«Справа медыкаў»: унікальнага лекара адправілі ў калонію, хоць пракурор не прасіў

Былога загадчыка эндаскапічным аддзяленнем 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска (цяпер Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі) Андрэя Саўчанку суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў да 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд не ўступіў у законную сілу, у сакавіку пройдзе разгляд апеляцыйнай скаргі. Пра гэта TUT.BY паведаміла інфармаваная крыніца.
Фота з сайту 9-й гарадской клінічнай бальніцы

Фота з сайту 9-й гарадской клінічнай бальніцы

4 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў беларускага эндаскапіста Андрэя Саўчанку вінаватым па ч.1 арт. 430 КК (Атрыманне хабару). Гэтая частка артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Лекара прысудзілі да 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўных-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў. Медыка затрымалі ў зале суда.

Пры гэтым, па дадзеных журналістаў, пракурор не прасіў пазбаўляць вядомага спецыяліста волі. Дзяржабвінавачанне запытала для яго пакаранне ў выглядзе 2,5 года абмежавання волі без канфіскацыі маёмасці. Гэта значыць суд вынес больш строгі прысуд, чым патрабаваў пракурор. Прысуд у законную сілу не ўступіў, у сакавіку будзе разгляд апеляцыйнай скаргі.

Следства залічвае эндаскапісту хабар у тры тысячы беларускіх рублёў. Абвінавачаны гэты факт прызнаў, раскаяўся і кампенсаваў шкоду.

У Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі калегі Саўчанкі не хаваюць шоку ў сувязі з прысудам.

— Прапрацаваўшы з чалавекам доўгія гады, вядома, мы перажываем, — кажуць там. — Ён лепшы спецыяліст у рэспубліцы па некаторых пытаннях. І мы спадзяваліся на абмежаванне волі, а не пазбаўленне. На 5 лютага ў яго была запланаваная работа (суд прайшоў 4 лютага.— Заўвага. TUT.BY).

Нагадаем, што медыка затрымалі ў пачатку ліпеня 2018 года, яго калегі тады ў гутарцы з TUT.BY казалі:

— А дзе наш Андрэй Васільевіч? Гэта адзіны спецыяліст у сваім родзе, больш за 30 гадоў прапрацаваў у шпіталі. У нас толькі адно пытанне: «Чаму?»

У жніўні эндаскапіст вярнуўся ў клініку, але ўжо не загадчыкам аддзялення, а проста лекарам. Пра яго як пра спецыяліста добра адгукаюцца не толькі калегі, але і пацыенты. Прысуд шакаваў і некаторых з іх.

Мазыраніну Анатолю Уладзіміравічу Жыгару 61 год, летам ён дасылаў у Адміністрацыю прэзідэнта ліст у абарону лекара.

На фоне гепатыту С у Анатоля Уладзіміравіча развіўся цыроз печані, а ў 2010 годзе адбыўся крывацёк са страўніка. Пасля гэтага ён трапіў у 9-ю гарадскую клінічную бальніцу ў Мінску, і Андрэй Саўчанка неаднаразова яму рабіў склеразаванне сасудаў стрававода і страўніка. Гэтая працэдура нагадвае ФГДС, калі ў страўнік у тым ліку апускаюць эндаскоп. Андрэй Саўчанка абараніў дысертацыю па склеразуючай тэрапіі варыкозна пашыраных вен стрававода і страўніка пры сіндроме партальнай гіпертэнзіі.

— Да 2016 года ён мяне ратаваў ў літаральным сэнсе слова. Гэта не перабольшанне. У год я ляжаў па некалькі тыдняў у шпіталі — і ўсё пад яго наглядам. Ён мяне давёў да перасадкі. Калі б не ён, я б памёр, — кажа суразмоўца.

У 2016 годзе Анатолю Уладзіміравічу зрабілі перасадку печані. Пасля гэтага ён прыязджаў у клініку на кантроль, у тым ліку яму рабілі ФГДС.

— Пра тое, што Андрэя Васільевіча затрымалі, я даведаўся летам з прэсы. Я быў агаломшаны. Прыязджаю ў Мінск на кантроль, а ў бальніцы ляжаць людзі, якія яго чакаюць. Гэта на самай справе вялікае гора. Шэсць гадоў у яго пастаянна лячыўся.

Адказу на свой ліст з Адміністрацыі прэзідэнта пацыент не атрымаў.

— Мабыць, не дайшло. Але я пісаў, што гэта нейкая памылка і такога не можа быць. Такі чалавек! Гэта вялікі ўдар па сферы.

У Вярхоўным судзе аператыўна пракаментаваць інфармацыю па прыгаворы не змаглі, папрасілі выслаць афіцыйны запыт.

Нагадаем, 28 студзеня 2019 года суд вынес прысуд Сяргею Карыцька, якога абвінавачвалі ў атрыманні хабару ў 2 тысячы долараў. Пакаранне для былога галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння — 2,5 года «хатняй хіміі». Па прыгаворы суда экс-кіраўнік РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі атрымаў 7,5 года пазбаўлення волі. Намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі — 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, галоўны ўрач 12-й стаматалагічнай паліклінікі Уладзімір Краўчонак — пяць гадоў. Былы кіраўнік Гродзенскага аблздароўя Андрэй Стрыжак асуджаны на 7,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: