Суд абвясціў прысуд былому галоўнаму архітэктару Мінска, у якога з-за хваробы ў СІЗА адмовілі ногі

Сёння суд Заводскага раёна абвясціў прысуд па справе былога галоўнага архітэктара Мінска Паўла Лучыновіча. Экс-чыноўніка прызналі вінаватым у атрыманні хабару і прызначылі пакаранне ў выглядзе 1,5 года калоніі. Але год экс-чыноўніку было вырашана скасціць па амністыі да 75-годдзя Перамогі. З улікам жа праведзенага ў СІЗА часу, суд прызнаў, што Лучыновіч такім чынам адбыў усё пакаранне. А гэта значыць, з сённяшняга дня ён на свабодзе.
Паўла Лучыновіча затрымалі ў сакавіку 2019 года па падазрэнні ў атрыманні хабару ад іпэшніцы Нонны Грышынай, а ў верасні таго ж года яго даставілі з СІЗА на Валадарскага ў бальніцу з інфекцыйным захворваннем і паралічам ніжняй часткі цела. Ён перанёс аперацыю і знаходзіўся на лячэнні. Таму суд над ім перанеслі. Нонну Грышыну ж прызналі вінаватай у дачы хабару Лучыновічу і асудзілі на два гады, але неўзабаве яна выйшла на волю па амністыі.

Судовы жа працэс над Паўлам Лучыновічам пачаўся некалькі месяцаў таму, але пра яго не паведамлялася СМІ «з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі», паведамілі TUT.BY у судзе. Як стала вядома парталу, пракурор запрасіў для экс-чыноўніка пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 430 (атрыманне хабару) з ужываннем часткі 2 артыкула 92 Крымінальнага кодэксу — гэта значыць з вызваленнем ад пакарання або заменай пакарання больш мяккім па захворванні. Віну Павел Лучыновіч не прызнаў.

У выніку суд Заводскага раёна прызнаў Лучыновіча вінаватым у атрыманні хабару на падставе часткі 1 і часткі 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса. Шляхам паглынання больш цяжкім менш цяжкага яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1,5 года ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу пяці гадоў. Але суд вырашыў скасціць год па амністыі да 75-годдзя Перамогі. У залік адбыцця тэрміна пайшоў таксама час, праведзены ў СІЗА — а гэта з 16 сакавіка 2019 года да пачатку верасня 2019 года, калі Лучыновіча забралі з ізалятара ў лякарню.

Што вядома пра гэтую справу?

Лучыновіча абвінавачвалі ў тым, што ён па папярэдняй дамоўленасці прыняў ад Нонны Грышынай 4 тысячы долараў, чай, ром, спецыі і крэм за спрыяльнае вырашэнне пытанняў па ўзгадненні будаўніцтва бізнес-цэнтра на вуліцы Смалячкова, 14а і фітнес-цэнтра на праспекце Дзяржынскага. Маўляў, Лучыновіч кансультаваў яе па гэтых аб'ектах, інфармаваў і прымаў па-за чаргой. Як вынік — уключэнне ў праект дэталёвага планавання (ПДП) бізнес-цэнтра на Смалячкова, якога да гэтага там не было. Па дадзеных следства, менавіта Лучыновіч прасіў «Мінскпраект» пра гэта.

Грышына ж настойвала: гэты аб'ект быў уключаны ў ПДП ў прававым полі, а яго першапачатковае неўключэнне туды было памылкай «Мінскпраекта», якую ўдалося выправіць толькі пры дапамозе камітэта архітэктуры. Паводле яе слоў, Лучыновіч яе не кансультаваў.

Пры гэтым Грышына не адмовіла факт перадачы грошай, але адмаўляла, што гэта быў хабар. Яна казала, што ў яе блізкія адносіны з Лучыновічам, таму яна давала яму грошы на адпачынак і лячэнне, а астатняе — як традыцыйныя сувеніры з Індыі, адкуль яна вярнулася напярэдадні. Па словах абвінавачванай, чыноўнік нават не ведаў, што ў пакеце знаходзяцца грошы.

tut.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: