Станіслаў Шушкевіч: Каму патрэбен сцяг па размеркаванні?

Былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў новую ідэю ўладаў – раздаваць людзям падчас перапісу насельніцтва дзяржаўныя сцягі.



Як вядома, не так даўно падчас мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю камсамола, адна аспірантка прапанавала раздаць кожнай сям’і падчас перапісу насельніцтва па дзяржаўнаму сцягу.

Аляксандр Лукашэнка ідэю падтрымаў і даручыў заняцца ёй кіраўніку сваёй адміністрацыі Наталлі Качанавай.

Станіслаў Шушкевіч у каментары для “Радыё Рацыя” адзначыў:

— У Злучаных Штатах ёсць Дзень памінання загінулых, і я бачыў, як гэта адбываецца на Арлінгтонскіх могілках. Людзі прыходзяць, і па дарозе можна купіць сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі. Купляюць, ідуць на могілкі і ставяць на могілках дзяржаўны сцяг. Дык, калі нашым уладам сёння няма куды падзець гэтыя сцягі, пастаўце іх на могілкі сталінскім ахвярам у Курапатах, як прабачэнне ад новага ўрада.

— Мяркуеце, што ідэя не вартая рэалізацыі?

— У даваенныя і пасляваенныя савецкія часы прыватныя дамы, якіх у Мінску было шмат, абыходзіла міліцыя і казала, што на свята трэба павесіць над сваім домам дзяржаўны чырвоны сцяг. Нешта і зараз падобнае адбываецца. Але калі ў людзей няма ў душы жадання зацвердзіць гэты сцяг, а трэба хадзіць з ім па размеркаванні, то каму гэта патрэбна? Многім больш даспадобы нацыянальны сцяг — бел-чырвона-белы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-23 19:25:24
Для мяне відавочна, што гэтыя два сцягі - бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны - наша мінулае. Ў будучыні будзе іншы дзяржаўны сцяг. Які? Ня ведаю. Некалі (дваццаць тры гады таму) я свой выбар зрабіў - гэта б-ч-б сцяг, у якога замест чырвонай паласы элементы беларускага арнаменту. Але маё не абавязкова наша. Так і з сённяшнім ч-з сцягам - ён сцяг улады, а не народа.

Больш цікавага на «Новым Часе»: