«Стралялі на паражэнне». Сведка гібелі Тарайкоўскага з'ехаў ва Украіну і расказаў, як гэта было

Вячаслаў Смольскі, архітэктар-дызайнер, вымушаны быў з'ехаць ва Украіну пасля таго, як звярнуўся ў штаб Віктара Бабарыкі з прапановай выступіць сведкай абвінавачання супраць сілавікоў у справе аб забойстве Аляксандра Тарайкоўскага, піша Радыё Свабода.
Вячаслаў сам аказаўся ў небяспецы, калі падчас ператрусу ў памяшканні штабу Віктара Бабарыкі забралі кампутары, у якіх, хутчэй за ўсё, знаходзілася ягонае ліставанне з юрыстамі штабу. А неўзабаве пасля гэтага нехта ўзламаў замок у ягонай кватэры, паведаміў Свабодзе Смольскі, ужо знаходзячыся ў Кіеве:

«Я не ведаю, хто гэта быў — злодзеі звычайныя ці ліхадзеі ў пагонах. На той момант я ўжо хаваўся».

Ва Украіну ён пераехаў 17 верасня, калі ўкраінская ўлада закрыла межы ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса. Ён кажа, што пры перасячэнні беларускай мяжы памежнікі паўгадзіны вывучалі ягоны пашпарт, але ўсё ж дазволілі выехаць.

«Гэта быў дадатковы страх і стрэс», — прызнаецца ён.

У Мінску ў Смольскага засталіся нявеста і хворыя бацькі. Бацька перанёс чатыры інсульты, а маці — анкалагічную аперацыю.


Вячаслаў Смольскі на акцыі салідарнасці каля беларускай амбасады ў Кіеве


Як загінуў Тарайкоўскі. Сведчыць Вячаслаў Смольскі

Сёння ў Беларускім інфармацыйным цэнтры ў Кіеве Вячаслаў Смольскі расказаў, як застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага:

«9 жніўня ў раёне Кальварыйскай сілы спецыяльнага рэагавання — АМАП, „Алмаз“ і іншыя — стралялі ў людзей траўматычнымі кулямі, а ў раёне стэлы былі выбухі святлашумавых гранат. Але, нягледзячы на гэта, людзі выйшлі і 10 жніўня.

Наша калона рухалася з боку метро "Пушкінская". У раёне моста на Кальварыйскай мы даведаліся, што па другі бок нас чакае „Алмаз“ — гэта войскі спецыяльнага рэагавання. Тактычнай памылкай было б ісці на мост, і мы развярнуліся і зноўку пайшлі на Пушкінскую. Там нас сабралася прыкладна тры тысячы чалавек. Людзі стаялі на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага, усярэдзіне кола, са сцягамі, скандавалі. Кіроўцы аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў зрабілі затор, каб сілавікі не змаглі праехаць. Аднак „Алмаз“ і, як потым пісалі СМІ, спецпрызначэнцы КДБ прыйшлі да нас па ходніку, з боку вуліцы Кальварыйскай.

У адзін момант я пабачыў, што побач са мной засталося 20 чалавек — людзі пабеглі, пачалася паніка, кіроўцы пачалі з'яжджаць. А пасля лозунгу „Міліцыя з народам“ сілавікі пачалі выкарыстоўваць святлашумавыя гранаты.

У нейкі момант я пачаў здымаць відэа. Не разумею, чаму, але яно стала вельмі важным. Паперадзе мяне быў Тарайкоўскі, які ішоў у шортах, у майцы, з пустымі рукамі — і гэта добра відаць на відэа. Гэта пацвярджае, што версія МУС, быццам ён падарваўся на самаробнай выбуховай прыладзе, якую нёс у бок сілавікоў, — нахабная хлусня і спроба ўтаіць злачынства супраць чалавечнасці.
Сілавікі былі ў поўнай бяспецы — яны былі ў бронекамізэльках, у форме, са зброяй. Супраць іх стаялі людзі, большасць якіх былі ў шортах і майках; людзі, якія спрабавалі адстаяць свой голас.

Нягледзячы на гэта, сілавікі выконвалі загад і іхнай мэтай было страляць на паражэнне і любымі сродкамі задушыць пратэст. Аляксандр, які рухаўся ў бок сілавікоў, падняў рукі ўгору, і ў гэты момант паўз яго праляцела святлашумавая граната, якая ляцела яму ў жывот, але не зачапіла яго. А калі ён прайшоў яшчэ два метры ўперад, у яго стрэлілі, пасля чаго ён пачаў хіліцца і падаць, і, як ужо відаць з іншага відэа, у яго быў яшчэ адзін стрэл, з іншага боку.

У гэты ж момант хлопец, які стаяў перада мной, узняў рукі ўгору, бо ў яго прыляцела святлашумавая граната, якая сваім выбухам адарвала яму ступню. Людзі аднеслі яго на прыпынак, пасадзілі ў „хуткую“, але цяпер ягоны лёс невядомы — ён не трапіў ні ў якія зводкі праваабаронцаў, ні ў СМІ.

Другога хлопца мае сябры пасадзілі ў прыватную машыну. Пра яго потым былі навіны пра тое, што яму ампутавалі ступню ад святлашумавой гранаты.

Кіроўца аўтобуса атрымаў раненне ў спіну, і як сказалі потым медыкі, у яго былі відаць унутраныя органы.

У гэтую ноч я забраў з вуліцы каля 10 чалавек дадому. Мы сачылі за навінамі праз проксі, vpn, бо ў Беларусі быў заблакаваны інтэрнэт.

У Беларусі няма свабоды слова. У Беларусі, папраўдзе, ужо няма нічога, апроч народу, моцнага народу, які ўжо не запужаць, які перастаў баяцца. Беларусь ніколі не была настолькі адзінай, людзі выходзяць на вуліцы і спрабуюць адстаяць свой голас, хочуць стварыць сумленную дзяржаву: без прадажных суддзяў, пракурораў, без жорсткасці, якую чыняць супраць іх. І я веру, што мы зможам гэта зрабіць»,— сказаў Вячаслаў Смольскі.

Алена Літвінава, Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: