Створана ўрадавая камісія для вызначэння прычын забруджвання вады ў Мінску

Дакладная інфармацыя пра прычыны забруджвання вадаправоднай вады ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Мінска стане вядомая ў бліжэйшы час, паведамляе дзяржагенства БелТА са спасылкай на намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Кухарава.
Мінчукі ў чэргах па ваду

Мінчукі ў чэргах па ваду

«Сёння працуе ўрадавая камісія, створаная па даручэнні кіраўніка краіны. Яна дэталёва разбірае ўсе прычыны, якія прывялі да перабояў з пітным водазабеспячэннем. Прыцягнутыя спецыялісты розных міністэрстваў і ведамстваў, Акадэміі навук, БНТУ. Прымем усе меры па выяўленні прычын і недапушчэнні ў далейшым такіх сітуацый», — распавёў Кухараў.

Ён таксама адзначыў, што падвоз пітной вады ў раёны Мінска будзе арганізаваны на працягу яшчэ некалькіх дзён. «Праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы. І можна з упэўненасцю сказаць, што вада ў Мінску адпавядае ўсім спажывецкім якасцям. Таму сёння жыхары горада могуць выкарыстоўваць ваду для сваіх патрэб, у тым ліку для піцця. Прынята рашэнне, што мы яшчэ некалькі дзён будзем вывучаць сітуацыю, і аўтамабілі будуць развозіць ваду на той выпадак, калі хто-небудзь з жыхароў захоча ёй скарыстацца», — падкрэсліў Кухараў.

Як паведамлялася, Міністэрства аховы здароўя 27 чэрвеня паведамілаў аб зняцці забаронаў на выкарыстанне вады ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Мінска. Разам з тым у ведамстве адзначылі, што «спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працягваюць маніторынг якасці і бяспекі пітной вады ў горадзе ў кругласутачным рэжыме».

З раніцы серады ў некалькіх раёнах Мінска назіраліся праблемы з водазабеспячэннем — жыхары Фрунзенскага і Маскоўскіх раёнаў скардзіліся на агідны пах вады з крана.

У чацвер стала вядома, што напярэдадні Міністэрства аховы здароўя Беларусі накіравала ліст у адміністрацыі Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў Мінска з указаннем на небяспеку ўжывання вадаправоднай вады.

«У цяперашні час пітная вада не бясшкодная па хімічным складзе і неспрыяльная па арганалептычных уласцівасцях. У сувязі з выяўленнем парушэнняў заканадаўства, якія ствараюць пагрозу прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва, неабходна ў максімальна кароткія тэрміны апавясціць насельніцтва аб забароне выкарыстання вады з гаспадарча-пітнога водаправода ў пітных мэтах у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Мінска», — паведамлялася ў лісце, падпісаным галоўным санітарным урачом Мінска Нэлі Гиндюк.

Разам з тым, у сераду жыхароў не праінфармавалі аб небяспецы ўжывання вады. «Мінскводаканал» папярэдзіў толькі ў ноч на чацвер, што на падставе патрабаванняў санітарных службаў забараняецца піць ваду з-пад крана ў Фрунзенскім (463,2 тысяч чалавек) і Маскоўскім раёнах (амаль 303 тысяч чалавек).

На перыяд правядзення работ да дамоў, з якіх паступалі шматлікія звароты з нагоды паху вады, быў арганізаваны падвоз пітной вады з падземных крыніц у цыстэрнах.

У пятніцу намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч паведаміў, што дрэнная якасць вады ў Мінску магла быць абумоўлена рамонтнымі работамі, праведзенымі на ўчастку працягласцю 100 м на вадаводзе №3. Пасля выяўлення праблемы вадавод адключылі, водазабеспячэнне ажыццяўляецца па вадавода №1 і №2.

interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: