Стала вядомая дата суда над Паліенкам

Суд на актывістам Зміцерам Паліенкам пачнецца 25 верасня ў 10 гадзін у Мінскім гарадскім судзе. Гэта падцвердзіла сакратарка суда.

Зміцер Паліенка. Фота: ПЦ "Вясна"

Ці будзе судовае разбіральніцтва закрытым, стане вядома толькі на судзе, калі суддзя вынесе адпаведнае рашэнне.

Нагадаем, Дзмітрый Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы. 5 красавіка Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад'яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.

2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!