
Галоўная прычына знікнення «Смалявічаў» — адсутнасць неабходнага фінансавання. У лепшым выпадку каманда згуляе ў другой лізе нацыянальнага чэмпіянату, але ўжо яе аматарскі клуб. Трэнеры, футбалісты, персанал ФК «Смалявічы» атрымалі працоўныя кніжкі яшчэ ў снежні 2020-га, паведамляе Еўрарадыё.
Футбольны клуб у Смалявічах існуе з 1990-х. Спачатку гэта быў «Вігвам», з 2011-га — «Смалявічы-СТІ», з 2018-га — «Смалявічы». Каманда ўпершыню згуляла ў вышэйшай лізе ў 2018-м і ў тым жа сезоне развіталася з элітай. У 2020 годзе «Смалявічы» зноў згулялі ў вышэйшай лізе, але зноў няўдала.
Такі ж лёс можа напаткаць і «Гарадзею». Першыя трывожныя весткі прыйшлі яшчэ год таму, калі быў затрыманы дырэктар цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч. І зусім хутка «Гарадзея» стала на ўсю моц падаваць сігнал «SOS». Сезон худа-бедна завяршыла, але пасля заканчэння чэмпіянату цукровы камбінат выйшаў з кампаніі заснавальнікаў мясцовага ФК. Менавіта завод быў генеральным спонсарам «Гарадзеі» і напаўняў яе бюджэт ледзь не цалкам. Былі спробы хоць неяк падоўжыць існаванне ўжо без камбіната, але pressball.by мяркуе, што ў «Гарадзеі» проста не атрымаецца падрыхтаваць да 18 лютага дакументы для ліцэнзавання.