

Улады Беларусі таксама не засталіся ў баку ад падзеі. На цырымоніі будзе прысутнічаць афіцыйная дэлегацыя на чале з віцэ-прэм’ерам Ігарам Петрышэнкам.

 racyja.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: