Стала больш скаргаў на органы ўнутраных спраў і ахову здароўя

234 скаргі было на «органы следства» — на 78% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. «У іх гаворыцца пра незаконныя метады следства, прыняцце неправамерных рашэнняў».



За першую палову 2019 года ў Адміністрацыю прэзідэнта паступіла 13.058 зваротаў грамадзян. Паводле дадзеных прэзідэнцкай адміністрацыі, тысячы скаргаў звязаныя з рашэннямі судоў, органаў унутраных спраў і пытаннямі пра жыллё.

У студзені—чэрвені агульная колькасць зваротаў грамадзян павялічылася на 2,8% у параўнанні з першай паловай мінулага года, гаворыцца ў аглядзе галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, які апублікаваны ў апошнім нумары інфармацыйнага бюлетэня Адміністрацыі прэзідэнта.

«Памяншэнне колькасці зваротаў зафіксавана толькі з Гродзенскай вобласці і Менска (адпаведна на 7,9% і 1%). Найбольшы рост колькасці скаргаў адзначаецца з Менскай і Брэсцскай абласцей (адпаведна 7,9% і 3,6%)», — гаворыцца ў аглядзе.

Больш за ўсё зваротаў грамадзян паступіла па пытаннях жыллёвага фонду і жыллёва-камунальнай гаспадаркі — 2.427 (18,5% агульнай колькасці).

«Як правіла, гэтыя звароты тычыліся капітальнага і бягучага рамонту жылых дамоў, добраўпарадкавання месцаў агульнага карыстання і населеных пунктаў, аплаты жыллёва-камунальных паслуг, стану дарог у раённых і сельскіх населеных пунктах», — адзначаюць аўтары агляду.

У ліку трох самых папулярных тэм, якія паднялі грамадзяне ў першым паўгоддзі, аказаліся пытанні, якія тычыліся рашэнняў судоў (1.509 зваротаў) і дзеянняў органаў унутраных спраў (936). Пры гэтым колькасць скаргаў на дзеянні органаў унутраных спраў павялічылася на 13,3% у параўнанні са студзенем—чэрвенем мінулага года.

«У значнай меры на рост колькасці карэспандэнцыі гэтай тэматыкі паўплывалі звароты маці асуджаных за незаконны абарот наркатычных сродкаў аб прымяненні да іх дзяцей амністыі», — тлумачыцца ў аглядзе.

У першым паўгоддзі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года таксама павялічылася (на 16% да 718) колькасць скаргаў на сістэму аховы здароўя.

«На рост колькасці зваротаў паўплывалі і праблемы забеспячэння льготнікаў медыцынскімі прэпаратамі. На іх думку, беларускія аналагі ў разы горшыя за імпартныя», — гаворыцца ў дакуменце.

Колькасць скаргаў па пытаннях архітэктуры і будаўніцтва ў першым паўгоддзі павялічылася на 12% да 557 у параўнанні з першай паловай мінулага года.

«Рост колькасці зваротаў па гэтай тэме абумоўлены скаргамі на недаступнасць дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля для пераважнай колькасці насельніцтва краіны. У апошні час на дзяржпадтрымку могуць разлічваць толькі шматдзетныя сем`і», — адзначаюць спецыялісты Адміністрацыі прэзідэнта.

234 скаргі было на «органы следства» — на 78% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. «У іх гаворыцца пра незаконныя метады следства, прыняцце неправамерных рашэнняў», — тлумачаць змест зваротаў спецыялісты Адміністрацыі прэзідэнта.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая паведаміла БелаПАН, што ёй таксама даводзіцца ўвесь час атрымліваць звароты грамадзян па пытаннях, якія тычацца следства, працы судоў і органаў унутраных спраў. «Людзі скардзяцца на тое, што падазраваных збіваюць, аказваюць на іх псіхалагічны націск. Даходзіць да таго, што сваякі пацярпелых дасылаюць кампакт-дыскі з пацвярджэннем такіх выпадкаў», — сказала Канапацкая.

На яе думку такі паток зваротаў — заканамернае следства працы праваахоўнай сістэмы, якая сфарміравалася ў краіне. «Неправамерныя дзеянні праваахоўных органаў, пра якія пішуць грамадзяне і на якія ўказаў прэзідэнт на днях падчас нарады, — гэта вынік у тым ліку і таго, што ў нашай краіне адсутнічае грамадскі кантроль за дзейнасцю сілавых структур», — падкрэсліла Канапацкая.

Паводле БелаПАН, www.racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: