Страйкам «Гродна Азоту» паведаміў пра чаканы прыезд штрэйкбрэхераў

На «Гродна Азот» прыедуць супрацоўнікі іншых прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім», паведамляе «Свабода»
«Гродна Азот», ілюстрацыйнае фота «Свабоды»

«Гродна Азот», ілюстрацыйнае фота «Свабоды»


Замена работнікам, якія страйкуюць на найбуйнейшым гродзенскім хімічным прадпрыемстве, павінна прыехаць на завод з 2 лістапада. Пра гэта паведамляе страйкам «Азоту».

Паводле інфармацыі страйкаму, на «Гродна Азот» прыедуць супрацоўнікі іншых прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім»: Гомельскага хімічнага заводу і «Магілёўхімвалакна». Яны маюць замяніць «азотаўцаў», якія сышлі на страйк і некаторых з якіх ужо звольнілі.

26 кастрычніка «азотаўцы» далучыліся да нацыянальнага страйку. Раніцай на прахадной заводу сабралася каля 150 чалавек. Не менш за 32 з іх жорстка затрымалі. Пазней выйшаў загад за подпісам генеральнага дырэктара прадпрыемства аб звальненні 12 работнікаў «Гродна Азоту». Аднаго з іх 27 кастрычніка забралі на гутарку ў КДБ, пазней асудзілі на 30 дзён арышту за 2 мітынгі.

На «Гродна Азоце» страйкуюць буйныя цэхі «Аміяк-3» і «Карбамід-4», якія прыносяць значны прыбытак. Таксама далучыўся да страйку цэх АКіКАС. Страйкоўцы чакаюць ад кіраўніцтва загаду пачаць падрыхтоўку да спынення буйных цэхаў.

Афіцыйная пазыцыя кіраўніцтва — страйку на прадпрыемстве няма, а 26 кастрычніка зладзілі правакацыю, каб дэстабілізаваць абстаноўку.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: