Студэнты прыватнага ВНУ выйшлі на страйк: «Мы заслужылі дыпломы»

У панядзелак раніцай 11 лістапада студэнты Мінскага інавацыйнага універсітэта (МІУ) выйшлі на страйк. Прычына пратэсту — імкненне адстаяць сваю навучальную установу.

 Фота: Дзмітрый Брушко / TUT.BY

 

Мінскаму інавацыйнаму ўніверсітэту, які за 28 гадоў існавання паспяхова праходзіў мноства акрэдытацый, праверак і атэстацый,  не працягнулі акрэдытацыю па некаторых спецыяльнасцях. У выніку, па словах рэктара Мікалая Сушы, 1600 хлопцаў і дзяўчат могуць застацца без дыпломаў дзяржаўнага ўзору, паведамляе TUT.BY.

— Міністр сказаў, каб мы не хваляваліся, нас перавядуць у іншыя ВНУ, але хіба для выпускнікоў гэта выйсце? — задаецца пытаннем Любоў Карзюк, студэнтка 4-га курса, якая ў гэтым годзе заканчвае ўніверсітэт па спецыяльнасці «правазнаўства». — Мы патэлефанавалі ў Міжнародны ўніверсітэт МІПСА, там сказалі, што акадэмічная розніца, якую мне, напрыклад, давядзецца здаваць, — гэта каля 30 прадметаў. Зараз лістапад, у чэрвені я павінна атрымаць дыплом, да гэтага прайсці пераддыпломную практыку. Калі мне ўсё гэта паспець?

 

 Фота: Дзмітрый Брушко / TUT.BY

Забастоўка пачалася ў 9.30. Месца збору — другі паверх галоўнага корпуса універсітэта. За 15 хвілін да пачатку страйку сабралася чалавек 200. Студэнты паволі падыходзяць. У некаторых у руках плакаты. «Мы заслужылі дыпломы», «Не іншым ВНУ» — напісана на аркушах ватману.

Па словах Фёдара Багданава, актывіста і старасты адной з груп, другі паверх галоўнага корпуса змясціў не ўсіх нязгодных. Частка пратэстоўцаў размясцілася на іншых паверхах ды ў іншым корпусе.

Усяго акрэдытацыю Мінскаму інавацыйнаму ўніверсітэту не працягнулі па пяці спецыяльнасцях — «Правазнаўства», «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «Транспартная лагістыка» і «Псіхалогія». На гэтых спецыяльнасцях, паводле дадзеных ВНУ, вучыцца больш за 1600 студэнтаў. У ВНУ, як раней патлумачыў рэктар Мікалай Суша, бестэрміновая ліцэнзія, таму студэнты могуць працягнуць вучыцца. Але, калі сітуацыя не вырашыцца, выпускнікам не змогуць выдаць дыплом дзяржаўнага ўзору.

 

 Фота: Дзмітрый Брушко / TUT.BY

Нагадаем, як патлумачыў Мікалай Суша, раз на пяць гадоў усе навучальныя ўстановы краіны праходзяць акрэдытацыю. За 28 гадоў свайго існавання Мінскі інавацыйны ўніверсітэт праходзіў мноства акрэдытацыі і атэстацый, і заўсёды ўсё было добра.

Што здарылася гэтым разам, Мікалай Суша не ведае. Паводле яго слоў, у пачатку лістапада ўніверсітэт атрымаў ліст з Дэпартамента кантролю якасці адукацыі. У дакуменце напісана, што навучальнай установе не працягваюць акрэдытацыю па пяці спецыяльнасцях.

Рэктар упэўнены: усе парушэнні, якія былі выяўлены падчас праверкі, нягрубыя і іх можна выправіць. Кіраўніцтва МІУ будзе абскарджваць рашэнне камісіі. Абараняць свой універсітэт гатовыя і студэнты: на мінулым тыдні яны паведамілі, што збіраюцца страйкаваць.

Сітуацыю пракаментаваў і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён падкрэсліў, што студэнтам не трэба хвалявацца. У адпаведнасці з заканадаўствам, згодна з рашэннем Міністэрства адукацыі, студэнты змогуць працягнуць адукацыю ў іншых ВНУ па сваіх спецыяльнасцях з наступнай выдачай дыплома дзяржаўнага ўзору. Кіраўніцтву МІУ міністр парэкамендаваў «паглыбіцца ў сутнасць рэкамендацый камісіі, ліквідаваць выяўленыя недахопы і арганізаваць адукацыйны працэс у адпаведнасці з нормамі заканадаўства».

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: