Студэнты МДЛУ абвясцілі забастоўку: яны патрабуюць каранціну

Частка студэнтаў Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту 20 сакавіка распачынае забастоўку з патрабаваннем да кіраўніцтва навучальнай установы ўвесці каранцін праз пандэмію COVID-2019, паведамляе Белсат.
Пра гэта паведаміў «Моладзевы блок» у сваім тэлеграм-канале. Актыўныя студэнты цягам тыдня збіралі подпісы за перавод на дыстанцыйнае навучанне, аднак гэтага не адбылося. Яны вырашылі пачаць забастоўку «у сувязі з поўнай адсутнасцю разумення з боку адміністрацыі».

«Моладзевы блок», Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС), а таксама студэнцкія суполкі розных універсітэтаў і каледжаў заклікаюць усіх студэнтаў і студэнтак далучыцца да адстойвання права на дыстанцыйнае навучанне!» – гаворыцца ў паведамленні.

Пачынаючы з пятніцы актывісты заклікаюць студэнтаў прыходзіць ва ўніверсітэты ў масках з надпісам # хахаятутумру і рабіць фота ў іх для сацсетак.

З панядзелка 23 сакавіка моладзевыя актывісты таксама маюць намер абвясціць усеагульную забастоўку. Такія меры яны тлумачаць нежаданнем «падвяргаць рызыцы сябе і сваіх блізкіх праз нягнуткасць адміністрацый ВНУ».

Нагадаем, большасць еўрапейскіх універсітэтаў перайшлі на дыстанцыйнае навучанне праз імклівы распаўсюд каронавірусу. На сённяшні дзень у Беларусі, у адрозненне ад суседніх краінаў, улады каранцін не ўводзілі. Навучальныя ўстановы працягваюць працаваць у штатным рэжыме.

Паводле апошніх звестак Мінздароўя, у Беларусі лабараторна пацверджаны 51 выпадак інфікавання COVID-2019.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: