Стэндапера, які зняў відэа праўладнага мітынгу ва Уруччы, асудзілі ўжо трэці раз. Агулам яму прысудзілі 45 сутак

31-гадовы стэндапер Цярэнцій Марыніч быў затрыманы яшчэ 27 красавіка. Тады яго асудзілі на 15 сутак, а 10 мая дадалі яшчэ 15. У гэты раз на хлопца склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП за тое, што «будучы каля Першамайскага РУУСа, ён хапаў за рукі мінакоў і нецэнзурна лаяўся», распавядае «Вясна».

28 мая адбыўся ўжо трэці суд над мінчуком. Яго справу разглядзеў суддзя Максім Трусевіч. На судзе Цярэнцій сцвярджаў, што ў час «правапарушэння» ён быў на Акрэсціна, адкуль яго яшчэ не выпусцілі пасля папярэдніх «сутак». Цярэнцій павінен быў выйсці 27 мая ў 14:30. Яго брат пацвярджае, што хлопец з Акрэсціна не выходзіў з 13:00 да 20:30, бо сам сустракаў яго.

У матэрыялах справы няма ніводнага подпісу Марыніча, але ўсюды напісана, што з матэрыяламі справы ён азнаёміўся, але ад подпісу адмовіўся.

Суддзя Максім Трусевіч адхіліў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і пратаколам, бо ў пратаколе напісана, што Марыніч ужо з імі азнаёмлены.

Міліцыянт «Каваленка» сцвярджаў, што Цярэнція даставілі з Акрэсціна ў РУУС для гутаркі, але там ён пачаў «хуліганіць». У матэрыялах справы таксама ёсць заява, што камеры ў РУУСе ў гэты час не працавалі.

У выніку, суддзя Трусевіч прысудзіў Марынічу чарговыя 15 сутак. Агулам Цярэнцій быў асуджаны на 45 сутак.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: