Студэнтку, якая адмовілася ад лукашэнкаўскай стыпендыі, выклікалі да дэкана

Днямі ў сеціве з’явілася відэа, як студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Патрыцыя Свіціна адмовілася ад стыпендыі спецфонда прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, заявіўшы, што «ўлада калечыць і забівае свой народ».
Патрыцыя Свіціна, фота з фэйсбука 

Патрыцыя Свіціна, фота з фэйсбука 

Патрыцыя Свіціна — маладая фольк-спявачка, удзельніца мноства музчных конкурсаў і ўладальніца шматлікіх узнагарод, аматарка беларускага фальклору. Узяўшчы старт з фестываля «Камяніца», дзяўчына спявала для абаронцаў Курапатаў у 2017-м, прадстаўляла Беларусь на міжнародным на Euroradio Folk Festival у Маскве ў 2018-м, супрацоўнічала з прадзюсарам з ЗША. Сёлета ў яе выйшаў першы міні-альбом. Цяпер яна вучыцца на трэцім курсе кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ.

«Я ўжо неаднаразова прадстаўляла нашу краіну як за мяжой, так і тут на розных конкурсах, фестывалях. І зараз з-за той стуацыі, якая склалася ў нашай краіне, ад улады, якая знішчае свій народ, калечыць і забівае, я, на жаль, не магу прыняць гэтую ўзнагароду, з вялікай павагай да вас. Гэта мая пазіцыя, спадзяюся на вашае разуменне», — сказала Патрыцыя, калі ёй уручалі дыплом ва ўніверсітэце.


Прамову студэнткі сустрэлі апладысментамі. Ці былі для яе нейкія наступствы пасля гэтага, «Новы Час» спытаў у самой Патрыцыі Свіцінай.

 Мяне выклікалі да дэкана. Была размова, на якой мяне папрасілі весці сябе як студэнтка. І не змешваць палітыку і вучобу. Больш ніякай рэакцыі пакуль і не было, — сказала дзяўчына.

Яна гаворыць, што адразу ведала, што гэтую ўзнагароду не возьме. Але што зробіць гэта менавіта так, вырашыла толькі за дзень да мерапрыемства.

— Я прадумвала ўсе наступствы, якія могуць быць. Думала што могуць выклікаць да выканаўцы абавязкаў рэктара ці дэкана, што могуць адабраць і студэнцкую стыпендыю, што могуць адлічыць, ці пагражаць усім вышэйназваным і г.д. Але адчула, што ўсё ж такі цяпер не той час, калі я магу дазволіць сабе баяцца. Вынікі ўжо ёсць, і мне прыемна гэта бачыць. Нарэшце ва ўніверсітэце хаця б пачалі размаўляць — як студэнты, так і выкладчыкі і адміністрацыя — пра абставіны ў краіне. Ды і сёння, пасля гэтых страшных падзей, я разумею, што зрабіла ўсё правільна.

Патрыцыя распавядае, што першыя нейтральныя сказы яе прамовы ўсе прысутныя ў зале слухалі добра.

 А калі я сказала «але»... Адразу палова залы зразумела, што я скажу далей, і шмат хто апусціў вочы і атмасфера стала напружаная. Я падумала, што мне нават не дадуць скончыць прамову, — прызнаецца дзяўчына.

Пакуль што «наступствы» абмежаваліся візітам да дэкана, але Патрыцыя перажывае аб тым, што цяпер паўстае пытанне аб закрыцці кафедры этналогіі і фальклору — ледзь не адзінай у Беларусі, якая займаецца захаваннем нашых традыцый і рыхтуе сапраўдных прафесіяналаў у гэтым напрамку.

— І ёсць думкі, што мой учынак можа стаць прычынай для расфарміравання. Я думаю, ніхто не застанецца абыякавым да гэтага. На гэта трэба звяртаць увагу і я гэта буду рабіць паўсюль, дзе ёсць магчымасць, — заключае яна.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: