Створаны Беларускі фонд культурнай салідарнасці. Яго ўзначалілі Сяргей Будкін і спявачка Руся

Пачаў сваю працу Беларускі фонд культурнай салідарнасці. Ён паўстаў як адказ на палітычны крызіс у краіне.


Творцаў, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, звальняюць з працы, арыштоўваюць, зрываюць выступы і аказваюць псіхалагічны ціск. Гэты факт абурае культурную супольнасць. Больш за 1200 дзеячаў культуры і мастацтва падпісалі адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваннем прызнаць прэзідэнцкія выбары несапраўднымі і спыніць гвалт сілавых структур. Каб падтрымаць прадстаўнікоў беларускай культурнай супольнасці, быў створаны Беларускі фонд культурнай салідарнасці.

Галоўная мэта Фонда — юрыдычна, матэрыяльна і псіхалагічна дапамагчы прадстаўнікам культурнай супольнасці Беларусі. Тым, хто былі/будуць звольненыя, альбо сышлі на знак пратэсту ці аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Другі кірунак дзейнасці Фонда — спрыянне вольнаму крэатыву праз падтрымку ідэяў. Перавага будзе аддавацца хуткім у плане рэалізацыі праектам (вулічныя графіці, творчы перформанс, відэа-арт ды інш.).

Фонд узначалілі Cяргей Будкін, культурны менеджар і прадусар, і Марына Шукюрава (Руся), спявачка ды актывістка.

Марына Шукюрава: “Я прыняла прапанову працаваць у Фондзе, бо не магу змірыцца з тым, што ўлада зрабіла з маімі сябрамі і краінай. У сучасным свеце публічнасць і медыйны ціск — гэта моцная зброя і, на дадзены момант, наша адзіная магчымасць яднацца — трымацца і разам дасягнуць нашай галоўнай мэты - жыць у новай Беларусі”.

Сяргей Будкін: “Для мяне магчымасць папрацаваць у Фондзе — спроба склеіць і зшыць дзве Беларусі, у якіх мы жылі дагэтуль. Я веру, што дзеячы культуры здольныя аб’яднацца цяпер на галоўнай падставе. Нам патрэбныя змены, і на гэта трэба накіраваць усе сілы. З астатнімі пытаннямі разбярэмся ў працоўным рэжыме пасля перамогі”.

Беларускі фонд культурнай салідарнасці з’яўляецца адгалінаваннем фонда BY_SOL. Яго дзейнасць таксама падтрымліваюць прадстаўнікі беларускай дыяспары і бізнес-колаў.

Кіраўніцтва Фонда разлічвае, што яго дзейнасць прыцягне ўвагу беларускага грамадства, міжнароднай супольнасці і медыя да вольнай беларускай культуры, паспрыяе адбудове эфектыўных крэатыўных альянсаў ды супольных праектаў.

Медыйнай пляцоўкай Беларускага фонда культурнай салідарнасці будзе адноўлены TuzinFM — інфармацыйны партал пра культурны супраціў і актуальную культуру.

Падрабязнасці — на старонцы Фонда і ў суполцы ў Facebook.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: