Стан Ігара Лосіка пагоршыўся. «Пачаліся праблемы са здароўем, скача ціск»

Блогер галадае ўжо 36 дзён.

19 студзеня Ігара ў жодзінскім СІЗА наведаў адвакат Дзмітрый Лепрэтар.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і блогер Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня — ужо 206 дзён. Апошнія 36 з іх Ігар галадае.

«Ігар мае намер працягваць галадоўку. Ён не хоча спыняцца. Адчувае сябе горш, чым падчас мінулай сустрэчы. Ігар сам пра гэта расказаў. У яго з'явілася слабасць і праблемы з ціскам. Раніцай ён вельмі нізкі, проста вельмі. А ўвечары падвышаны. Ціск Ігару мерае лекар, ён таксама цікавіцца яго самаадчуваннем. Таксама былі гутаркі з псіхолагам у Ігара», — расказаў Дзмітрый Лепрэтар.

Па словах адваката, да Ігара пачалі даходзіць лісты. Іх яму перадалі на мінулым тыдні. У пятніцу Ігар атрымаў каля 80 лістоў, пасля яшчэ па 10, па 20 запар. Усе лісты датаваныя яшчэ канцом 2020 году.

«Сярод іншых дайшло некалькі лістоў ад родных, — кажа адвакат. — Ігар вельмі рады ім. Ён сочыць за сітуацыяй, ведае, што адбываецца. Перадаваў вялікае прывітанне ўсім, хто яго падтрымлівае. Асабліва рады паштоўцы, якую атрымаў ад Маляваныча (актора Аляксандра Ждановіча). Яна яго вельмі падбадзёрыла. Перадае падзяку прадстаўніцтву Еўрасаюза ў Беларусі. Ведае пра яго заяву, дзякаваў за падтрымку. Усім неабыякавым людзям дзякуе, хто яго падтрымлівае. Прадстаўнікам дыяспары таксама. Ігар ведае, што адтуль яму таксама пішуць, яго там падтрымліваюць».

Паводле «Свабоды».

 

Галадоўку на знак пратэсту Ігар Лосік абвясьціў 15 сьнежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачаньні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Лосіка абвінавачвалі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Шэраг вядомых асобаў, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская і Зьміцер Дашкевіч, заклікалі Ігара спыніць галадоўку. Аднак ён адмовіўся гэта рабіць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: