Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: «Вы даказалі, што страхам і сілаю вас ужо не перамагчы»

«З Божай помаччу вы пазбудзецеся крывавага ўзурпатара ўлады. Народ выйшаў «шчыльнымі радамі» бараніць сваю зямлю. Не забудзе ён і не даруе перажытага здзеку», — сказала старшыня Рады БНР у сваім звароце да беларусаў.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла са зваротам да беларускага народу. «Радыё Свабода» апублікавала ягоны тэкст.

«Напярэдадні свята Боскага Нараджэння і надыходзячага Новага году звяртаюся да вас, мае дарагія сябры, каб сказаць вам, як я моцна ганаруся вамі, і з глыбіні сэрца пажадаць вам добрага, памыснага і здаровага 2021 году, — гаворыцца ў звароце. — Дзякуючы вашаму гераізму і вашай годнасці здабылі вы для Беларусі ў гэтым 2020 годзе спецыяльнае месца ў сэрцах добразычлівых людзей усяго свету. Удзячная кожнаму з вас, хаця і баліць сэрца дзела пакутаў, якія вам прышлося перанесці.

Ваш уздым мне моцна дапамог перажыць асабістую бяду, якая мяне напаткала ў красавіку гэтага года — страту дачкі. За гэта таксама вам моцна ўдзячная.

Адначасна ніколі не дарую ўзурпатару ўлады ў Беларусі за ягоны здзек над вамі. Не хапіла яму брутальна хапаць вас падчас вашых мірных пратэстаў на вуліцах беларускіх гарадоў. Каб захаваць уладу, прыдумаў новую форму генацыду свайго народу, перапаўняючы турэмные камеры людзьмі, якія не мелі ніякай магчымасці абараніцца ад пандэміі каронавіруса.


Тады, калі ў іншых краінах людзям забаронена спатыкацца без маскі нават са сваімі блізкімі, нашых людзей — нягледзячы на іх узрост, на пол ці на здароўе, — хапаюць, напаўняюць імі аўтазакі і адвозяць у турэмныя камэеры, дзе няма магчымасці ані памыць рук, ані ўдыхнуць свежага паветра. Пра маскі няма і мовы. Такім чынам заражаныя людзі перадаюць каронавірус незаражаным, а гэтыя апошнія разносяць хваробу людзям вакол іх. Цяжка сабе ўявіць нешта горшае і больш цынічнае за гэта — успамінаюцца хіба толькі газавыя камеры ў нацыстоўскіх! І гэта ў ХХІ стагоддзі, нягледзячы на масу дагавораў у галіне здароўя і чалавечых правоў, падпісаных Рэспублікай Беларусь.

Дарагія мае суродзічы, гэты здзек вы перажылі, аднак, не дарэмна. Увесь свет бачыць, хто з вас здзекуецца і ў якіх нялюдскіх умовах вам трэба жыць. А таксама бачыць, як годна вы сябе паводзіце. Прызнанне Пуціным перамогі Лукашэнкі на выбарах 9-га жніўня і абяцанне маскоўскага аўтакрата памагчы Лукашэнку ў выпадку патрэбы не пойдуць на карысць злачынцам.

З Божай помаччу вы пазбудзецеся крывавага ўзурпатара ўлады. Народ выйшаў «шчыльнымі радамі» бараніць сваю зямлю. Не забудзе ён і не даруе перажытага здзеку.

Вы даказалі, што страхам і сілаю вас ужо не перамагчы! І што вы, пасля доўгай няволі, адчулі сябе годнымі сынамі зямлі, якую перадалі вам вашыя дзяды і прадзеды пасля дзесяці стагоддзяў змагання за яе волю. Веру, што разам мы пераможам усе цяжкасці і што каханы край наш, Беларусь, зойме сваё пачэснае месца ў сям’і вольных народаў свету. Дык памажы Божа! Жыве Беларусь!"

Радыё Свабода


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: