Суб’ектыўны погляд на выбары з Бараўлянаў, дзе перамагла Ціханоўская

Чатыры выбарчыя ўчасткі у пасёлку Лясны (Бараўляны, Мінскі раён) увечары 9 жніўня паказалі ў пратаколах перамогу Святланы Ціханоўскай. Лукашэнка заявіў, што на такіх участках трэба пералічыць галасы ў прысутнасці АМАП.

На ўсіх чатырох участках галасавалі пераважна жыхары мікрараёна “Зялёны Бор”, прылеглага катэджнага пасёлка і некаторых бліжэйшых вёсак. Зялёны Бор забудоўвала кампанія “А-100”. Яе ж праект — Новая Баравая, вядомая як “гета ІТ-шнікаў”, дзе за Святлану Ціханоўскую таксама аддалі большасць галасоў. У Зялёным Бары жытло таннейшае, чым у Новай Баравой, але людзі таксама куплялі кватэры за ўласныя грошы, без льготных крэдытаў.

Я жыву ў Зялёным Бары з 2009 года і да 2020-га ні разу не галасавала ні на прэзідэнцкіх, ні на парламенцкіх выбарах. Але сёлета зразумела, што байкот ужо не ў модзе. Мой участак № 11 месціўся ў будынку інтэрната па адрасе пасёлак Лясны, дом 15. У камісіі — медыкі, мінімум адна дзяўчына з белай стужкай на руцэ. На ўчастку зарэгістравана каля 1800 чалавек, удзень была невялікая чарга, пасля 18.00 ужо няма. Назіральнікі упяцерох, у масках, сядзяць на мяккай канапе ў пакоі для галасавання. Трое ад арганізацый (прафсаюзаў і партый), двое незалежных з белымі стужкамі на руках. Прачытала недзе, што з назіральнікамі нельга размаўляць, каб іх не пазбавілі акрэдытацыі. Сустрэліся поглядамі, але руку з бчб і белай стужкамі падняць не вырашаюся, хто яго ведае, ці не прывядзе і гэта да пазбаўлення акрэдытацыі. Здаецца, стужкі заўважылі. Потым аказалася, што на нашым участку незалежных назіральнікаў было больш, яны мяняліся. Старшыня камісіі дазволіла прысутнасць адначасова не больш пяці назіральнікаў і яны размяркоўвалі час самі.

У выбарчых спісах я аказалася на дзявочым прозьвішчы, хаця памяняла яго ў 2012-м і ўжо нават паспела развесціся. Таксама ў спісах мая маці, якая набывала кватэру, але ніколі не была там прапісаная. Маму не выкрэслілі, але зрабілі пазнаку “Выбыла”. Незалежныя назіральнікі потым сказалі мне, што гэта дапушчальна, робяць па-рознаму: недзе выкрэсліваюць, недзе пазначаюць. Мяне папрасілі прынесці пасведчанне аб змене імя, і я, радуючыся грунтоўнаму падыходу да справы, схадзіла па яго дамоў. Так і не разабраўшыся, ці трэба ставіць дату ў дзень галасавання, на ўсялякі выпадак стаўлю ў той жа графе, што і подпіс.

Далей — справа тэхнікі: прагаласавала за Ціханоўскую, сфоткала бюлетэнь, склала “гармошкай”. Перад тым, як укінуць, пераканалася, што незалежныя назіральнікі мяне заўважылі. Потым, праўда, аказалася, што яны адзначалі людзей па стужках, а бюлетэні “гармошкай” не лічылі. І казалі, што “гармошак” было больш, чым стужак. Выходжу пад 19.00, ля майго ўчастка амаль нікога няма, гуляю па раёне. Ля суседняга ўчастка, у будынку бібліятэкі, чую размову па тэлефоне: “Па БТ патлумачылі, чаму няма інтэрнэта. Гэта ўсе спрабуюць выслаць фота бюлетэняў і перагрузілі лінію”. Ну-ну. Перагрузілі, толькі не тыя, хто шлюць бюлетэні.

А 20.00 вяртаюся пад свой участак, людзей некалькі дзясяткаў. Двух незалежных назіральнікаў дапусцілі да падліку галасоў. Чакаем, на момант, калі абвясцілі вынікі, недзе праз гадзіну, ужо сабралася каля сотні выбарцаў. Пад кожным з суседніх участкаў таксама па 100–150 чалавек. На жаль, не маю магчымасці спраўдзіць лічбы ў пратаколе, па нашым участку Святлана набрала каля 52 %. Вынікі сустракаюць авацыямі і падзякамі камісіі і назіральнікам. Каля бараўлянскай гімназіі пасля 21.00 сабралася, па прыкладных падліках, больш за тысячу чалавек. Пераважна падлеткі, маладыя сем’і, людзі з сабакамі. Такі раённы праменад. Кажуць, што палічылі галасы ў бібліятэцы, і там таксама перамога Ціханоўскай. Быццам бы камісіі між сабой кантактавалі і думалі, якія лічбы даваць: сапраўдныя ці “намаляваныя”.

Уключаюць “Перемен” Цоя, зрэдку праязджаюць машыны і сігналяць. Нехта абярнуўся бел-чырвона-белым сцягам, людзі скандуюць “Уходи!” і “Жыве Беларусь!” Не верыцца ў рэальнасць таго, што адбываецца. Падыходзіць усё больш жыхароў суседніх дамоў. Часам камусьці прысылаюць лічбы з пратаколаў па ўчастках у Мінску, іх гучна абвяшчаюць і людзі пляскаюць. Міліцыя назірае, але нікога не чапае. Вось табе і Бараўлянскі РАУС (ён жа адказны за Курапаты)!

У гімназіі лічаць доўга, але выдаюць 67 % за Ціханоўскую. Назіральнікі, якіх тыдзень трымалі пад плотам і не пускалі нават на тэрыторыю, не тое што ў будынак установы адукацыі, здаецца, да падлікаў дапушчаны не былі, хаця падавалі пісьмовую заяву старшыні камісіі, дырэктарцы гімназіі. У натоўпе кажуць, што тая хацела “маляваць” лічбы, але чальцы камісіі пераканалі яе гэтага не рабіць. Пад’язджае аўтазак і сціпла становіцца збоку. “Во, выдзелілі нам машыну з Мінска” — думаю. Людзі троху адбягаюць, але вяртаюцца. Яшчэ няма вынікаў па ўчастку ў школе пасёлка Лясны. На тэрыторыю школы не пускаюць, стаім пад плотам. Напэўна, там таксама думаюць, ці “маляваць” лічбы, але ў выніку — таксама перамога Ціханоўскай! Ужо больш за 11 вечара. Суседзі мірна разыходзяцца па дамах.

Склалася ўражанне, што першымі палічылі і агучылі вынікі за Святлану менавіта на маім участку, хаця мы чулі плясканне ў ладкі і каля бібліятэкі. Медыкі, якія працавалі з хворымі на Ковід-19 ці чулі пра гераічную працу сваіх калег, не захацелі займацца фальсіфікацыямі. Следам за імі зрабілі сумленныя ўчынкі і чальцы іншых камісій. Вялікі дзякуй!

Ранкам у раённым чаце папаўзлі чуткі пра падмену пратаколаў. Маўляў, людзям паказалі адны паперы, а ў ЦВК павезлі іншыя. Пратаколы сфатаграфаваныя, калі што. Пералічвайце хоць з АМАП!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: