«Страшна: раптам гэта твой апошні дзень». Раcпавядаюць тыя, хто пазнаў сябе на відэа з Акрэсціна

На дзвюххвілінным відэа Белсата, дзе бачна як збіваюць на Акрэсціна, сябе пазнаў Павел Усовіч, брат вядомага беларускага коміка Івана Усовіча. Пра гэта ён і іншыя збітыя распавялі TUT.BY.
Так выходзілі з Акрэсьціна ў ноч з 13 на 14 жніўня. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Так выходзілі з Акрэсьціна ў ноч з 13 на 14 жніўня. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY


— Усё гэта было 10 жніўня. І людзі на кадрах — тыя, каго затрымлівалі ўвечары каля цырка, — распавядае Павел. Ён не выключае: затрыманні маглі быць і ў іншых месцах, але на запісе ён пазнаў тых, каго хапалі на праспекце Незалежнасці.

— У той дзень не было інтэрнэту, вырашыў паехаць на ровары ў цэнтр і паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Калі ўбачыў на Нямізе выбухі светлашумавых гранат, стала страшна, і вырашыў тэрмінова вяртацца дадому. На скрыжаванні Багдановіча і Янкі Купалы заўважыў супрацоўніка ДАІ, спытаў, як лепш даехаць дадому ва Уруччы. Ён паказаў на праспект Незалежнасці. Пад'ехаўшы туды, убачыў, што ён часткова перакрыты, і вырашыў яшчэ раз удакладніць бяспечны шлях у іншага супрацоўніка. На што пачуў адказ: «Зараз вам растлумачаць». І ў гэты момант з гарадскога аўтобуса каля цырка выбеглі амапаўцы і адлупілі

Ён успамінае, як чытаў артыкул на TUT.BY, дзе адзін з герояў падрабязна распавядаў пра сваё затрыманне каля цырка 10 жніўня і ўспамінаў веласіпедыста. Аказалася, гэта быў Міхаіл. Спачатку затрымалі Міхаіла, другім у аўтобус зайшоў Павал.

— А ўжо пасля мяне затрымалі хлопца, з ягоных слоў, ён працуе ў пракаце катамаранаў: толькі іх прыпаркаваў — і яго павязалі. Калі нас білі, ён прасіў толькі не лупіць па спіне, яна хворая, а амапаўцы як раз мэтанакіравана па спіне і білі, — працягвае распавядаць Павел.

Пазней з аўтобуса затрыманых перасадзілі ў аўтазак і бліжэй да ночы даставілі на Акрэсціна.

— Убачыўшы цяпер гэты запіс, успамінамі і пачуццямі вярнуўся ў той дзень ... колькі нас было чалавек? Невядома. У аўтазаку 7-8 «стаканаў», адзін аднаго мы не бачылі, усё на адрэналіне. Страшна: раптам гэта твой апошні дзень. Мы чулі, як перад намі білі іншых з крыкамі: "Давай хутчэй, жывёла!». Калі мы выбеглі з аўтазака пад дубінкі, нас паставілі на калені. Мы так гадзіну, напэўна, прастаялі.

— І зноў білі?

-— Так, тым, хто скардзіўся на боль, трапляла капітальна, білі яшчэ мацней. Пакуль мы стаялі на каленях, нас апытвалі, запісвалі дадзеныя.

Пачуўшы, як «малацілі» іншых за просьбу пакарміць, Павел Усовіч з сукамернікамі вырашылі "маўчаць і трымацца, каб не білі". Прама ў ізалятары яму прысудзілі 15 сутак, але выйшаў на волю 14 жніўня, калі масава сталі ўсіх выпускаць.

— Нас пасадзілі ў аўтазак і раскідалі па горадзе, мяне выкінулі на вуліцы Шчарбакова.

— Вы пісалі заяву ў Следчы камітэт з просьбай прыцягнуць да адказнасці тых, хто біў?

— Не, скідаў свае пабоі ў адну групу, яны павінны былі перадаць звесткі «Вясне». Тыя, хто сядзеў са мной у адной камеры падавалі заявы ў СК — цішыня


— Так, я пазнаў сябе на гэтым відэа — пацвярджае яшчэ адзін затрыманы 10 жніўня Аляксандр (імя змененае на просьбу героя публікацыі).

Ён адзначае: у акцыі не ўдзельнічаў, у той вечар вяртаўся дадому ў раёне станцыі метро "Уручча".

— Выйшаў з аўтобуса і ўбачыў, як з боку праспекта бягуць людзі ў вайсковай форме, і я пабег. Прама ў пераходзе мяне затрымалі, было дзесьці 23.00, — Аляксандр кажа, у часе потым было складана арыентавацца, тэлефоны і гадзіны ва ўсіх забралі.

— Спачатку мяне пасадзілі ў вайсковую машыну, потым перасадзілі ў аўтобус і пасля — у аўтазак — апісвае свой маршрут да Акрэсціна Аляксандр.

Ён мяркуе, на відэа б'юць людзей, якія ехалі з ім у адным аўтазаку. Гвалт на гэтых кадрах не скончыўся. Па словах Аляксандра, па такім жа «калідоры дубінак» іх выводзілі ў прагулачны дворык.

— У ізалятары мне прысудзілі пяць сутак па арт 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), праз чатыры дні нас выпусцілі. Ніякіх пратаколаў і дакументаў я не падпісваў.

— Вас потым не забіралі дасядзець у ізалятары яшчэ суткі?

— Не, абскардзіў рашэнне суда ў Менгарсудзе, і яго адмянілі.

Мужчына зняў пабоі, але пра гвалт у СК не заяўляў.

 С заявай пакараць вінаватых звярнуўся іншы затрыманы — Міхаіл. Зрабіў ён гэта яшчэ ў жніўні, адразу пасля выхаду з ізалятара.

— Я дарослы мужык, я крычаў, крычаў, Не буду хаваць.

Мужчына пазнаў сябе на дзвюххвілінным відэа і зноў схадзіў у Следчы камітэт, каб заявіць: яго словам ёсць доказ.

За два месяцы праверка па справе Міхаіла ні да чаго не прыйшла, вынікаў экспертызы дагэтуль няма. TUT.BY паспрабаваў атрымаць каментар у СК аб тым, ці будзе разгледжана відэа ў рамках праверкі, але не змаглі датэлефанавацца.

Паводле tut.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: