Стачкам «Гродна Азоту»: «Арышты — вынік працы чалавека, які супрацоўнічаў з КДБ»

У рабочых «усё атрымаецца, пытанне толькі калі», — лічыць кіраўнік страйкаму «Гродна Азоту» Юрый Рававы. Пра гэта ён распавёў www.dw.com.

Кіраўнік страйкаму «Гродна Азоту» разважае пра прычыны нядаўніх арыштаў 13 актывістаў рабочага руху, якія хацелі скарыстацца сваім канстытуцыйным правам на страйк. Цяпер ім пагражае турэмнае зняволенне да 15 гадоў.

«Арышты — вынік працы чалавека, які супрацоўнічаў з КДБ», — такое тлумачэнне таго, што адбываецца дае кіраўнік страйкаму «Гродна Азоту» Юрый Рававы, які цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

У сюжэце тэлеканала АНТ, кажа ён, быў паказаны фрагмент відэаканферэнцыі Zoom. У ёй прымаў удзел і падстаўны нібыта работнік «Гомсельмаша», імя якога стала вядома стачкамаўцам.

Калі стала зразумела, што гэты чалавек укаранёны і збірае даныя пра актывістаў, ім было рэкамендавана пакінуць краіну, працягвае Юрый. Але хтосьці не паспеў з'ехаць, а хтосьці сумняваўся, што наступствы будуць такімі жорсткімі. У выніку КДБ «адпрацоўвае» ўсіх, каго здолелі ідэнтыфікаваць.

Вядома, з аднаго боку, прызнае ён, людзі на заводах цяпер запалоханыя, і гэта ўдар па тых, хто можа наладзіць каардынацыю рабочага руху. Але, з іншага боку, гэтая гісторыя дадала ім матывацыі, паказаўшы, што ўлады і на самай справе баяцца рабочых.

«Усё атрымаецца, пытанне толькі калі», — так Юрый Рававы ацэньвае перспектывы страйку. І адразу дадае, што год таму ўлады выціснулі за мяжу самых актыўных чальцоў стачкама, і здавалася, што нікога не засталося, але сёння рабочыя зноў пачалі рыхтавацца да стачкі. Гэта значыць, цалкам узяць іх пад кантроль уладам не ўдалося.

«Рабочы рух» канстатуе, што ўсе негвалтоўныя метады адстаяць свае правы і свабоды ў Беларусі ўжо вычарпаныя, і адзіны спосаб дамагчыся сваіх мэтаў —агульнанацыянальны страйк. Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што «Рабочы рух» дзейнічае ў рамках закону, бо права на страйк з'яўляецца асноватворным для рабочых прамысловых прадпрыемстваў і замацавана ў Канстытуцыі РБ. Праўда, дадае ён, звычайна рабочыя вылучаюць эканамічныя патрабаванні, а ў дадзеным выпадку — палітычныя.

Пакуль што ў гэтай справе, працягвае праваабаронца, цяжка даваць якія-небудзь ацэнкі. Па факце ў СІЗА знаходзяцца паўтара дзясятка чалавек — затрыманні працягнуліся і ў панядзелак, — але абвінавачванне ім яшчэ не прад'яўленае. «Мы з тэлевізара даведаліся, у чым іх падазраюць, але дакументаў ніякіх няма», — адзначае Павел Сапелка.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: