Справа Сацука: якім будзе вынік?

На тыдні беларускія праваахоўнікі затрымалі галоўнага рэдактара анлайн-выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука. Падставай для затрымання стала крымінальная справа па частцы 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару), за што прадугледжана пакаранне на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей Сацук

Гісторыя з геаграфіяй


Сяргей Сацук быў затрыманы 25 сакавіка каля 16.30 каля гандлёвага цэнтра ў Мінску. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Падставай для затрымання стала нібыта атрыманне Сяргеем Сацуком грашовых сродкаў больш за год таму. Гэтыя грашовыя сродкі яму інкрымінуюцца як «хабар».

Пакуль што Сацук праходзіць па справе ў якасці падазраванага. На момант напісання матэрыялу абвінавачванне яму прад’яўлена не было. Але для яго абраная мера стрымання — знаходжанне пад вартай.

Супрацоўнікі ДФР КДК правялі ператрус у рэдакцыі «Ежедневника», вынялі з яго фінансавую дакументацыю. Таксама былі дапытаныя журналісты выдання Александр Сацук (брат Сяргея), Вадзім Сяховіч, Андрэй Аляксандровіч і галоўны бухгалтар анлайн-часопіса.

Яны праходзяць па справе як сведкі.

Пралог

Нагадаем, што Сацук і «Ежедневник» ці не ўвесь мінулы год спецыялізаваліся на расследаванні карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя. «Справа медыкаў» пачалася фактычна з падачы журналістаў. Пасля гэтага, як распавядаў Сацук, да яго прыходзілі з папярэджаннем пра тое, што яго могуць «заказаць» за яго артыкулы.

«Першым званочкам» быў рэпартаж канала «Беларусь 1» з залы суда па справе медыкаў ад 22 жніўня 2019 года. Вялікая частка рэпартажу была прысвечаная галоўнаму рэдактару «Ежедневника» Сяргея Сацуку, які нібыта за напісанне артыкула ўзяў 5 тысяч долараў, прычым артыкула менавіта аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя. На кадрах было бачна, што Сацук бярэ нейкі канверт. Што ў канверце — гледачу застаецца толькі здагадвацца.

Затым у «галоўнай газеце краіны» выйшаў артыкул пра «Ежедневник» і Сацука, дзе прамым тэкстам гаварылася, што журналіст за грошы дапамагае ліквідаваць канкурэнтаў.

Ніякіх доказаў, як і ніякіх аспрэчанняў матэрыялаў расследаванняў выдання не было. Было абвінавачванне ў тым, што Сацук «жыруе» на канкурэнтнай барацьбе бізнесменаў.

Сам Сацук гэтыя факты называў падрыхтоўкай да затрымання. І гэтае затрыманне адбылося. Праўда, чамусьці праз даволі працяглы час.

Пытанне складу злачынства

Ці быў хабар? Вельмі сумніўна. Па-першае, хабар зазвычай атрымліваюць за нешта. За спробу «вырашыць пытанні», напрыклад, ці нечаму паспрыяць. Якія пытанні мог вырашыць Сацук і чаму ён мог паспрыяць, незразумела. Пакуль што неверагодным падаецца сам прадмет злачынства.

Па-другое, хабарнікаў ловяць не так. Іх не затрымліваюць на вуліцы. Нам не аднойчы паказвалі па тэлевізары процьмы купюраў, нібыта вынятых у карупцыянераў. Зазвычай хабарніку і перадаюць памечаныя грошы, якія потым знаходзяць і вымаюць. У справе Сацука гэтага няма.

Па-трэцяе, чаму Сацука затрымалі толькі праз паўгады пасля таго, як ён «атрымаў хабар»? Чаму не адразу, калі вялася «аператыўная здымка», паказаная па БТ? Пагадзіцеся, ніхто не будзе паўгода трымаць у сябе ў шуфлядзе пяць тысячаў долараў, якія яму далі.

«Справа патрыётаў» №2?

Справа Сацука нагадвае справу «Белага Легіёну». Нагадаем, што тая справа таксама пачыналася з маштабнай прапагандысцкай кампаніі, «вішанькай» якой быў фільм па БТ. У яе межах затрымалі безліч народу, абвінавацілі іх ледзьве не ў тэрарызме. «Галоўная газета краіны», як і ў справе з Сацуком, таксама публікавала «выкрывальныя» матэрыялы, заснаваныя на матэрыялах следства — яшчэ да суда.

У выніку справа «Белага Легіёну» папросту развалілася. Адзіным яе вынікам стала тое, што некалькі патрыётаў правялі за кратамі багата часу. А віна іх у інкрымінуемых ім злачынствах даказаная не была.

Справа Сацука, падобна, пачынаецца па аналагічным сцэнары. Спачатку сюжэт па ТБ, потым публікацыі ў «СБ»... Які будзе вынік?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: