Спыніць узвядзенне памятнага знаку ў Курапатах!

Прадстаўнікі грамадскасці просяць кіраўніцтва краіны спыніць узвядзенне памятнага знаку ў Курапатах, каб не дапусціь супрацьстаяння вакол Народнага мемарыялу

Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце Аляксандру Лукашэнку, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Андрэйчанку і прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь Сяргею Румасу.

Сярод падпісантаў ліста — людзі, якія шмат гадоў апякуюцца Народным мемарыялам у Курапатах. Гэта старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, культуролаг Вацлаў Арэшка, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, археолаг Валянціна Вяргей, бард Аляксей Галіч, мастак Генадзь Драздоў, бард Зміцер Захарэвіч, музыказнаўца Алена Кісялёва, мастак Мікола Купава, археолаг Мікола Крывальцэвіч і айцец Леанід (Акаловіч).

Яны выказваюць занепакоенасць планамі ўзвядзення ва ўрочышчы памятнага знаку па выніках адпаведнага дзяржаўнага конкурсу

Курапаты — сімвал пакутаў і змагання беларусаў за праўду, за свабоду ад хлусні і гвалту, гэта месца грамадскага пакаяння, а не прымірэння са злачынствам.

Менавіта беларуская грамадзянская супольнасць адкрыла і данесла да Беларусі і свету праўду пра гэтае месца масавых расстрэлаў бязвінных ахвяраў, пацверджаную вынікамі пракурорскага расследавання. Менавіта грамадскім чынам адбылася і адбываецца мемарыялізацыя гэтага цяпер ужо сусветна вядомага помніка. Таму захады дзеля мемарыялізацыі ад імя дзяржавы на тэрыторыі Курапатаў не могуць адбывацца ва ўмовах закрытасці і валюнтарызму, зазначаецца ў лісце.

На меркаванне яго аўтараў, устаноўка мемарыяльнага знаку, створанага на аснове няяснай канцэпцыі, не прынятага і не ўхваленага шырокай беларускай грамадскасцю, не толькі не стане сапраўдным сімвалам памяці аб ахвярах савецкага таталітарнага рэжыму і не адыграе пазітыўнай ролі ў наладжванні грамадскага дыялогу, але можа абурыць неабыякавых людзей і абвастрыць сітуацыю вакол Курапатаў.

Падпісанты ліста ўпэўнены, што пакуль дзяржава не назвала імёны ахвяраў рэпрэсій — найперш тых, хто ляжыць у Курапатах, — іх ананімнае ўшанаванне ад імя дзяржавы будзе пустой фармальнасцю і не будзе мець нічога агульнага з пераадоленнем жахлівай спадчыны таталітарызму.

На думку прадстаўнікоў грамадскасці, перш чым ад імя беларускай дзяржавы ўшаноўваць памяць ахвяраў, якія ляжаць у Курапатах, дзяржава мусіць:

• дамагчыся прымальнага для грамадскасці развязання канфліктаў, якія адбываюцца вакол Курапатаў у выніку парушэння іх статусу як гісторычна-культурнай каштоўнасці і знявагі памяці ахвяраў, спыніць пераслед абаронцаў Курапатаў, што пратэстуюць супраць дзейнасці забаўляльнай установы побач з некропалем;
• агучыць імёны ахвяраў, стварыць умовы ўсім даследнікам для высвятлення абставінаў трагедыі ў Курапатах;
• публічна прызнаць факт ужо здзейсненай грамадскай мемарыялізацыі Курапатаў як некропалю бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму і пры планаванні ўсіх наступных захадаў зыходзіць з гэтага факту;
• вызначыць супольна з грамадскасцю падставовыя прынцыпы мемарыялізацыі Курапатаў і аналагічных месцаў памяці;
• паспрыяць правядзенню сапраўды адкрытага, справядлівага, усенароднага конкурсу, які б мог прыцягнуць розных майстроў, уключыць працы ўдзельнікаў усіх ужо праведзеных на гэтую тэму конкурсаў і шырока абмеркаваць ягоныя вынікі.

Пакуль не выкананыя гэтыя простыя і лагічныя ўмовы. просім Вас спыніць узвядзенне памятнага знаку ў Курапатах, каб не дапусціць супрацьстаяння вакол Народнага мемарыялу, падкрэсліваецца ў лісце.


Разам з тым, прадстаўнікі грамадскасці, якія шмат гадоў рупяцца Курапатамі, накіравалі адкрыты ліст аналагічнага зместу Сяргею Аганаву, Вользе Нячай, Марыі Маркаўцовай і Вользе Ярмолінай — удзельнікам творчага калектыву, абвешчанага пераможцам дзяржаўнага конкурсу на памятны знак у Курапатах.

Сярод падпісантаў ліста — мовазнаўца Вінцук Вячорка, фотамастак Георгій Ліхтаровіч, мастак Генадзь Лойка, паэт Уладзімір Някляеў, рэжысёр Валер Мазынскі, краязнаўца Алесь Макаў, мастак Аляксей Марачкін, паэт Алесь Разанаў, палітолаг Валянціна Свяцкая, палітык Павел Севярынец, былы вязень ГУЛАГу, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Яны просяць пераможцаў дзяржаўнага конкурсу на памятны знак у Курапатах адмовіцца ад рэалізацыі свайго праекту, пакуль не выкананыя вышэй названыя ўмовы. Гэты ўчынак, на думку аўтараў ліста, дазволіць творцам захаваць гонар мастакоў і годнасць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць