Што з пратэстамі студэнтаў?

Вядомы факт, што рухавіком шматлікіх пратэстаў у свеце з’яўляецца моладзь, у першую чаргу студэнты. Як беларускія студэнты павялі сябе падчас апошніх пратэстаў у краіне, якія рэпрэсіі зазналі, колькі з іх з’ехалі вучыцца за мяжу?
Фота: Tut.by

Фота: Tut.by

Атрымаць дакладныя адказы на некаторыя з гэтых пытанняў аказалася даволі складана. Але гэта таксама характарызуе і пэўныя тэндэнцыі студэнцкага пратэсту: няма агульнай платформы, якая б аб’ядноўвала ўсё пратэснае студэнцтва, не ўсе акцыі студэнтаў афішаваліся, не ўсе студэнты паведамлялі пра тое, што зазналі рэпрэсіі, праграмамі навучання за мяжой карыстаюцца не толькі студэнты, якія былі рэпрэсаваныя.

Адсутнасць каардынацыйнага цэнтру выявілася ў дэцэнтралізацыі студэнцкіх акцый і абмежаванасці сваімі ўстановамі. Пры гэтым актыўнасцю ў рознай ступені адзначыліся ўсе галоўныя сталічныя ВНУ: МДЛУ, БДУ, БДУІР, БНТУ, БДМУ, БДЭУ. У рэгіёнах, у сваю чаргу, студэнцкія акцыі насілі збольшага сімвалічны характар: флэшмоб у сацыяльных сетках, фота з плакатамі... Можна сказаць, што ў тым ці іншым выглядзе акцыі адбыліся па ўсёй краіне.

Акцыі пратэсту пачаліся з навучальным годам у верасні і адразу сутыкнуліся з рэакцыяй улады: 1 верасня на студэнцкіх маршах было затрымана больш за 50 чалавек, студэнтаў хапалі на прыступках універсітэтаў, а то і наўпрост ва ўчэбных корпусах.

Пік студэнцкіх акцый прыйшоўся на 26 кастрычніка, калі Святлана Ціханоўская абвясціла агульнанацыянальную забастоўку, да якой далучыліся ў тым ліку студэнты. Збольшага студэнцкая забастоўка абмежавалася некалькімі днямі. Пэўна, таму, што не былі пастаўлены зразумелыя і рэальныя мэты, да чаго і якім чынам яна павінна прывесці, калі не будзе масавай. У сітуацыі, калі вялікі адсотак студэнтаў дагэтуль з’яўляецца чальцамі БРСМ і баяцца адтуль выходзіць ці не маюць такой патрэбы, масавая забастоўка, на мой погляд, выглядала залішне аптымістычным і амбіцыйным сцэнарам. Адсутнасць бачных поспехаў і нерэалізацыя мэты забастоўкі хутчэй паспрыялі ад’езду соцень студэнтаў за мяжу і эмацыйнай напружанасці тых, хто вырашыў застацца. Гэты эмацыйны фон яшчэ патрабуе рэфлексіі і працы.

Лічбы і статыстыка

Стыпендыяльную праграму студэнтам, якія зазналі рэпрэсіі ў Беларусі, прапанавалі дзясяткі ВНУ з розных краін Еўропы. Але невядома, колькі маладзёнаў скарысталіся гэтай прапановай. Тым больш, што зараз шматлікія ўніверсітэты працуюць у дыстанцыйным рэжыме і беларускія студэнты могуць навучацца ў еўрапейскім універсітэце, будучы ў Беларусі.

Паводле «Нашай Нівы», якая збірала звесткі з дапамогай «Задзіночання беларускіх студэнтаў» і «Студэнцкай ініцыятыўнай групы», падчас апошніх падзей у краіне 131 студэнт быў адлічаны (больш за ўсіх — з БНТУ: 55).

А «Беларускі Партызан» са спасылкай на «Студэнцкую ініцыятыўную групу» дае інфармацыю, што з верасня 2020 года было зафіксавана як мінімум 415 выпадкаў затрыманняў студэнтаў (а гэта суткі і вялікія сумы штрафаў), частка з гэтых затрыманняў праводзілася супрацоўнікамі АМАПа з ужываннем фізічнай сілы.

«Чорным днём» для беларускага студэнцкага актыву стала 12 лістапада, калі былі затрыманыя адразу 9 студэнтаў: Марыя Каленік, Віка Гранкоўская, Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Глеб Фіцнэр, Яня Арабейка, Кася Будзько, Ілля Трахтэнберг, Насця Булыбенка. Актыўныя і неабыякавыя студэнты — будучая (і, насамрэч, цяперашняя) эліта краіны — дваццацігадовыя дзяўчаты і хлопцы ўжо больш за тры месяцы ўтрымліваюцца пад аховай у камерах СІЗА на Валадарскага ў чаканні судовых пасяджэнняў па крымінальных справах, дзе яны праходзяць у якасці падазраваных па сур’ёзным крымінальным артыкуле (342 КК РБ — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у такіх дзеяннях»). Агулам 23 студэнты сталі падазраванымі ў крымінальных справах.

Фота: А.Зяньковіча

Фота: А.Зяньковіча

Нельга не заўважыць, што на пратэсты выйшлі тыя, хто не застаў іншую Беларусь, калі ў парламенце, напрыклад, прысутнічалі дэпутаты ад партыі БНФ. Ніхто з іх не бачыў іншую ўладу ў гэтай краіне.

Моладзь (прынамсі, часткова) палітызавалася. Праз затрыманні прайшлі студэнты ўсіх буйных ВНУ краіны. Для большасці з іх гэта быў першы актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны. Што далей? Пытанне адкрытае.

23 лютага стала вядома, што студэнты 15 універсітэтаў, сярод якіх БДУ, БДУІР, медуніверсітэт, Акадэмія мастацтваў, рэгіянальныя ВНУ, аб'ядноўваюцца ў асацыяцыю — дзеля таго, каб адстойваць прынцыпы дэмакратычнасці, законнасці, свае правы і свабоды. 

Мы спыталі ў маладзёнаў як пратэсты ў Беларусі паўплывалі на іх жыццё. І вось якія адказы атрымалі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: