«Справа Скрыпалёў»: Чаму «сваім» не прабачаюць?

У 1975 годзе СССР падпісаў Хельсінкскае пагадненне, якое сцвярджала непарушнасць межаў у паваеннай Еўропе. Саюз далучыўся і да Канвенцыі па правах чалавека: «халодная вайна» ўзяла паўзу. Тады ж, у 1975-м, была прыпыненая праца 1-га Галоўнага ўпраўлення «С» КДБ СССР, якое займалася ліквідацыямі за мяжой, на якое працавала ажно 14 ведамасных інстытутаў… Гэты канвеер смерці быў адноўлены пры Пуціне.

Насамрэч, у 2000-х былі ўзарваныя, атручаныя ці застрэленыя дзясяткі чальцоў чачэнскага супраціву. Найбольш вядомы з іх — Залімхан Яндарбіеў, забіты ў Катары ў 2005-м двума супрацоўнікамі ГРУ, якія пасля былі затрыманыя. Наступнае рэзананснае забойства — былы афіцэр Літвіненка, тая знакамітая гісторыя пра палоній у кубку гарбаты. Будынак гатэлю ў Лондане, дзе жыў Літвіненка, фактычна пераўтварыўся ў «міні-чарнобыль».

Сёння ўвесь свет засяродзіўся на «справе Скрыпалёў». Зноў Вялікабрытанія, зноў былы афіцэр расійскіх спецслужбаў, зноў экзатычны спосаб забойства… Па ўсім свеце журналісты ды эксперты задаюцца пытаннем: навошта? Няўжо яно сапраўды таго каштуе? Іміджавыя і фінансавыя страты для Расіі пасля кожнага падобнага прэцэдэнту — неймаверныя. Думаць зараз пра зняцце санкцыяў — вельмі наіўна, хутчэй, варта чакаць новых. Каштоўнасць таго ж Скрыпаля як эксперта, што нібыта кансультаваў МІ-6, мінімальная, бо, пакінуўшы сістэму з дзясятак гадоў таму, ды яшчэ адседзеўшы ў турме, той наўпрост згубіў кваліфікацыю. Ён — звычайны пенсіянер. Тады — навошта?

Чаму ж такая ўвага расійскіх сілавікоў скіраваная менавіта на былых «сваіх» — чытай, «здраднікаў»? Насамрэч, гэта адзін са слупоў КДБ-ФСБ: маўляў, «уваход — капейка, выхад — рубель». Чалавек, які працуе ў гэтай структуры, па-першае, адчувае страх: яго і яго сям’ю ў выпадку нелаяльных паводзінаў чакаюць сур’ёзныя наступствы. Па-другое, як ні дзіўна, ён адчувае гонар: яго структура такая крутая і мае настолькі доўгія рукі, што можа прыбраць ворага дзе заўгодна. Гэта трэнды, закладзеныя ў часы СССР і культывуемыя ў сучаснай пуцінскай Расіі.

Хто ў свеце яшчэ займаецца забойствамі за мяжой? Канешне, Ізраіль, які пасля вайны выкрадаў ці забіваў былых нацыстаў, а пазней — дзеячаў «Хамасу» ды іншых мусульманскіх і тэрарыстычных структураў. Па-другое, падобная дзейнасць прыпісваецца ЗША: яны паслядоўна кропкава знішчаюць тэрарыстаў па ўсім свеце (ад Эскабара да Бен Ладана). У любым разе, Расія вылучаецца на гэтым тле. Толькі яна ў першую чаргу знішчае сваіх жа грамадзянаў. Толькі яна робіць з гэтага элемент палітыкі.

Насамрэч, узнікае і яшчэ адно пытанне: навошта пасля няўдалай спробы забойства Скрыпаля выпускаць на тэлеканал «забойцаў» — гэтую «салодкую парачку», якія нервова мармыталі нешта пра гадзіннік і шпіль сабора ў Солсберы? Сапраўды ж, камічна, няўжо нельга было падрыхтавацца, завучыць ролю? Камусьці гэта падаецца жудаснай некампетэнтнасцю і прафнепрыдатнасцю. Маўляў, ГРУ і ФСБ сёння працуюць настолькі тапорна, што падобныя пралікі робяцца нормай.

Я б не спяшаўся з высновамі. Па-першае, так званыя Пятроў і Башыраў маглі быць усяго толькі групай прыкрыцця, якую пры нагодзе не шкада і «зліць». Па-другое, і гэта найбольш імаверна, Расія наўпрост дэманструе свету: мы — можам. Можам пераўтварыць гатэль Літвіненкі ў «міні-чарнобыль». Можам пасля зрабіць Лугавога, які імаверна забіваў Літвіненку, дэпутатам. Можам атруціць два дзясяткі англічан (у Солсберы пацярпеў 21 чалавек) паралельна з выкананнем асноўнай задачы. Урэшце, можам выкарыстаць хімічную зброю ў самым сэрцы Вялікабрытаніі.


Можна доўга смяяцца з Пуціна, Шойгу і Кабзона, разбітых дарогаў і смярдзючых прыбіральняў бязмежнай усходняй суседкі. Але разам з тым, Расія — гэта сур’ёзна. Узгадайце нядаўнюю спробу захопу парламента ў Чарнагорыі (там таксама затрымалі ГРУшніка). Узгадайце гульні Масквы з ультраправымі палітыкамі па ўсёй Еўропе — так званы «правы інтэрнацыянал Пуціна». Узгадайце, як з дапамогай СМІ Масква гуляецца з сацыяльнымі праблемамі Захаду, ад бежанцаў да феміністак, пераўтвараючы іх у праблемы палітычныя? Узгадайце — і стане зусім не весела.

Здаўна Расія з’яўляецца ценем Захаду: у псіхалагічным, фрэйдаўска-юнгіянскім сэнсе. Гэта любоў і нянавісць, замешаная на комплексах ад сваёй недасканаласці. У галоўнага крамлёўскага параноіка, імаверна, усё гэта замацавалася яшчэ і падчас службы ў ГДР: «Як яны, ворагі, якіх мы перамаглі, жывуць лепей?» Таму — гэта сур’ёзна і надоўга. А «Пятрова з Башыравым» мы, магчыма, яшчэ ўбачым дэпутатамі Дзярдумы. Не таму, што тыя здольныя разумныя хлопцы, а таму што Расія можа.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!