Спыніць пераслед журналістаў і не абмяжоўваць свабоду выказванняў!

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і рэдакцыі СМІ патрабуюць спыніць пераслед журналістаў і абмежаванне свабоды выказвання.

Міліцыя ў Ганцавічах затрымлівае журналістаў і пратэстоўцаў 20 чэрвеня, кадар з трансляцыі «Ганцавіцкага часу»


На працягу ўсяго двух дзён — 19 і 20 чэрвеня — у Беларусі былі затрыманыя падчас выканання прафесійных абавязкаў як мінімум 14 журналістаў. БАЖ і рэдакцыі медыя выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі спыніць пераслед журналістаў і абмежаванне свабоды выказвання.

Большасць з затрыманых журналістаў — адзначаецца ў заяве, — мелі пасведчанні журналістаў, як таго патрабуе заканадаўства аб СМІ, і гатовыя былі прад'явіць іх па патрабаванні, а таксама былі вельмі прыкметна абазначаныя як супрацоўнікі СМІ адпаведнымі камізэлькамі і бэйджамі.

Некаторыя з затрыманых журналістаў, у прыватнасці Аляксандр Пазняк і Сяргей Багроў, былі збітыя падчас затрымання ў Ганцавічах. Прычым напады (складана падабраць іншае слова) супрацоўнікаў міліцыі на журналістаў часцяком адбываліся ў прамым эфіры, і парушэнні правоў журналістаў былі відавочнымі.

БАЖ звяртае ўвагу, што артыкул 34 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" замацоўвае права журналіста ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю (п. 2.2.).

Журналісты трымаліся патрабаванняў заканадаўства — у адрозненне ад супрацоўнікаў сілавых структур, якія груба парушылі іх правы.

Гэтыя падзеі сталі квінтэсенцыяй абмежавання права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і свабоды выказвання меркавання, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У апошні час журналісты і СМІ пастаянна сутыкаюцца з адмовамі ў магчымасці прысутнічаць на пасяджэннях дзяржаўных органаў, у даванні афіцыйнай інфармацыі па значных для грамадства пытаннях (пандэмія COVID-19, выбары), падвяргаюцца пераследу ў выглядзе штрафаў і пагроз з боку дзяржаўных органаў (у тым ліку пагрозы пазбавіць СМІ і журналістаў акрэдытацыі), затрыманням.


ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і рэдакцыі СМІ патрабуюць ад кампетэнтных дзяржаўных органаў:

- строга выконваць арт. 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія гарантуюць свабоду выказвання меркавання, права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і забарону цэнзуры;

- спыніць пераслед журналістаў недзяржаўных СМІ, фрылансераў і журналістаў замежных СМІ за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў;

- роўнага стаўлення ў частцы акрэдытацыі, даванні інфармацыі і строгага выканання арт. 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе ўсім роўныя правы і роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцяў і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай незабароненай законам эканамічнай дзейнасці;

- спыніць сегрэгацыю СМІ пры забеспячэнні права на доступ і распаўсюд інфармацыі на дзяржаўныя і недзяржаўныя, пажаданыя і непажаданыя, зручныя і нязручныя, што прадугледжана арт. 13, 33, 34 Канстытуцыі;

- спыніць перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў.

Таксама ў заяве выказана патрабаванне да дзяржаўных органаў даць прававую адзнаку дзеянням прадстаўнікоў сілавых структур пры затрыманні журналістаў і перашкодзе іх дзейнасці; прыцягнуць вінаватых да адказнасці на падставе арт. 198 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за перашкоду ў якой бы там ні было форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста альбо прымус яго да распаўсюду ці адмове ад распаўсюду інфармацыі, здзейсненыя з ужываннем гвалту ці з пагрозай яго ўжывання, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, ушчамленнем правоў і законных інтарэсаў журналіста. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: