Студэнтаў Мінскага інавацыйнага ўніверсітэту, у якім былі страйкі, перавялі ў БНТУ

64 студэнты Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта змогуць атрымаць дыпломы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту па спецыяльнасцях, на якія Міністэрства адукацыі пазбавіла МІУ акрэдытацыі. Да канца снежня студэнтаў перавядуць у БНТУ, дзе дадуць ім магчымасць абараніць дыпломныя працы, здаць экзамены і атрымаць дыпломы дзяржаўнага ўзору, піша Радыё Свабода.
Інфармацыю пацвердзіў Свабодзе рэктар МІУ Мікалай Суша. Ён адзначыў, што міністэрства выконвае свае абяцанні студэнтам.

«Так і ёсць, такое рашэнне прынятае, і магу адзначыць, што Міністэрства адукацыі сваё слова наконт студэнтаў, якія выпускаюцца ў студзені, трымае. Гэта добра. Студэнтам даюць магчымасць давучыцца ў БНТУ, атрымаць там дыпломы.

Але што да асноўнага канфлікту — пазбаўлення МІУ акрэдытацыі і магчымасці навучаць па гэтых пяці спецыяльнасцях, што мы аспрэчваем, — дык ён застаецца нявырашаным. Наша апеляцыя на гэтыя рашэнні фактычна была адхіленая. Робім выснову з часу, калі мы атрымалі адказ, — амаль адразу, як адправілі апеляцыю. Але яшчэ засталіся без адказаў нашыя лісты ва ўрад і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Чакаем і спадзяемся на станоўчае рашэнне», — сказаў Свабодзе рэктар МІУ Мікалай Суша.

11 лістапада 600 студэнтаў МІУ не выйшлі на вучобу на знак пратэсту супраць пазбаўлення ВНУ акрэдытацыі на навучанне па 5 спецыяльнасцях, якія былі ва ўніверсітэце больш за 20 гадоў. Гэта «правазнаўства», «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «транспартная лагістыка» і «псіхалогія». Агулам на іх вучыліся 1600 студэнтаў. Для іх рашэнне міністэрства азначала, што пасля вучобы ім могуць не выдаць дыпломы дзяржаўнага ўзору.

Раней міністр адукацыі Ігар Карпенка запэўніваў студэнтаў МІУ, што яны змогуць працягнуць вучобу ў іншых ВНУ, але не ўсіх гэта задавальняла. Адна з прычынаў незадавальнення студэнтаў — акадэмічная розніца паміж курсамі навучання ў мінскіх ВНУ.

Рэктар МІУ Мікалай Суша падчас страйку студэнтаў не выключаў, што адміністрацыя падасць на Міністэрства адукацыі ў суд. «Так, такое права маем. Будзем мы яго рэалізоўваць ці не, я не ведаю. У залежнасці ад адказу на нашы лісты», — сказаў Мікалай Суша ў размове з карэспандэнтам Свабоды 11 снежня.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: