Справу анархіста Паліенкі за пярцовы газ і графіці перадалі ў пракуратуру

Расследванне крымінальнай справы актывіста анархічнага руху Змітра Паліенкі завяршылася, справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд, піша Радыё Свабода.
Змітра Паліенку вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК), псаванні маёмасці (арт. 341 КК) і распальванні сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК). Актывіст застаецца пад вартай, псіхоляга-псіхіятрычная экспертыза пастанавіла, што ён «мог усведамляць фактычны характар і небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі».

Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка, яго трымалі пад вартай без выстаўлення абвінавачвання да 5 красавіка (хаця можна толькі 10 дзён). Розныя абвінавачванні аб’ядналі ў адну справу:

увечары 13 сакавіка, як сцьвярджае СК, Паліенка распыліў пярцовы газ з балончыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэнне ў пад’ездзе (паводле сяброўкі Паліенкі, гэта была самаабарона – да Змітра чапляўся «п’яны агрэсіўны мужчына»);

23 студзеня была распачатая таксама крымінальная справа за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску, у якой разам з Паліенкам фігуруюць Яўген Чуліцкі і Настасся Гусева.
Паліенку пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Сёлета яго ўжо штрафавалі за «экстрэмісцкую шапку».

​У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году, праз два з паловай гады зняволеньня.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.

Цяпер у зняволеньні Паліенка абвяшчаў галадоўку, патрабаваў аказання мэдыцынскай дапамогі і права на лісты сябрам. СК сцьвярджаў, што галадоўкі не было.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!