Суд абавязаў блогера Nexta сплаціць 3 тысячы рублёў старшыні Слонімскага райвыканкаму

12 лістапада ў Мінскім раённым судзе разгледзелі пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да стваральніка тэлеграм-канала Nexta Сцяпана Пуцілы аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды, перадае Радыё Свабода.
Генадзь Хоміч

Генадзь Хоміч

Па выніках паседжання Мінскі раённы суд вырашыў спагнаць са стваральніка тэлеграм-канала Nexta Сцяпана Пуцілы 3 000 рублёў (Хоміч прасіў 10 тысяч рублёў) кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзю Хомічу і абавязаў размясціць на сваім тэлеграм-канале рашэнне суда.

Таксама Сцяпан Пуціла павінен слаціць судовыя выдаткі ў 370 рублёў.

На папярэднім пасяджэнні Генадзь Хоміч, якога прадстаўлялі адвакаты, удакладніў пазоў і цяпер патрабуе 10 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды замест ранейшых 50 тысяч. Грошы ён збіраецца пералічыць Слонімскай лякарні на рамонт інфекцыйнага аддзялення.

І пазоўнік, і пазваны ў суд не з'явіліся. Інтарэсы Хоміча прадстаўлялі два адвакаты: Марыя Колесава-Гудзіліна і Арцём Калоша.

Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, тэлеграм-канала Nexta быў першакрыніцай інфармацыі пра Хоміча, таму «на ім ляжыць найбольшая адказнасць».

«У сваіх інтэрв'ю ўладальнік каналу неаднойчы казаў, што мае матэрыялы, якая пацвярджаюць праўдзівасць апублікаванай інфармацыі, але такіх дакументаў не было паказана. Гэта пацвярджаецца і пратаколам Савецкага суда Мінска, дзе гаворыцца, што прадстаўнік уладальніцы „Беларускага партызана“ Святланы Калінкінай звязваўся з Пуцілам, але той адмовіўся перадаваць ім нейкія дакументы. Мы лічым, што ніякіх дакументаў і быць не можа», — сказала адвакатка.

Паводле Гудзілінай, тое, што Хоміч з'яўляецца чыноўнікам ці прадстаўніком улады, не адрознівае яго ад іншых грамадзян Беларусі.

«Ён мае такія ж правы, як і ўсе астатнія, і мы лічым, што ён з'яўляецца сярод іншага прадстаўніком дзяржавы. Сваімі дзеяннямі Сцяпан Пуціла зняважыў у асобе майго даверніка і Рэспубліку Беларусь», — сказала адвакатка.

10 жніўня тэлеграм-канал Nexta апублікаваў інфармацыю пра затрыманьне Хоміча. Паводле яе, чыноўніка і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ заўважылі ў нецвярозым стане. Ва ўправе ДАІ Горадзенскай вобласці заявілі, што не маюць звестак пра затрыманні Хоміча. Хоміч гэтую інфармацыю катэгарычна абвяргае.

Як гаворыцца ў пазове, пост Nexta пра затрыманне Хоміча ўбачылі больш за 200 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ. Генадзь Хоміч патрабуе публікацыі абвяржэння непраўдзівых звестак.

Што ў іншых судах?

Аналагічныя пазовы Хоміч таксама падаў супраць уласнікаў незалежных выданняў «Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія перадрукавалі пост Nexta.

Пазоў Хоміча да ўласніцы сайту «Беларускі партызан» Святланы Калінкінай Савецкі суд Мінска пачаў разглядаць 8 кастрычніка, але на чарговым пасяджэнні 30 кастрычніка суддзя прыпыніла працэс «за паразуменнем бакоў» да 18 лістапада.

Паводле Марыі Колесавай-Гудзілінай, суд Маскоўскага раёна зацвердзіў міравое пагадненне паміж Хомічам і выданнем 21.by, якое выплаціць грашовую кампенсацыю ў 1500 рублёў і ўжо апублікавала абвяржэнне.

Што тычыцца «Вечернего Бобруйска», наступнае паседжанне суда прызначана на 13 лістапада, памер кампенсацыі заяўлены ў 7 тысяч рублёў. Сцяпан Пуціла прыцягнуты ў працэс у якасці трэцяй асобы, аднак у суд ён не з'яўляўся.

Паводле адвакаткі, у Хоміча «яшчэ ёсць права выставіць пазовы да астатніх выданняў, якія распаўсюдзілі непраўдзівую інфармацыю».

З 2014 года да СМІ былі задаволеныя сем судовых пазоваў, паведамілі ў БАЖ. Сумы маральных кампенсацый, выплачаных СМІ, вагаліся ад 49 да 378 долараў. Сярэдняя сума склала 213 долараў. Паводле БАЖ, у бальшыні выпадкаў суды адмаўляюць у задавальненні пазоваў аб маральнай кампенсацыі.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!