Статкевіча асудзілі на 15 сутак за заклік да малебну

Затрыманага 7 красавіка каля дома Міколу Статкевіча, які збіраўся на малітву за Курапаты да Сьвята-Духавага сабора пасьля зносу крыжоў у мэмарыяле, судзілі раніцай 9 красавіка. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода
Суд над Статкевічам доўжыўся 5 хвілінаў. Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла рашэнне: 15 сутак арышту.

Мікола Статкевіч адмовіўся ўдзельнічаць, заявіў суддзі адвод, але яна не пагадзілася. Суд адбываўся за нібыта заклік да несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП РБ), Статкевіч абурыўся: «Якая акцыя, гэта ж была малітва!»

Да заканчэньня працэсу ён паспеў заклікаць зноў маліцца ў нядзелю ля катэдральнага сабору, выгукнуць «Жыве Беларусь!»

Некалькі дзён каля ягонага дому ў Лошыцы дзяжурылі тры мікрааўтобусы. У нядзелю раніцай, калі Статкевіч сядаў у аўтамабіль, яго схапілі людзі ў цывільным і павезлі ў Цэнтральны РУУС Менску.

Удзень у нядзелю яго змясьцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Прычым раніцай у панядзелак у ЦІПе не хацелі прымаць перадачу, якую прывезла жонка Марына Адамовіч: «Яго зараз павязуць у суд, навошта яму торбы?» – казалі ахоўнікі. У панядзелак Статкевіча ў суд так і не прывезлі.

У аўторак а 5-й раніцы Міколу Статкевіча тайна вывезлі з Акрэсьціна ў Цэнтральны РУУС, пратрымалі там у «стакане» да 8-й раніцы і павезлі ў суд Цэнтральнага раёну.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!