Справу пра «збіццё» Азаронка перадалі ў суд. Абвінавачаная — перакладчыца Вольга Калацкая

Пракуратура Фрунзенскага раёна Мінска накіравала ў суд крымінальную справу 50-гадовай перакладчыцы Вольгі Калацкай. Яе вінавацяць у «хуліганстве», паведамляе «Свабода».

Як гаворыцца на сайце Генеральнай пракуратуры, 15 лістапада 2020 года каля станцыі метро «Пушкінская» пры старонніх асобах «двойчы, з перапынкам у паўгадзіны», яна ўдарыла ў твар журналіста тэлевізійнага канала, які «выконваў абавязкі па асвятленні падзей» у Мінску.

Гаворка ідзе пра 26-гадовага аўтара «Сталічнага тэлебачання» Рыгора Азаронка, якога Аляксандр Лукашэнка пазней узнагародзіў медалём «За адвагу».

«Падчас папярэдняга расследавання абвінавачаная прызнала нанясенне ўдараў пацярпеламу, аднак адмаўляла наяўнасць у яе дзеяннях складу крымінальнага злачынства. Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры прыйшлі да высновы пра абгрунтаванасць абвінавачання. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Фрунзенскага раённага аддзела Следчага камітэта», — паведамілі ў пракуратуры.

Абраную да Вольгі Калацкай меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пракурор пакінуў без змен.

Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня ў сваёй кватэры. Пазней адвакату паведамілі, што яна праходзіць па крымінальным артыкуле («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Аднак 19 студзеня ёй прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт. 339 («Хуліганства»). 4 лютага ў кватэры 89-гадовай маці Калацкай прайшоў ператрус, а праз 10 дзён адзін са следчых паведаміў ёй, што справа дачкі завершаная і будзе перададзеная ў суд.

Маці Вольгі Калацкай патрабуе штодзённага догляду.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: