Статкевіч агучыў маршрут акцыі на Дзень Волі

У вечаровым эфіры тэлеканалу «Белсат» лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч агучыў планы на 25 сакавіка ў Мінску.
Дзень Волі 2016

Дзень Волі 2016

Ці дазволяць улады акцыю 25 сакавіка, пакуль невядома — першую заяўку згубілі, але актывісты падалі другую.

Шэсце на Дзень Волі, паводле ягонага плану, мае распачацца а 14-й гадзіне каля Акадэміі навук, па другі бок вуліцы ад кінатэатра «Кастрычнік», адтуль Статкевіч прапануе пайсці па праспекце Незалежнасці да плошчы Незалежнасці. А на плошчы прыняць план далейшых дзеянняў.

Па дарозе магчымае ўскладанне кветак да месца, дзе 25 сакавіка 1918 году была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата БНР — да колішняга «Дома Маліна», будынка па вуліцы Валадарскага, 9 (за кінатэатрам «Цэнтральны» паварот з праспекту ў бок гатэлю «Мінск»).

«25 сакавіка нас павінна быць вельмі шмат, — кажа Статкевіч. — Ня ўсе там як Рэмба павінны быць. Проста людзі павінны выйсці і паказаць, што мы гэтага больш не прымаем. Калі не пакажам, то будуць па нас нагамі хадзіць і на галаву гадзіць".

«Я думаю, цяпер увесь народ хоча менавіта мірных пераменаў. Але гэта вымагае працы, гэта будзе не за адзін раз. Прыйдзецца выходзіць — магчыма, нават выходзіць часта, на акцыях ціснуць на іх, выціскаць зь іх саступкі, прымушаць размаўляць з народам.

Калі ўлада павядзе сябе няправільна, я баюся, частка народу ўжо захоча іншых пераменаў. Я засьцерагаю ад гэтага ўладу. Вы павінны даць нам права выказацца і павінны слухаць нас, таму што мы вас утрымліваем».

На пытанне вядоўцы пра магчымыя рэпрэсіі з боку ўладаў да ўдзельнікаў шэсця Статкевіч папрасіў не палохаць яго і людзей: маўляў, «калі нас будзе шмат, нас ніхто не кране».

А на пытанне аб узгадненні планаў на акцыю з заяўнікамі Статкевіч заявіў, што ўзгадненне амаль завершанае, а тыя, з кім ён размаўляў, «усе згодныя з тым, што я бяру гэтую адказнасць на сябе».

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: