«Стымулявалі адказваць ударамі і электрашокерам». Музыку гурта Favourite Mirror далі 15 сутак

35-гадовага Аляксея Бусла разам з маці Таццянай Бусел затрымалі раніцай 9 верасня падчас «хапуна» на дваравым маршы ў мінскай Кунцаўшчыне, піша «Вясна».
Пазней у праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяльнае» відэа з хлопцам, якое знялі ў службовым бусе. У кватэры сям’і супрацоўнікі ГУБАЗіКу правялі ператрус, пасля якога затрымалі і бацьку Аляксея. Ноччу Сяргея Бусла ўсё ж такі выпусцілі, а Аляксея і Таццяну пакінулі за кратамі да суда. На іх, як і на астатніх удзельнікаў шэсця, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Іх справы 10 верасня разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Наталля Бугук.

Сваю віну Бусел прызнаў часткова, бо «намер удзельнічаць быў, але ён не быў рэалізаваны, бо мерапрыемства не адбылося».

Аляксей распавёў, што 9 верасня ён прыйшоў на месца збору, дзе планавалася акцыя, пра якую даведаўся з ананімнага паведамлення ў тэлеграме. Па прыбыцці ён зразумеў, што марш пачынаецца. З сабою ў яго быў «дзяржаўны сцяг 1991 года — бел-чырвона-белы». Аляксей дастаў яго з кішэні і накінуў на плечы, але адразу на яго накінуліся невядомыя, якія не прадставіліся. Пасля затрымання Аляксея каля 30 хвілін вазілі па Мінску. Яго адвезлі спачатку ў ГУБАЗіК, далей у Фрунзенскі РУУС, а потым на агляд у кватэру.

Таксама Бусел заявіў пра катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіКу:

«Пасля затрымання ў бусе супрацоўнікі ГУБАЗіКу ўжывалі фізічную сілу. У ГУБАЗіКу было апытанне таксама з ужываннем фізічнай сілы. Везлі ў ГУБАЗіК на падлозе аўтобуса. Часам білі. Нешта пыталіся, нешта адказваў, стымулявалі адказваць ударамі і электрашокерам».

Акрамя гэтага Аляксей хацеў распавесці пра агляд кватэры, але суддзя Бугук спыніла, бо «гэта не датычыцца да справы». Нягледзячы на заявы пра катаванні і збіццё, суддзя Бугук пакарала музыку 15-сутачным арыштам.

Вядома, што маці Аляксея Таццяну таксама арыштавалі на 15 сутак.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: