
Гэта ўжо трэці паход Мікалая Казлова ў СК, але кожны раз ён
адмаўляўся даваць паказанні, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі — нікога
нельга прымусіць даваць паказанні супраць самога сябе, распавядае «Наша Ніва».
У выніку Казлоў так нічога не сказаў, але з яго ўсё адно
патрабавалі падпісаць паперку аб неразгалошванні. Палкоўнік Аксана Перастэнка
паўтары гадзіны настойвала, каб палітык падпісаў паперку, але з гэтага так
нічога не выйшла.
Гэтаксама Казлова допытвалі 30 снежня і 5 студзеня. Кіраўнік
АГП лічыць справу «нічым неабгрунтаванай». «Допыты праходзяць з адзінай мэтай,
каб надзёргаць нейкіх цытат, а з іх зляпіць абвінавачванне», — кажа палітык.
«У вельмі многіх пытаннях стаіць прыпіска аб «пагрозе
нацыянальнай бяспецы». Я не вытрымаў і спытаў, ці засталіся яшчэ правы, якія не
пагражаюць нацыянальнай бяспецы, мне на гэта нічога не адказалі. Мне здаецца,
што падпіскай аб неразгалошванні яны хочуць прыкрыць тое глупства і непрафесіяналізм,
які бачны ў гэтай справе».
На допыт 12 студзеня прыйшоў участковы Партызанскага раёна
Мінска, які забраў палітыка і яго адваката ў апорны пункт міліцыі, дзе склаў
адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаванне». Парушэнне
заключаецца ў тым, што Казлоў адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні. Суд
прызначаны на 15 студзеня а 11:00.
Казлову пагражае штраф ці 15 сутак зняволення.