Студэнты ЕГУ збіраюцца страйкаваць

Раніцай 1 кастрычніка ў Вільні каля галоўнага ўваходу ў будынак Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта студэнты збіраюцца страйкаваць супраць дзеянняў кіраўніцтва ЕГУ.

Фота facebook.com/EHUOfficial

У ліпені 2019 года стала вядома, што Кіраўніцтва ЕГУ зрабіла больш жорсткімі фінансавыя правілы для студэнтаў. У выніку кошт вучобы для 80% навучэнцаў вырас у сярэднім на 400 еўра ў семестр, распавялі арганізатары страйку.

Аднак найбольш абурыла студэнтаў, што кошты навучання растуць, аднак якасць адукацыі ў ЕГУ  падае, сыходзяць ключавыя выкладчыкі. Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі Літвы (SKVC) таксама негатыўна ацэньвае дзейнасць універсітэта.

Ва ўмовах падаючай якасці адукацыі мы лічым узмацненне жорсткасці фінансавых правілаў для студэнтак і студэнтаў неапраўданым”, — гаворыцца ў адозве Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ.

Студэнты адзначаюць, што рашэнне аб узмацненні жорсткасці фінансавых правілаў кіраўніцтва ЕГУ прыняло ў аднабаковым парадку без удзелу прадстаўнікоў студэнцтва. Студэнцкае самакіраванне, адзначаюць арганізатары страйку, выключана з працэсу прыняцця важных рашэнняў у ЕГЦУ: “Мы не згодныя з дыктатарскай пазіцыяй кіраўніцтва ў адносінах да нас, студэнтак і студэнтаў Універсітэта, які дэкларуе прыхільнасць да еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў і студэнтацэнтрававанай адукацыі”.

Перад пачаткам навучальнага года студэнты паведамілі пра чарговую хвалю сыходу ключавых выкладчыц і выкладчыкаў з ЕГУ, з якімі “кіраўніцтва ЕГУ адмовілася падаўжаць працоўныя кантракты без усялякіх падставаў”.  Студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ адзначае, што некаторыя выкладчыкі “звязваюць свае звальнення з крытычнай пазіцыяй у адрас адміністрацыі ўніверсітэта”.

Студэнцкая супольнасць выступіла катэгарычна супраць “беспадстаўных звальненняў ключавых выкладчыкаў і выкладчыц” і заявіла, што 1 кастрычніка збіраецца выйсці на агульны страйк студэнцтва ЕГУ.

Студэнты выставілі патрабаванні Агульнаму сходу саўладальнікаў, Кіраўніцкай радзе і Рэктару Універсітэта, сярод якіх: адмяніць “узмацненне жорсткасці фінансавых правілаў”, вярнуць беспадстаўна звольненых выкладчыкаў, зрабіць кадравую палітыку ЕГУ празрыстай.

Разам з тым кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта ў каментары БелаПАН наконт сітуацыі ў ЕГУ заявіў, што інфармацыя аб павышэнні платы для студэнтаў «не адпавядае рэчаіснасці». 

«Кошт навучання ў ЕГУ для студэнтаў, якія паступілі у 2018 годзе і раней, нязменная. Грамадзяне і сталыя рэзідэнты Беларусі могуць прэтэндаваць на атрыманне 100% і частковай зніжкі на навучанне на падставе ўласных акадэмічных дасягненняў. Пазіцыя універсітэта была выкладзена яшчэ ў жніўні. Шкадуем, што карыстальнікі сацыяльных сетак ўводзяцца ў зман», — адзначыў ён. 

Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце ЕГУ, 12 чэрвеня 2019 года агульная сход саўладальнікаў ВНУ прыняў рашэнне аб змене фінансавых правілаў, «выключнае права» на якое ўказанае ў Статуце ЕГУ. «Змены правілаў падмацаваныя пазіцыяй донараў універсітэта і стратэгіяй 2019–2024 гг., арыентаванай на павышэнне фінансавай самастойнасці ЕГУ», — гаворыцца на сайце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!