Студэнт, асуджаны за «карагодную справу», пераплыў Буг і ўцёк у Польшчу

19-гадовы жыхар Брэста Уладзіслаў Навіцкі летась упершыню галасаваў на выбарах прэзідэнта. Праз месяц, у верасні 2020-га, ён удзельнічаў у карагодзе, за які пад крымінальны пераслед трапілі 70 чалавек, у тым ліку і Уладзіслаў. Яшчэ праз 9 месяцаў студэнт ноччу нелегальна пераплыў Буг, піша «Радыё Свабода».
На судзе Уладзіслаў атрымаў за «карагод» два гады «хіміі». Але зараз ён не ў беларускай «папраўчай установе адкрытага тыпу», а ў польскім лагеры для ўцекачоў. Вось яго расповед.

«Разбілі губу, цягалі за валасы, прыдушвалі, выкручвалі рукі»

«Здорава» прайшлі мае першыя выбары! Прыкладна праз месяц пасля іх я трапіў на мірнае шэсце ў цэнтры Брэста. Гэта было 13 верасня. Людзі танцавалі, вадзілі карагод, спявалі і слухалі песні. Усё было падобна да свята, дзе незнаёмыя людзі ўсміхаліся адно аднаму, давалі ваду, дапамагалі. Праз некалькі хвілін без аніякага папярэджання прыехаў вадамёт і пачаў паліваць людзей, нават тых, хто былі на тратуары. Ён паліваў і правады электраперадач, і тралейбусы, якія праязджалі.

Я сышоў на тратуар, рэзка прыехалі аўтазакі з АМАПам, многія з іх былі са стрэльбамі. Яны жорстка пачалі біць людзей дручкамі і затрымліваць. Схапілі і мяне. Разбілі губу, цягалі за валасы, прыдушвалі, выкручвалі рукі і вялі носам у асфальт. У аўтазаку на нас крычалі матамі, білі па сценках дручкамі, забралі рэчы. Завезлі нас у ІЧУ. Паставілі тварам да сцяны, здымалі на камеру. Мяне, як і іншых, прымусілі распрануцца дагала, прысядаць.

У камеры ўмовы былі жахлівыя — прыбіральняй служыла дзірка пасярэдзіне. Начальнік ІЧУ выклікаў мяне і пагражаў, што мяне адлічаць з універсітэта, ён сапсуе мне жыццё. Мой тэлефон забралі, пагражалі, што будуць выкручваць пальцы і біць, калі я не разблакую яго. Нас трымалі ў падвале, там гарэла яркае святло — дзень і ноч. На прагулкі не вадзілі, мыцца не давалі. Праз тры дні мяне адвезлі ў суд і далі штраф 270 рублёў паводле артыкула 23.34.

«Не адлічылі, але крымінальную справу распачалі»


Пасля вяртання на вучобу (Уладзіслаў вучыўся ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. — РС) мяне часта пачалі выклікаць на «прафілактычныя гутаркі». Са мной размаўлялі начальнікі РАУС, адміністрацыя ВНУ, пракурор Брэсцкай вобласці. Яны задавалі розныя пытанні і ўсяляк аказвалі ціск. Аднойчы ва ўніверсітэце адлічылі адразу дзевяць студэнтаў. Гэта было неправамерна, юрысты не хацелі падпісваць такія паперы, і тады звольнілі юрыстаў. У спісе на адлічэнне мусіў быць і я. Але я актыўна ўдзельнічаў у жыцці ўніверсітэта, выступаў на канцэртах з хорам, граў на музычных інструментах, удзельнічаў у алімпіядах і студэнцкіх аб’яднаннях. Аднак мяне пазбавілі грашовых прэмій. Проста выкрэслівалі са спісаў, нібыта я і не выступаў.

Потым за мной прыйшла міліцыя. Мяне завезлі ва УУС. Там выпытвалі, каго я ведаў на «карагодзе», ці быў я адзін там. Зноў пагражалі ІЧУ. Паведамілі, што на мяне распачалі крымінальную справу «за масавыя беспарадкі» — за тыя самыя дзеянні 13 верасня, за якія я атрымаў раней штраф. Следчы патрабаваў у мяне прызнання, пагражаў, што пасадзіць у СІЗА, дзе з людзей выбіваюць паказанні.

Пяць месяцаў я хадзіў у СК, дзе на мяне псіхалагічна ціснулі.

«Прарэктар сказаў, калі ўбачыць недзе налепку ці бчб-стужкі, адразу адлічыць мяне»

Ва ўніверсітэце з'явілася пасада прарэктара па бяспецы. Ім стаў Андрэй Басько. Гэты чалавек выклікаў мяне да сябе, пагражаў адлічэннем, прыдумляў вымовы і прымушаў выдаваць яму іншых студэнтаў, якія не згодныя з уладай. Ён мне напісаў тры вымовы, і, паводле яго слоў, мяне маглі адлічыць у любы момант. Яшчэ ён сказаў, што калі ўбачыць недзе налепку ці стужку бел-чырвона-белага колеру, то адразу адлічыць мяне, таму я мушу выдаваць яму студэнтаў, якія будуць гэта рабіць. Натуральна, я такога не зрабіў.

Ва ўніверсітэце мяне дапытваў ГУБАЗіК, гэта таксама моцна ціснула на мяне. Некаторыя выкладчыкі наўмысна не хацелі ставіць мне залікі за мае палітычныя і чалавечыя перакананні. Перад анансаванымі акцыямі пратэсту мне тэлефанавала міліцыя і пагражала аб адказнасці. Я пастаянна знаходзіўся ў напружанні, мог быць затрыманы ў любы момант.

«Я хачу адчуваць сябе свабодным чалавекам»


Працэс (па «карагоднай справе». — РС) хацелі зрабіць закрытым. Але мы дабіліся, каб пусцілі незалежнага журналіста і людзей. Пры гэтым рызыкавалі, што нас могуць затрымаць тут жа. Мы не выканалі патрабавання суддзі заняць нашы месцы і стаялі, пакуль не пусцяць людзей.

Да ўдзельнікаў працэсу ставіліся вельмі непаважліва. Не было ніякіх доказаў віны. «Доказам» маёй віны было маё адзенне, якое ні пра што не сведчыла. Быў здымак, дзе я проста стаю на месцы. Ад таго, што людзі нібыта парушылі працу арганізацый з 16 да 18 гадзін, кіёск зачыніўся ў 15 гадзін — вось такія былі доказы «віны».

У судзе ад нас не прымалі хадайніцтваў, суддзя і пракурор часта падвышалі голас на нас. Яшчэ быў «доказ» віны — здымак бюлетэня з тэлефона адной з абвінавачаных. Гэта нібыта даказвала яе «віну» ў перакрыцці руху.

У выніку я атрымаў два гады «хіміі». Там бы мяне прымушалі працаваць за капейкі, плаціць за пражыванне ў гэтай установе. Пры гэтым у нашай краіне можа быць так, што ты атрымаеш тры заўвагі на «хіміі» — і паедзеш у турму як парушальнік парадку.

Ва ўніверсітэце пагражалі, што адлічаць без права на аднаўленне. Хоць я добра вучыўся. Улічыўшы ўсё гэта, я вырашыў уцякаць з краіны. Бо далей было б горш. Я баяўся за сваё здароўе, жыццё, свабоду. У мяне адбіралі ўсё, што я меў.

Я хачу адчуваць сябе свабодным чалавекам, атрымліваць добрую адукацыю, раскрыць свой патэнцыял, выкарыстоўваць свае навыкі і ўменні на карысць людзям. Але ў Беларусі я нічога цяпер не магу з гэтага зрабіць.

«Ішоў вечарам глухім лесам, потым плыў па Бугу»

На мапе я знайшоў месца, дзе мог бы прайсці мяжу, пераплыўшы Буг. Склаў свае рэчы ў заплечнік, запакаваў у воданепранікальны пакет, узяў з сабой камізэльку для плавання і пайшоў. Вечарам ішоў глухім лесам. [...] Было вельмі страшна.[...] Калі падышоў да ракі, там быў вельмі круты спуск, а ўнізе з ракі пачалі выскокваць вялікія самы! Але часу думаць пра іх не было. Склаў заплечнік у пакет, прывязаў яго вяроўкай да сваёй папругі, апрануў камізэльку і палез у ваду.

Вось так плыў недзе метраў 75. Каля мяне плавалі самы. На сярэдзіне ракі ўбачыў нейкае бервяно. Калі яно наблізілася, то зразумеў, што гэта нешта жывое. «Бервяно» паплыло ў мой бок, а потым разагналася — і моцна мяне стукнула ў грудзі! Я трохі адскочыў, але «бервяно» знікла і я даплыў да берага. Там зразумеў, што гэта быў бабёр. Потым даведаўся, што не такія яны мілыя і добрыя, як у мультфільмах.

На тым баку блукаў яшчэ хвілін сорак па густым лесе, пакуль не знайшоў сляды ад матацыкла і не выйшаў на польскіх памежнікаў.

«Нават у Бяла-Падлясцы адчуваеш, што ўсё развіваецца»


У лагеры для ўцекачоў умовы больш-менш добрыя, кормяць, трохі грошай даюць. Польскія памежнікі паставіліся добра. Пыталіся, хто я, чаму тут. Так я сустрэў світанак у іншай краіне. Аформілі дакументы, узялі прашэнне пра статус уцекача. Апытвала мяне паліцыя. Але не так, як у Беларусі.

У лагеры цяпер беларусаў большасць, але людзей няшмат, можа, чалавек дваццаць.

Я веру, што ўсё робіцца да лепшага. І перамены — гэта заўсёды добра. У нашай краіне ва ўсім адчувалася стагнацыя, адсутнасць руху, асабліва я гэта адчуваў у сістэме адукацыі. Тут, нават у невялікім горадзе Бяла-Падляска, у дэталях адчуваецца, што ўсё развіваецца, робіцца больш новым і зручным.

Спадзяюся атрымаць тут добрую адукацыю, працу з добрым заробкам, пры гэтым не думаць пра абавязковае размеркаванне і войска. Планую вучыцца тут у сферы IT.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: