Страх — адзіны інструмент захаваньня ўлады, які застаўся ў Лукашэнкі, — Фядута

Публіцыст Аляксандр Фядута разважае, што азначаюць новыя затрыманні сярод банкіраў і прадпрымальнікаў, аналізуе, ці маюць сілавікі ўласныя палітычныя амбіцыі, і адказвае на пытанне «Свабоды», на чыім баку будзе наменклатара



— За апошнія дні адбылося некалькі гучных затрыманняў прадстаўнікоў бізнесу — дырэктар ГУМу, некаторыя банкіры і прадпрымальнікі з асяроддзя былога прэм’ера Сяргея Румаса. Сам Румас фактычна ўцёк за межы Беларусі. Азнакамі чаго можна лічыць гэтыя затрыманні, ці сведчаць яны пра пэўны працэс і пэўную тэндэнцыю?

— З майго гледзішча, Аляксандр Лукашэнка не ўпэўнены ў тым, што яго падтрымліваюць эліты. Сёння ён фактычна кіруе толькі сілавікамі. Усё астатняе — людзі, якія ў любы момант могуць яму, як ён лічыць, «здрадзіць». І перш за ўсё ён не ўпэўнены ў прадстаўніках былога бізнесу. Менавіта таму справа Бабарыкі не скончылася толькі на Белгазпрамбанку, гэта наагул справа беларускага бізнесу.

Зразумела, што сам Румас не цікавы Лукашэнку, але як прадстаўнік пэўнай нелаяльнай карпарацыі ён вельмі важны. І ягоны арышт быў бы знакавым, ён меўся б прымусіць прадстаўнікоў банкаўскай супольнасці да страху і лаяльнасці. Бо страх — адзіны інструмент захавання ўлады, які застаўся ў Лукашэнкі. Румас збег, але будуць хапаць ягоных знаёмых, будуць браць закладнікаў, каб ён вярнуўся. Я думаю, ён не вернецца.

— Румас прадстаўляў групу чыноўнікаў, якіх умоўна ў беларускіх абставінах можна было назваць «эканамічнымі лібераламі». Ці можна меркаваць, што менавіта гэтая частка чыноўнікаў становіць для Лукашэнкі пагрозу і менавіта там будзе чыстка?

— Хутчэй за ўсё, так. Эканамічна-ліберальнае крыло ўраду будзе значна прачышчанае. Адзіны, каго, хутчэй, не будуць чапаць, — гэта старшыня праўлення Нацбанку Павел Калаур. Бо калі яго зараз крануць, то стабільнасць беларускай нацыянальнай валюты можа парушыцца.

— Вы сказалі, што Лукашэнка не ўпэўнены ў тым, што яго падтрымліваюць эліты. Але хіба можна арыштамі аднавіць гэтую падтрымку эліт? Наўрад ці ад такіх дзеянняў у наменклатуры з’явіцца да яго павага. Ці ён на павагу ўжо не разлічвае, а галоўнае — пасеяць страх, каб чыноўнікі працягвалі працаваць на цяперашнюю ўладу хаця б выключна са страху?

— Менавіта так. Быў такі вялікі рэжысёр на «Беларусьфільме» Леанід Нячаеў. І ў ягоным фільме пра Чырвоны Каптурык маленькі хлопчык кажа Каптурыку — «цябе адхвошчуць бізунамі, і ты палюбіш мяне як міленькая». Цяпер «маленькі хлопчык» спрабуе менавіта такім чынам прымусіць усіх любіць яго. Так не бывае, але нічога іншага яму не застаецца.

— Аляксандра Лукашэнку нездарма называюць «прэзідэнтам АМАПу». Відавочна, за апошнія месяцы, асабліва пасля жніўня 2020 году, пазіцыі сілавікоў істотна ўзмацніліся. Ці мяняе ўзвышэнне сілавікоў пазіцыі розных груповак у структурах улады?

— Яны закладнікі адзін аднаго, Лукашэнка — сілавікоў, сілавікі — ягонай улады. Ён адчувае сябе ў бяспецы толькі да таго моманту, пакуль АМАП на ягоным баку. Той момант, калі сілавікі адчуюць, што Лукашэнка збіраецца ўцячы з Беларусі, стане апошнімі імгненнямі ягонай улады. Бо тады яны рэалізуюць уласную магчымасць, каб захапіць яго і ўступіць у торг з тымі, хто, на іхнюю думку, будзе новымі кіраўнікамі краіны. Каб забяспечыць коштам ягонай выдачы сваю свабоду.

І гэта даволі жудасна, бо ў момант, калі ніхто не кантралюе ані чалавека, які аддае загады, ані сілавікоў, якія іх выконваюць, — у такі момант звычайна і адбываюцца самыя жорсткія падзеі.

— У мяне наконт палітычнай волі сілавікоў трошкі іншыя ўражанні. Мне падаецца, што яны не здольныя да самастойных палітычных учынкаў. Цяпер яны выконваюць загады адной улады, будзе іншая — будуць выконваць загады новай улады, у тым ліку затрымліваць сваіх былых кіраўнікоў ці таварышаў па службе. Не бачу, каб яны адчувалі сваю сілу як нейкая супольная карпарацыя і былі здольныя на нейкія самастойныя ўчынкі...

— Яны ўсе ўсё разумеюць. У нас краіна, якая жыве паводле прынцыпу «вы же сами всё понимаете». Вельмі сур’ёзныя зрухі адбываюцца сярод сілавікоў, найперш на ўзроўні сярэдняга звяна, ад маёра да палкоўніка. Ім ёсць што страчваць і няма магчымасці пазбегнуць у будучыні пакарання. Генерал можа паляцець на самалёце, а куды паляціць палкоўнік? У яго няма нічога, акрамя кватэры, машыны, сям’і. А зараз нават кватэру прадаць вельмі цяжка, бо няма пакупнікоў, бо многія з’язджаюць з краіны. І я думаю, што менавіта гэтыя людзі падрыхтаваныя да таго, каб перайсці на бок таго, што называюць рэвалюцыяй. Але рэвалюцыі пакуль не адбываецца, і ім пераходзіць няма куды.

У 90-я гады адным з самых распаўсюджаных жанраў у незалежнай беларускай журналістыцы былі публікацыі на тэму вайны і канкурэнцыі сярод розных беларускіх сілавых ведамстваў і структураў. Але даўно ўжо мы такіх публікацыяў не бачым. Ці азначае гэта, што цяпер, і асабліва пасля падзеяў жніўня, усе сілавыя структуры па адзін бок барыкадаў і часова забыліся на сваркі паміж сабой?

— Проста зараз няма тых журналістаў, каму сілавікі давяраюць і з кім маглі б сустракацца і зліваць інфармацыю. Няма Ігара Герменчука (рэдактар газеты «Свабода»), Пятра Марцава (выдавец «Белорусской деловой газеты»). Таму мы не ведаем, што там адбываецца. Але там адбываюцца вельмі сур’ёзныя працэсы.

— А вы ці маеце нейкія веды, факты пра процістаянне, сутыкненні паміж рознымі сілавымі ведамствамі?

— Гэта пытанне, якое я пакіну без адказу.

Наменклатура, відавочна, не з’яўляецца цалкам лаяльнай да Аляксандра Лукашэнкі. Як казаў мне ў інтэрв’ю былы чыноўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандар Пласкавіцкі, наменклатура чакае, хто выйграе ў бітве паміж Лукашэнкам і народам, каб потым прымкнуць да пераможцы. Ці так гэта, ці здольная наменклатура на самастойную ролю?

— У Беларусі няма такой наменклатуры, якая б усведамляла нейкія свае асобныя інтарэсы. У іх няма лідараў, няма палітычнай арганізацыі. Менавіта таму мажліва толькі чакаць, што калі ўлада зменіцца, у новай улады будзе дастаткова прыхільнікаў сярод старой наменклатуры, якія пажадаюць і надалей працаваць на старым месцы. У Беларусі не самыя кепскія чыноўнікі, трэба прызнаць.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: