Ставіўся да салдат, як да сваіх дзяцей

Родныя Артура Вірбала перакананыя, што яго хочуць зрабіць адзіным вінаватым. Жонка затрыманага ў справе Коржыча прапаршчыка сказала: «Мой муж ставіўся да салдат, як да сваіх дзяцей»

Артур Вірбал, фота з сацыяльных сетак.

Прапаршчыка Артура Вірбала затрымалі 14 кастрычніка. Родныя пакуль ня ведаюць, ці прад’яўленыя яму абвінавачванні і ў чым яго падазраюць. «Мы нічога не ведаем. Толькі тое, што яго затрымлівалі на 72 гадзіны. Цяпер мой муж знаходзіцца ў СІЗА ў Мінску», — расказвае Настасся Вірбал. Яна перакананая, што яе мужа і двух затрыманых сяржантаў хочуць зрабіць у справе Коржыча крайнімі.

«Вы самі разумееце, якога-небудзь палкоўніка не пасадзяць. Яны ўсе хочуць выйсці (з гэтай гісторыі. — РС) чысценькімі. Я ведаю свайго мужа, я жыла з ім. Ён пра сваіх салдат гаварыў, што гэта ягоныя дзеці. Што ён за іх гарой стаяў, абараняў заўсёды», — кажа Настасся. Яна гаворыць, што настроеная рашуча. «Артур не мог зрабіць таго, у чым яго цяпер абвінавачваюць. Калі спатрэбіцца, я ўсім дакажу, што ён невінаваты», — кажа яна.

Родныя Артура Вірбала збіраюцца наймаць яму адваката. Таксама Настасся хоча заблакаваць старонку мужа «ВКонтакте».

«Людзі ўбілі сабе ў галаву, што мой муж і затрыманыя сяржанты ва ўсім вінаватыя, пішуць цяпер, абвінавачваюць яго. Я звярнулася ў тэхпадтрымку сацыяльнай сеткі, хачу заблакаваць старонку мужа. Альбо хаця б каб далі мне паролі, каб я магла кантраляваць старонку. Гэты бруд вельмі непрыемна чытаць», — гаворыць Настасся.

Яна дадае, што муж дома аб працы не размаўляў. На ўсе пытанні адказваў, што ўсё добра, падрабязнасцяў не раскрываў.

«Калі шчыра, я нічога не ведаю пра знойдзеную ў мужа пластыкавую картку Коржыча. Разумееце, я яго жонка, я буду абараняць Артура ад усяго, што цяпер пішуць у інтэрнэце. Ён не такі. Артур іншы», — гаворыць Настасся.


Як развіваюцца падзеі

 

На магіле Аляксандра Коржыча

​3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай смерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай версіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю “Радыё Свабоды” фотаздымкі ягонага цела са слядамі прыжыццёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадмтве.

13 кастрычніка Следчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.

Паводле прадстаўніка Следчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да металічнай арматуры пад столлю склепа, з перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасні Коржыч быў у медчастцы з вострай рэспіратарнай інфекцыяй, і тады яго аглядаў псіхіятр. Дыягназ быў «здаровы». Пасля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасня, звестак пра яго далейшае месцазнаходжанне ў следчых няма.

Аляксандар Коржыч (злева) у войску, архіўнае фота

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча не менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «без ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэнні аб іх затрыманні».

Папярэдне разглядаюцца версіі давядзення да самагубства праз «дзедаўшчыну», здзекі, гвалт, вымаганне ці адбіранне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карыслівых матываў або праз «валоданне звесткамі, якія кампраметуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псіхалагічную траўму або нежаданне служыць.

Адразу па здарэнні прэсавы сакратар Мінабароны Уладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сітуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў: «Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».

Раней паведамлялася, што міністр абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асобаў камандавання вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: