Статкевіч падчас вызвалення з турмы казаў: «Дайце нам даседзець!»

25 сакавіка Міколу Статкевіча затрымалі аб 11 гадзіне пры выхадзе са свайго дома ў Лошыцы. Адвезлі спачатку ў Ленінскае РУУС, а потым у турму на Акрэсціна, дзе палітыка пратрымалі 8 гадзін, а ўвечары нечакана вызвалілі разам з Уладзімерам Някляевым, Вячаславам Сіўчыкам, Максімам Вінярскім, Яўгенам Афнагелем, Леанідам Кулаковым, паведамляе "Радыё Свабода"

Мікола Статкевіч ля турмы на Акрэсьціна (архіўнае фота "Радыё Свабода")


Да 25 сакавіка палітык Мікола Статкевіч 8 дзён не выходзіў з хаты, бо цэлы квартал быў заблакаваны міліцэйскімі машынамі. Двойчы міліцыянты грукалі ў брамку, але ніхто не выходзіў, а ўрывацца ў хату яны не адважыліся.

Палітык спадзяваўся на незалежных журналістаў, напісаў у «Фэйсбуку», каб яго суправадзілі раніцай 25 сакавіка да плошчы Якуба Коласа. Але не ўсе змаглі дабрацца: раніцай быў заблакаваны не толькі квартал, дзе жыве Статкевіч, але і ўезд з вуліцы Маякоўскага на вуліцу Чыжэўскіх.

«Калі мяне везлі ў пастарунак, я бачыў, што на павароце з Маякоўскага на Чыжэўскіх павесілі „цагліну“, а гэта вуліца даволі ажыўленая, па ёй ходзіць цывільны транспарт. Да майго дома здолелі даехаць нейкім чынам журналісты „Еўраньюс“ і журналіста „Белсату“ нехта давёў літаральна „агародамі“. Калі я выйшаў з дому, выезд з варотаў быў заблакаваны міліцэйскай машынай, я спрабаваў трапіць у таксоўку да „Еўраньюс“. Мяне затрымалі. Жонка паднесла падрыхтаваныя для турмы рэчы, я пачаў крычаць, каб яна ішла назад, але яе таксама прымусілі сесці ў машыну», — расказаў Мікола Статкевіч.

Прывезлі іх у Ленінскае РУУС, патлумачылі, што ён не адседзеў тэрмін 10 сутак, які яму прысудзіў суд Маскоўскага раёну яшчэ ў кастрычніку — «за несанкцыянаваны пікет каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў выглядзе інтэрв’ю „Белсату“».

Марыну Адамовіч адпусцілі, калі яна пачала здымаць на тэлефон. На акцыю на плошчу Якуба Коласа Марына спазнілася, бо ў ейнай машыне нажом былі парэзаныя шыны. Тое самае адбылося і з машынай «Опель» 2002 году, якая належыць бацьку Статкевіча. Колы настолькі сапсаваныя, што аднаўленню не падлягаюць.

Ну а Статкевіча з міліцыі Ленінскага раёну павезлі ў турму на Акрэсціна.

«Пасадзілі мяне ў камеру са „стукачом“. 8 гадзін я адседзеў там, а потым кажуць: „З рэчамі на выхад. Падумаў, што вызваляюць камеру для арыштаваных пасля акцыі. Калі я выйшаў, убачыў Кулакова, Вінярскага ды іншых. Атрымліваецца, што я адседзеў 8 гадзін з 10 сутак.

Я ўчыніў скандал: маўляў, мне трэба адбыць 240 гадзін, калі я буду адседжваць па 8 гадзін, мяне будуць 30 разоў арыштоўваць?“ Там усе пратэставалі — „Дайце нам даседзець“. Таму, шчыра кажучы, не радуе гэтае вызваленне нікога з нас».

Статкевіч кажа, што цяпер яму давядзецца жыць у напружанні ўвесь час, бо ў любы момант могуць зноў забраць. Да таго ж на Статкевіча складзены пратакол за заклікі выйсці на акцыю 25 сакавіка.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-03-26 13:15:40
ЧАГО ХОЧА сп.СТАТКЕВІЧ?
Каб вы ведалі, то з нашых дэмакратычных свабода слова любівых незалежных і па самае не магу бел-чырвона-белых СМІ мяне трывае толькі Новы час і Народная воля. Астатнія не даюць даседзіць нават восем хвілін ля компа, каб давесці да фіналу напісанне камента ці артыкула і выдаляюць яго або баняць мяне. Дык вось да вас, паважаныя, пытанне: ДЗЕЛЯ ЧАГО сп.Статкевіч прасіў даць яму даседзіць яшчэ 232 гадзіны ў турме на Акрэсціна? Дзеля смачнага слова ў інтэрв'ю СВАБОДЗЕ? А яшчэ для чаго? Дзеля пантоў. А яшчэ для чаго? Падчас выбараў-2010 у момант галасавання я вырашаў галасаваць за Статкевіча або за Саннікава, але аддаў свой голас апошняму. А сёння ні за аднаго з іх не галасаваў бы. Дык чаго хоча сп.Статкевіч, СВАБОДА і іншыя нашы б-ч-б СМІ і змагары? Я сур'ёзна пытаюся. Няўжо СВАБОДА сваёй шмат дзесяцігадовай творчасцю мае мэту дапамагчы нам зрынуць уладу нашага любімага кіраўніка Лукашэнку, каб перанесці офіс радыё з Прагі ў Воршу? А сп.Статкевіч чаго жадае?
  • Anatol Starkou
  • 2018-03-26 13:33:47
Вярнуць выбары? Тое, што па яго меркаванню-2010 скрала ўлада? А пасля Новых Выбараў ШТО БУДЗЕ на Беларусі? Бел-чырвона-белае шчасце? А чырвона-зялёнае куды дзеніцца? Закапаем ля Курапатаў ці адправім пешшу на Ўсход за Воршу, каб для іх - нашых чырвона-зялёных супляменнікаў - СВАБОДА транслявала свае праведныя бел-чырвона-белыя погляды на беларускае жыццё-быццё? На Дзікім Захадзе, спадарства, з веку ў век тагачасныя дэмакратычныя выбары не змяняюць падзел народа на бедных і багатых - такая тамтэйшая дэмакратыя. Нашы адраджэнцы амаль трыццаць гадоў таму паспяхова падзялілі нас беларусаў на беларусаў і беларусаў. Гэта значна складаны падзел і ад яго мы дагэтуль не ачунялі. Дык што жадаюць змяніць у нашым жыцці СВАБОДА і сп.Статкевіч? Хочуць каб мы ізноў як да бел-чырвона-белага адраджэння сталі адзінай нацыяй? Дык тады мы ўсе былі чырвона-зялёнымі. Хочуць каб мы сталі бел-чырвона-белымі, але беднымі і багатымі як на Дзікім Захадзе? Дык тады трэба прыхватызаваць дзяржаўную ўласнасць.
  • Anatol Starkou
  • 2018-03-26 13:18:25
Вярнуць выбары? То бок тое, што па яго меркаванню-2010 скрала ўлада Лукашэнкі? А пасля Новых Выбараў ШТО БУДЗЕ? Бел-чырвона-белае шчасце? А чырвона-зялёнае куды дзеніцца? Закапаем ля Курапатаў ці адправім пешшу на Ўсход за Воршу, каб для іх - нашых чырвона-зялёных супляменнікаў - СВАБОДА транслявала свае праведныя бел-чырвона-белыя погляды на беларускае жыццё-быццё? На Дзікім Захадзе, спадарства, з веку ў век тагачасныя дэмакратычныя выбары не змяняюць падзел народа на бедных і багатых - такая тамтэйшая дэмакратыя. Нашы адраджэнцы амаль трыццаць гадоў таму паспяхова падзялілі нас беларусаў на беларусаў і беларусаў. Гэта значна складаны падзел і ад якога мы дагэтуль не ачунялі. Дык што жадаюць змяніць у нашым жыцці СВАБОДА і сп.Статкевіч? Хочуць каб мы ізноў як да бел-чырвона-белага адраджэння сталі адзінай нацыяй? Дык тады мы ўсе былі чырвона-зялёнымі. Хочуць каб мы сталі бел-чырвона-белымі, але беднымі і багатымі як на Дзікім Захадзе? Дык тады трэба прыхватызаваць дзяржаўную ўласнасць
  • Anatol Starkou
  • 2018-03-26 13:18:49
Хочуць каб мы ўсе разам пачалі скакаць на Плошчы, як украінцы на тым Майдане-2013-14? Дык ад падскокаў разнясем Сінявокую ў шчэпкі. Чаго хоча спадар Мікола Статкевіч? Дасядзець 232 дні. А яшчэ чаго?
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: